Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі мядзьведзяў-акадэмікаў было больш, чым акадэмікаў-людзей


Улады Смаргоні абвясьцілі пра намер адрадзіць у 2015 годзе фэст «Смаргонскі абаранак», надаўшы яму міжнародны статус. Лічыцца, што менавіта адсюль у XVII стагодзьдзі пайшоў заваёўваць сьвет «абваранак» — усім вядомае круглае печыва зь дзіркаю пасярэдзіне. Праўда, некаторыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што адпачатку ласунак адрасаваўся ня столькі людзям, колькі жывёлам — у якасьці «сухпаю» касалапым выхаванцам так званай «Мядзьведжай акадэміі». І хоць ні шматлікія колісь пякарні, ні рэшткі школы дрэсіроўкі да нашага часу не дайшлі, пра тое, што мядзьведзь — галоўны татэм смаргонцаў, сьведчыць ягоная выява на гербе гораду: жывёліна ў нашыйніку на нагрэтых кратах імітуе танец; у лапах — шчыт з дудкамі дрэсіроўшчыкаў.

Сёлета ў гарадзкім парку Смаргоні нарэшце ўсталявалі скульптурную кампазыцыю ў гонар «вучняў і настаўнікаў» «Мядзьведжай акадэміі» — бадай, самай незвычайнай навучальнай установы за ўсю гісторыю Беларусі. Аўтар помніка — скульптар Уладзімер Церабун, сам родам са Смаргоншчыны — на матэрыялізацыю ідэі патраціў больш за дзесяцігодзьдзе.

Скульптар Уладзімер Церабун

Скульптар Уладзімер Церабун

Спачатку ў дзяржавы не знайшлося сродкаў, каб прымеркаваць адкрыцьцё помніка да 500-годзьдзя гораду ў 2003-м, не дадалося фінансаваньня і пад Дзень пісьменства ў 2009-м. Урэшце засталося задаволіцца сьціплай цырымоніяй лякальнага маштабу, дый тое ва ўсечаным варыянце: замест матэрыяльна непад’ёмнай бронзы давялося пагадзіцца на чыгун, а першапачатковая задума інтэграваць фігуры ў фантан скончылася тым, што стракатую кампанію паставілі на каменныя круглякі.

Драўляныя скульптуры ў Смаргоні

Драўляныя скульптуры ў Смаргоні

А ці варта замахнуцца на большае, чым толькі помнік? Можа, ёсьць сэнс у нейкіх праявах аднавіць унікальны промысел? Мясцовы краязнаўца, дырэктар Смаргонскай раённай дзіцячай бібліятэкі Аляксей Бумай парыруе: наўрад ці мядзьведжая навука патрэбна сёньняшняй Беларусі:

«Аднаўляць „Мядзьведжую акадэмію“ наўрад ці патрэбна. Дый мядзьведзяў у Смаргоні, відаць, ужо ніводнага не засталося, хіба зь перасоўным зьвярынцам калі прыедуць. Ну, а месцы, зьвязаныя з дрэсіроўкай мядзьведзяў, бясспрэчна, можна і, мабыць, трэба неяк абазначыць. Бо гэта ж гістарычны факт, што была ў нас такая «Мядзьведжая акадэмія» — на так званых «францускіх горках», ля старых могілак. Уладзімер Церабун зрабіў выдатны падарунак гораду — помнік дрэсіраванаму мядзьведзю зь ягонымі, скажам так, настаўнікамі. Дарэчы, дзеці вельмі любяць тут гуляць, залазяць пад лапы, становяцца ў абдымкі да мядзьведзя, фатаграфуюцца. І, вядома, было б нядрэнна пазначыць, дзе была сама „акадэмія“».

Краязнаўца Аляксей Бумай

Краязнаўца Аляксей Бумай

За прамінулыя стагодзьдзі дзейнасьць «акадэміі» абрасла мітамі і легендамі, але некаторыя зьвесткі ўсё ж захаваліся. Вядома, што на пачатку XVII стагодзьдзя ў выніку шлюбных пэрыпэтыяў Смаргонь ад першых уладальнікаў, сэрбаў Зяновічаў, пераходзіць да князёў Радзівілаў. Прадстаўнікі апошніх былі вядомыя сваімі неардынарнымі ідэямі далёка за межамі Нясьвіжа, і адным зь іхніх праектаў нібыта стала арганізацыя ў мястэчку школы дрэсіроўкі мядзьведзяў. Аднак ёсьць меркаваньне, што прыручаць драпежнікаў у Смаргоні пачалі яшчэ 400 гадоў таму, пры Зяновічах — ужо тады тут была вуліца Мядзьведзкая, якую пазьней за расейскім часам перахрысьцілі ў «Скоморошью». Сёньня, дарэчы, гэта ўжо нашмат больш гераічная вуліца Танкістаў.

«Пане каханку» Караль Станіслаў Радзівіл

«Пане каханку» Караль Станіслаў Радзівіл

Мяркуючы па ўсім, Радзівілы, і перадусім экстравагантны «Пане Каханку», пры якім мядзьведжы промысел дасягнуў свайго апагею, працэс толькі ўдасканалілі, паставіўшы яго на канвэер. І паколькі навучаньне чатырохногіх студэнтаў доўжылася столькі ж, колькі і іх двухногіх субратоў (цягам шасьці гадоў вучань замацоўваў матэрыял ды спасьцігаў больш складаныя навукі), школу жартаўліва пачалі называць «акадэміяй». Зрэшты, у пазьнейшыя часы словазлучэньне «смаргонскі акадэмік» набыло крыўднае і нават абразьлівае адценьне — так называлі гора-студэнтаў, якія ў сваім разьвіцьці недалёка адышлі ад лясных жыхароў. Настаўнікі са сваімі вучнямі былі і папулярнымі пэрсанажамі батлеек. І гэта, як кажа Аляксей Бумай, сьведчыць толькі пра тое, што вядомасьць установы сягала далёка за межы краю:

«Пра тое, што са Смаргоні вадзілі мядзьведзяў у Парыж, у Бэрлін, у Маскву, вядома яшчэ з XVIІ—XVIIІ стагодзьдзяў. Займаліся гэтым пераважна цыганы, быў нават такі „таварны знак“ — „смаргонскі вучань са сваім вучыцелем“. Давалі прадстаўленьні на базарах, на кірмашах, у корчмах. Мядзьведзі танцавалі на задніх лапах, сядзелі за сталом, стралялі з лука, імітавалі язду на драўляным коніку, бралі палку на плячо і зь ёй маршыравалі, як салдаты, умелі паказваць, як баба бялізну мые ды шмат іншых камічных сцэнак. Зрэшты, для саміх жывёлін вясёлага было мала, дрэсіравалі мядзьведзяў даволі жорсткім спосабам — на вуглях і гарачых пласьцінах. Асабліва наравістым выколвалі вочы, зацягвалі ў нос жалезныя кольцы. На смаргонскім гербе бачны распаленыя краткі, на якіх мядзьведзь танцуе. І гэта гістарычны факт: калі пасьля месяцаў „трэніровак“ вучань чуў гукі бубна, ён міжволі пачынаў перастаўляць нагамі. У яго ўжо інстынкт выпрацоўваўся».

Цыган з вучоным мядзьведзем

Цыган з вучоным мядзьведзем

У старадаўніх францускіх, нямецкіх, скандынаўскіх крыніцах можна наткнуцца на сьведчаньні: ад вясны, калі «артысты» выходзілі са сьпячкі, дзясяткі смаргонскіх «выпускнікоў» у суправаджэньні настаўнікаў пераважна зь ліку нанятых Радзівіламі цыганоў весялілі публіку на кірмашах тагачасных земляў Польшчы, Нямеччыны, Італіі, Францыі, Швэцыі. Бліжэй да зімы мядзьведжыя караваны вярталіся на радзіму, сплачвалі падаткі Радзівілам і рыхтаваліся да чарговага сэзону.

Разам з краязнаўцам Аляксеем Бумаем выпраўляемся да месца, дзе колісь стаялі «навучальныя карпусы» акадэміі — побач са старымі могілкамі і недалёка ад мясцовага шпіталя. Вуліца Танкістаў, былая Мядзьведзкая. На ўзвышшы, да якога яшчэ два стагодзьдзі таму прыклеілася назва «францускія ўзгоркі» (пра мураваны будынак, які вонкава адпавядаў усім крытэрам важнага аб’екта, пакінулі сьведчаньні напалеонаўскія вайскоўцы), цяпер стаяць прыватныя дамы. А ў XVII—ХІХ стагодзьдзях гэта была ўскраіна, адкуль пачыналіся непраходныя «джунглі» і дзе вадзілася незьлічоная жыўнасьць.

Аляксей Бумай каля «францускіх узгоркаў»

Аляксей Бумай каля «францускіх узгоркаў»

Сафары на мядзьведзя абстаўлялася надзвычай адказна, бо паходы былі досыць рызыкоўным заняткам — «кадэтаў» трэба было адваяваць у незгаворлівай мядзьведзіцы. Кожны здабытчык меў пэўную дзялянку і на чужое ня квапіўся. Вяртаньне з трафэем шчодра ўганароўвалася:

«На жаль, нічога не захавалася. Апошнія зьвесткі датаваныя 1812 годам, калі французы былі на пастоі ў Смаргоні і мясцовыя цыганы вадзілі іх на месца, дзе дрэсіравалі мядзьведзяў. Убачанае афіцэры апісвалі ў лістах дадому, у мэмуарах, а ўзгоркі пачалі звацца „францускімі“. Бачыце, адзін дом стаіць на грудку і другі таксама. Некалі тут быў круты, абрывісты спуск. Мяркуем, што менавіта гэта „францускія ўзгоркі“ і ёсьць. А ў раёне дома Дзяругі, нашага вядомага культурнага дзеяча, ажыцьцяўлялася дрэсіроўка мядзьведзяў. Старажылы, прынамсі, так сьцьвярджаюць. Само па сабе месца зручнае, тут і лес, і рэчка. Да таго ж кажуць, што і радзівілаўскі падворак адсюль быў недалёка. Але хто цяпер толкам скажа? Відавочцаў няма, людзі максымум 100 гадоў жывуць. Справа яшчэ ў тым, што ў 1924 годзе, калі палякі будавалі масток праз Оксну, яны той грудок зрэзалі. Фактычна ўсё зраўнялі. Зямлю вывозілі мэтраў за 500, высыпалі ў яр».

Забавы «акадэмікаў»

Забавы «акадэмікаў»

Цікаўлюся ў спадара Бумая, ці ладзілася мядзьведжае шоў у самой Смаргоні, або тутэйшыя артысты рыхтаваліся выключна для замежных гастроляў?

«Былі, вядома, паказы, асабліва калі з „інспэкцыяй“ прыяжджалі самі Радзівілы. Зрэшты, здаралася гэта ня так часта, бо смаргонскі маёнтак быў для іх, скажам так, другасны, выконваў збольшага тэхнічную, транзытную ролю па дарозе ў эўрапейскія сталіцы. Але паколькі школа дрэсіроўкі мядзьведзяў была менавіта тут, то першая абкатка праходзіла якраз у „акадэміі“. Дарэчы, самыя лепшыя „вучні“ ішлі не на кірмашы людзей забаўляць, а накіроўваліся ў рэзыдэнцыю Радзівілаў у Нясьвіжы. Магчыма, менавіта смаргонскія мядзьведзі былі ўпрэжаныя ў тыя легендарныя сані, на якіх „Пане Каханку“ ня раз шакаваў паважаную публіку».

Герб Смаргоні

Герб Смаргоні

Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай і ўваходжаньня Смаргоні ў склад Расейскай імпэрыі «мядзьведжая акадэмія» праіснавала нядоўга. У выніку паўстаньня 1831 году тутэйшыя землі былі канфіскаваныя расейцамі, але промысел па інэрцыі яшчэ працягваўся — ліквідоўваць працэс не было законнай падставы.

Канчаткова мядзьведжая падрыхтоўка для пацехі публікі была забаронена царскім указам ад 30 сьнежня 1866 году. І хоць на згортваньне бізнэсу фармальна давалася 5 гадоў, наступ ішоў са звыклай акупантам непрымірымасьцю: да 1871 году было вынішчана некалькі сотняў вучоных зьвяроў. Прычым у карнай апэрацыі бралі ўдзел ня толькі паліцыя і жандармэрыя, а нават войскі. Тым ня меней, з улікам попыту на смаргонскіх мядзьведзяў за мяжой, дрэсіроўка вялася падпольна, і эпізадычна «акадэмікі» ўсплывалі ў людных месцах да канца XIX стагодзьдзя, а то і да пачатку наступнага, ХХ-га.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG