Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім мікрараёне Ўсход-2 плянуюць забудаваць зялёную зону і паставіць помнік Каліноўскаму


Схема забудовы, прапанаваная ў пляне
Схема забудовы, прапанаваная ў пляне

А 18-й гадзіне вечара ў менскім Палацы барацьбы імя А.Мядзьведзя на вуліцы Каліноўскага, 55б, пройдзе прэзэнтацыя праекту забудовы раёну ўздоўж вуліцы Каліноўскага ад Лагойскага тракту да вуліцы Славінскага. Грамадзкае абмеркаваньне праекту трывае з 1 па 25 ліпеня.

На месцы лініі электраперадач прапануецца збудаваць вышынныя жылыя комплексы, крамы, паркінгі, амбуляторыю і аптэку, а таксама паставіць помнік Кастусю Каліноўскаму (для апошняга трэба ўхваленьне асабіста Аляксандра Лукашэнкі).

Шэраг жыхароў раёну не задаволеныя такім плянам. Пэтыцыя супраць «ушчыльненьня» сабрала на момант публікацыі больш за 500 чалавек. У пэтыцыі называюць Усход-2 «адным з найбольш якасна спраектаваных», а распрацоўшчыка пляну будаўніцтва, дзяржаўнае УП «Менскграда», абвінавачваюць ва «ўшчыльненьні за кошт зялёных зонаў пад выглядам рэканструкцыі».

Каардынатар кампаніі «Генплян для менчукоў», актывіст Дзяніс Кобрусеў тлумачыць Свабодзе:

Дзяніс Кобрусеў, архіўнае фота
Дзяніс Кобрусеў, архіўнае фота

​«Па-першае, некалькі гадоў таму падобны праект дэталёвай забудовы ўжо разглядаўся, комплекс зваўся „Бабіна лета“: зьбіраліся схаваць ЛЭП і збудаваць там багата шматпавярховых дамоў. Тады гэты плян дэталёвай забудовы быў накіраваны на дапрацоўку.

У гэтым ёсьць посьпех у тым ліку нашай кампаніі і мясцовых жыхароў, таму і гэтым разам таксама рэальна праз грамадзкае абмеркаваньне дасягнуць нейкіх вынікаў. Тым больш ужо відаць прынамсі па электроннай пэтыцыі, што жыхары даволі актыўныя і будуць рабіць рэчы, якія прывядуць да посьпеху.

Што тычыцца самой забудовы, я думаю, што ў людзей выклікае незадаволенасьць, што іхныя зялёныя насаджэньні, хай і санітарныя і ў зоне ЛЭП, спрабуюць банальна ўшчыльніць шматпавярховай забудовай. Такое выклікае нэгатыў па ўсім Менску, а тым больш у Зялёным Лузе (вуліца Каліноўскага на мяжы раёнаў Усход і Зялёны Луг. — РС), які славіцца менавіта тым, што вельмі зялёны».

Недалёка ад месца, якое плянуецца «ўшчыльніць», ёсьць таксама Полацкі парк (вядомы ў народзе як проста «Зялёны Луг»), зялёная зона ля азярца Сьляпянскай воднай сыстэмы і немалы Сэвастопальскі парк. Мо сапраўды зялёная зона ўздоўж ЛЭП лішняя?

«Я хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што генэральны плян Менску 2015 году, напрыклад, кажа, што на аднаго жыхара мусіць быць 21 м² зеляніны, але гэтая норма ў Менску не дасягаецца, — адзначае Кобрусеў. — Менавіта дзеля гэтага ўключылі ў межы гораду вялікі абсяг лесу каля Менскага мора, каб паказьнік азеляненьня крыху палепшыць.

Але пры гэтым мы назіраем, што з кожным дэталёвым плянам і паказьнік азялененасьці скарачаецца. Узьнікае пытаньне: якім жа чынам выходзіць на той самы 21 м², калі з кожным плянам яго ўсё зьмяншаем і зьмяншаем? Гэта ўсё рызыкоўна і можа прывесьці да таго, што людзям ня будзе хапаць зеляніны, што ёсьць сёньня».

Пэтыцыя наконт раёну Ўсход-2 — не адзіная, якая цяпер зьбірае подпісы супраць «ушчыльненьня» ў Менску. Пэтыцыя супраць зносу Асмалоўкі сабрала больш за 6500 подпісаў. Але Трактарны пасёлак пачалі зносіць нават да грамадзкага абмеркаваньня, нягледзячы на пэтыцыю з амаль тысячай подпісаў. Сьпіс падобных пэтыцыяў нядаўна прыводзіў блогер Антон Матолька:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG