Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму «Савушкін прадукт» прынцыпова ігнаруе правы беларускамоўных спажыўцоў?


У папярэдніх допісах ужо ішла размова аб вытворцах, што паважаюць правы беларускамоўных спажыўцоў, а таксама тых, якія адмаўляюць спажыўцам у праве на беларускую мову ў сфэры гандлю й паслуг.

Але «Савушкін прадукт» бадай мае самую прынцыповую пазыцыю ў пытаньні адмовы беларускамоўным спажыўцам у іх праве атрымоўваць інфармацыю аб тавары па-беларуску. На «Савушкін прадукт» нават спасылалася Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня абгрунтоўваючы сваю пазыцыю супраць зьменаў у законе «Аб абароне правоў спажыўцоў», паводле якіх прапаноўвалася, каб інфармацыя аб таварах і паслугах даводзілася адначасова на дзьвюх дзяржаўных мовах, як тое і прадугледжвае Канстытуцыя.

Вось што пісаў ужо былы намесьнік міністра Э.Б. Матуліс:

«Па інфармацыі ААТ „Савушкін прадукт“ прадпрыемству давядзецца ўкладаць дадатковыя матэрыяльныя сродкі для прыцягненьня ліцэнзаванага перакладчыка з расейскае мовы на беларускую мову, распрацоўваць складаны дызайн этыкеткі на дзьвюх мовах і спрабаваць разьмясьціць усю прадугледжаную заканадаўствам інфармацыю на маленькай упакоўцы прадукту, паколькі вялікая частка малочнай прадукцыі, што вырабляецца ААТ „Савушкін прадукт“, расфасоўваецца ва ўпакоўку малой масы (ёгурты, пасты тварожныя, сыры плаўленыя і г. д.). Сабекошт маркіраванай на дзьвюх мовах прадукцыі відавочна ўзрасьце (выдаткі на пераклад, дызайн і вытворчасьць новай упакоўкі), але гэты рост будзе абсалютна немэтазгодны, бо гэтая прадукцыя зьяўляецца скорапсавальнай і рэалізоўваецца ў кароткія тэрміны. Рынак Беларусі складае 45% ад усёй вырабленай ААТ „Савушкін прадукт“ прадукцыі, астатняя прадукцыя пастаўляецца на экспарт».

Пасьля словаў аб тым, што «давядзецца ўкладваць дадатковыя матэрыяльныя сродкі для прыцягненьня ліцэнзаванага перакладчыка з расейскае мовы на беларускую», беларусы, каб паказаць ганебнасьць і крывадушнасьць такой пазыцыі «Савушкіна прадукту» запусьцілі для яго збор сродкаў, каб «разам, агулам, усёй беларускай талакой сабраць грошы, каб берасьцейскі „Савушкін прадукт“ мог радаваць беларусаў ня толькі якасным малаком, але й прыгожай упакоўкай гэтага малака, аформленай на роднай для многіх беларусаў беларускай мове. Так мы дапаможам і сабе, бо нашыя дзеці, наліваючы шкляначку малака, будуць бачыць родную мову і не забывацца на яе».

Сродкі былі сабраныя за рэкордна кароткі час, а дызайнэр рэклямнага агенцтва Vondel/Hepta Павел Карповіч яшчэ і прапанаваў валянтэрскую дапамогу ў распрацоўцы новых дзьвюхмоўных цэтлікаў для «Савушкіна прадукту»: «Гатовы цалкам бясплатна падправіць парачку цэтлікаў! Прычым адначасова і перакласьці на самую складаную ў сьвеце беларускую мову — і тэксцік у макеце перабіць, і ў друк падрыхтаваць. Таксама заклікаю сяброў сваіх, дызайнэраў-перакладчыкаў, падумаць пра людзей простых і падтрымаць мой прыклад — таксама ўзяць да адаптацыі цэтлік-другі! Бо прадукцыі ў кампаніі шмат, з усім я ня дам рады — мне ўсё ж і на яхце катацца калісьці, але трэба — а дапамагчы гаротнікам з „Савушкіна“ хочацца».

Намесьніца генэральнага дырэктара па сувязях з грамадзкасьцю ААТ «Савушкін прадукт» Алена Бабкіна на маю прапанову паклапаціцца і пра правы беларускамоўных спажыўцоў адказала зусім цьмяна і не па сутнасьці звароту, паведаміўшы, што «„Савушкін“ прадукт» 40 гадоў ажыцьцяўляе дзейнасьць на рынку Беларусі. Прадпрыемства зьяўляецца адказным вытворцам і падаткаплатнікам, працуе ў строгай адпаведнасьці з заканадаўствам нашай дзяржавы».

Праўда крыху раней Алена Бабкіна больш дэталёва раскрыла пазыцыю «Савушкіна прадукта» па пытаньні ўжываньня беларускае мовы: «Размова пра беларускую мову на ўпакоўцы ўзьнікла для нашага прадпрыемства ўпершыню. Улічваючы тое, што кампанія працуе на шырокую грамадзкасьць, трэба разумець — асноўная маса беларусаў размаўляе, чытае й піша не на беларускай мове, а на расейскай мове. Таму й надпісы на ўпакоўцы — на расейскай мове: каб пакупнік мог прачытаць і правільна зразумець, што за прадукт ён купляе і што ўваходзіць у яго склад».

Такім чынам «Савушкін прадукт» словамі намесьніцы генэральнага дырэктара паведамляе нам аб тым, што ён арыентуецца ў сваёй дзейнасьці толькі на расейскамоўных спажыўцоў, а таксама клапоціцца аб тым, каб толькі расейскамоўны спажывец «мог прачытаць і правільна зразумець, што за прадукт ён купляе і што ўваходзіць у яго склад». Відавочна, што прадпрыемства абрала за сваю філязофію тое, што паўнавартаснымі кліентамі для яго зьяўляюцца расейскамоўныя, а беларускамоўныя — толькі людзьмі другога гатунку, чые моўныя й спажывецкія правы забясьпечваць непатрэбна.

Да таго ж зьяўляецца дзіўнай згадка пра тое, што расейскамоўны спажывец ня зможа прачытаць і зразумець беларускамоўны тэкст, што ўваходзіць у адну групу славянскіх моваў разам з расейскай мовай, а таксама ўлічваючы тое, што практычна ўсе грамадзяне Беларусі вучыліся ў школах, дзе хоць бы мінімальна, але на працягу ўсяго навучаньня выкладалася беларуская мова — за каго лічаць у «Савушкіным прадукце» сваіх расейскамоўных спажыўцоў?

Далей Алена Бабкіна працягвае: «Расейская й беларуская мова ў нашай дзяржаве роўныя, і ніколі не было патрабаваньняў, што ўпакоўка павінна быць на беларускай мове. Улічваючы тое, што прадукцыя прадпрыемства пастаўляецца ў розныя краіны, у тым ліку ў Расею і краіны постсавецкае прасторы, мы выкарыстоўвалі мову, якая будзе даступная і беларусам, і расейцам, будзе лёгкай для ўспрыманьня і разуменьня».

Тут Алена Бабкіна сапраўды мае рацыю — ніхто ніколі ня ставіў перад «Савушкіным прадуктам» патрабаваньне, каб інфармацыя аб тавары была толькі па-беларуску. Прапаноўвалася, каб інфармацыя даводзілася на дзьвюх дзяржаўных мовах — на беларускай і расейскай мовах, каб інфармацыя была даступная «і беларусам, і расейцам, каб яна была лёгкай для ўспрыманьня і разуменьня».

«Савушкін прадукт» сьвядома падмяняе паняцьці, кажучы аб тым, што ад яго патрабуюць перарабіць расейскамоўныя цэтлікі на беларускамоўныя. Але насамрэч прапанова іншая — зрабіць цэтлікі на дзьвюх дзяржаўных мовах, каб усе беларусы былі ў роўных умовах, нягледзячы на тое, якой мовай яны карыстаюцца. Але прадпрыемства ўпарта адмаўляе беларускамоўным беларусам у рэалізацыі іх моўных, а разам з тым і спажывецкіх правоў.

Недарэчным выглядае і выказваньне Алены Бабкінай аб тым, што «правільна будзе правесьці апытаньне беларусаў, на якой мове яны б хацелі чытаць надпісы на ўпакоўках. І мы плянуем яго правесьці. Я сама беларуска, я тут нарадзілася, вырасла ў вёсцы, умею размаўляць, пісаць, чытаць на беларускай мове, але ў паўсядзённым жыцьці я выкарыстоўваю расейскую мову, таму што большасьць людзей размаўляе па-расейску».

Здаецца, «апытаньне беларусаў» у Беларусі было праведзена яшчэ ў 1995 і 1996 гадах на рэспубліканскіх рэфэрэндумах, дзе беларусы выказаліся за тое, што беларуская й расейская мовы маюць роўныя правы і абедзьве ёсьць дзяржаўнымі. Таму ня трэба загаворваць праблему, прапаноўваць бессэнсоўныя варыянты яе абмеркаваньня, а варта проста забясьпечыць права спажыўцоў атрымоўваць інфармацыю аб тавары па-беларуску й па-расейску адначасова.

Але «Савушкін прадукт» ня толькі адмаўляецца паважаць правы беларускамоўных спажыўцоў, але й адмаўляецца прымаць сродкі, сабраныя грамадзянамі Беларусі для мадэрнізацыі існуючых расейскамоўных цэтлікаў з мэтай дадаць на іх яшчэ й беларускую мову. Вось, што заўважыла на гэты конт Алена Бабкіна: «Нам гэтыя грошы не патрэбныя. На самой справе фінансавыя выдаткі пры пераходзе на новы від упакоўкі сапраўды маюць месца быць, але ўсё ж асноўнае — гэта зручнасьць для чытаньня й ўспрыманьня інфармацыі, нанесенай на ўпакоўцы, нашымі спажыўцамі».

Зноў «Савушкін прадукт» адмаўляе беларускамоўным спажыўцам у іх праве на беларускую мову.

Разам з тым, літаральна сёлета ў траўні «Савушкін прадукт» правёў поўны рэбрэндынг цэтлікаў усёй сваёй прадукцыі. Нічога не перашкодзіла яму «распрацаваць складаны дызайн этыкеткі на дзьвюх мовах і разьмясьціць усю прадугледжаную заканадаўствам інфармацыю на маленькай упакоўцы прадукту». Толькі для беларускае мовы месца на цэтліках прадпрыемства зноў не знайшлося. Але знайшлося месца для мовы казаскай, якую, відаць, і мела на ўвазе Алена Бабкіна, калі казала, што «мы выкарыстоўвалі мову, якая будзе даступна і беларусам, і расейцам, будзе лёгкай для ўспрыманьня й разуменьня».

Калі з прыхільнасьцю да расейскае мовы усё больш-менш зразумела з папярэдніх камэнтароў прадстаўнікоў прадпрыемства, то ўзьнікае пытаньне, адкуль такая любоў у «Савушкіна прадукту» да казаскае мовы? На гэты конт добра выказаўся галоўны рэдактар «Эканамічнай газэты» Леанід Фрыдкін: «Паводле казаскага заканадаўства на таварах, што рэалізуюцца ў Казахстане, абавязкова павінна быць інфармацыя на казаскай мове. Таму што ў казахаў тэнге тэнгой, а матчына мова — барлық жоғарыда аталғанм. У сэнсе uber alles. Нашым (вытворцам — І.С.) гэта ня дужа дорага атрымалася? Засвоілі туған тіл, патриоттары жалған?»

Як бачым, знайшліся «дадатковыя матэрыяльныя сродкі для прыцягненьня ліцэнзаванага перакладчыка» з расейскае мовы на казаскую. Дарэчы, калі «Савушкін прадукт» казаў аб тым, што «сабекошт маркіраванай на дзьвюх мовах прадукцыі відавочна ўзрасьце», ён меў на ўвазе толькі беларускую мову, ці казаскую таксама? Я параўнаў кошты старой расейскамоўнай і новай расейска-казаскамоўнай прадукцыі — яна засталася нязьменнай.

Зрэшты, калі паглядзець на новы дызайн цэтлікаў «Савушкіна прадукту», то голым вокам бачна, што месца на іх хапіла б ня толькі для дзяржаўнае беларускае мовы, але і для моваў усіх суседзяў Беларусі, а ня толькі расейскае й казаскае.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ігнараваньне «Савушкіным прадуктам» правоў беларускамоўных спажыўцоў — гэта яго прынцыповая пазыцыя. І аб гэтым трэба заўжды памятаць, тым больш што ёсьць вытворцы малочнай прадукцыі, што ставяцца да беларускамоўных спажыўцоў з павагай.

Як прыклад можна прывесьці Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат, генэральны дырэктар якога В. Б. Дулінскі паведаміў, што «нанясеньне інфармацыі для спажыўца таксама і на беларускай мове лічым мэтазгодным. Мы падтрымліваем вашу прапанову аб унясеньні зьмяненьняў у дзеючы закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». (фота 4)

Свае словы брэнд «Глыбокае» падмацоўвае справамі — прадукцыю ён выпускае цалкам у беларускамоўным аздабленьні.

Беларускамоўнае аздабленьне мае і малочная прадукцыя СТАА «Данон Пружаны», што вырабляецца на замову ТАА «Эўрагандаль».

Нягледзячы на тое, што аздабленьне пакунку беларускамоўнае, асноўная інфармацыя аб тавары дублюецца па-беларуску й па-расейску, каб кожны грамадзянін Беларусі меў мажлівасьць атрымаць інфармацыю на сваёй мове.

Калі іншыя вытворцы малочнай прадукцыі могуць выкарыстоўваць беларускую мову й паважаюць правы беларускамоўных спажыўцоў, то што ж перашкаджае гэта рабіць «Савушкіну прадукту»?

Будзем спадзявацца, што прадпрыемства ў хуткім часе ўсё ж зьменіць сваю моўную палітыку і пачне арыентавацца ня толькі на расейскамоўных спажыўцоў, але й на беларускамоўных, як тое і прадугледжвае Канстытуцыя Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG