Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра адсутнасьць Пуціна на вучэньнях: «Калі снарад у адно месца — дваіх адразу ня стане»


Аляксандар Лукашэнка на вучэньнях «Захад-2017» 20 верасьня
Аляксандар Лукашэнка на вучэньнях «Захад-2017» 20 верасьня

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён загадзя дамовіўся з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным пра асобнае назіраньне за беларуска-расійскімі вучэньнямі «Захад-2017».

Такім чынам ён патлумачыў, чаму сёлета яны назіралі за манэўрамі паасобку.

«Мы дамовіліся, што паколькі ўсё ж асноўная фаза насамрэч тут, але вельмі буйныя вучэньні праходзілі якраз у Ленінградзкай вобласьці, то прэзыдэнт Расеі пракантралюе і будзе назіраць за вучэньнямі на поўначы, а я ўжо ў цэнтры», — цытуе БелТА кіраўніка Беларусі, які 20 верасьня назірае за завяршэньнем вучэньняў.

Лукашэнка сказаў, што «мы раней плянавалі разам прысутнічаць на вучэньні, але па ходзе вызначыліся, што нам усё ж такі трэба больш шырока ахапіць гэтае вучэньне, каб людзі бачылі прэзыдэнтаў — дзе яны працуюць, як».

«Я нашым вайскоўцам і расейцам удзячны, што яны мне асноўную фазу прапанавалі для кантролю і даручылі менавіта цэнтральны кірунак», — сказаў Лукашэнка.

«Калі снарад у адно месца — дваіх адразу ня стане», — прыводзіць TUT.BY жарт Лукашэнкі.

Учора паведамлялася, што Лукашэнка наведае палігон «Барысаўскі» разам з расейскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу. Аднак сёньня прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў паведаміў Свабодзе, што Шайгу ў Беларусь не прыехаў.

Лукашэнка назірае за вучэньнямі на палігоне пад Барысавам
Лукашэнка назірае за вучэньнямі на палігоне пад Барысавам

Ці вывядуць зь Беларусі расейскія войскі пасьля вучэньняў?

Пракамэнтаваў кіраўнік Беларусі і асьцярогі, што ня ўсе расейскія войскі могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі пасьля вучэньняў. Аляксандар Лукашэнка сказаў:

«Я з задавальненьнем пракамэнтую гэта празь некаторы час, калі ўсе войскі, якія былі прыцягнутыя на вучэньні, будуць у месцах сталай дысьлякацыі, у тым ліку і расейскія».

Паводле кіраўніка дзяржавы, пры колькасьці беларускага войска ў 75 тысяч прысутнасьць некалькіх тысяч расейскіх войскаў у Беларусі нічога б не зьмяніла.

«Калі нам трэба вырашаць нейкія праблемы, мы іх будзем вырашаць, і ў выпадку нейкага сутыкненьня на заходнім напрамку інтарэсы Расеі і Беларусі перш за ўсё пачынае абараняць і ўступае ў вайну беларускае войска. І празь некаторы час па задуме і нашых ваенных плянах сюды імгненна падключаюцца часткі ўзброеных сілаў Расеі».

Нападаць мы ні на кога не зьбіраемся. Але калі нам, па-руску кажучы, «дадут по морде», мы адкажам»

Паводле Лукашэнкі, спроба дыскрэдытацыі была вельмі непрафэсійнай.

«Але давайце пачакаем, што яны будуць казаць пасьля таго, як усе ўзброеныя сілы — і Расеі, і нашы — апынуцца ў месцах свайго пастаяннага знаходжаньня. Гэта нават камэнтаваць няёмка. І гэта ўжо зразумелі тыя, хто гэтым займаўся. Нападаць мы ні на кога не зьбіраемся. Але калі нам, па-руску кажучы, «дадут по морде», мы адкажам», —​ сказаў Лукашэнка.

Адказваючы на пытаньне нямецкага тэлебачаньня, ён запэўніў, што праз тыдзень пытаньне прысутнасьці расейскіх войскаў адпадзе само па сабе.

«Па-мойму, гэтыя гарантыі ўжо дадзены шмат разоў яшчэ да гэтых вучэньняў. Трэба супакоіцца вашым сябрам. Перадайце ім, хай жывуць спакойна, мы ня будзем ваяваць супраць каго б там ні было, калі нас ніхто не будзе чапаць. Гэта самая вялікая гарантыя».

Лукашэнка дадаў, што хоча, каб беларускі народ разумеў, што ў выпадку чаго ў дзяржаве ёсьць чым абараніць сваіх людзей і семʼі.

«Я хачу звычайнай чалавечай бясьпекі, да якой імкнуцца ўсе дзяржавы. Ніякай атакі вы ад нас не чакайце — ні ў Нямеччыне, ні ў Польшчы, ні ў краінах Балтыі, а тым больш у роднай Украіне».

Верталёт Лукашэнкі над палігонам пад Барысавам
Верталёт Лукашэнкі над палігонам пад Барысавам

Усё пра вайсковыя вучэньні «Захад-2017»

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні, каб распачаць анэксію Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусі адзначыла «абарончы» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG