Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч аплаціць камунальныя даўгі жанчыны-інваліда з Гомля


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч аплаціць даўгі па камунальных плацяжах інваліда з Гомля Натальлі Васіленкі, якой пагражаюць высяленьнем на вуліцу.

Пра гэта паведаміў БелаПАН грамадзкі актывіст Уладзімер Кацора.

«Я два гады ўжо спрабую арганізаваць сустрэчу нобэлеўскага ляўрэата з гамяльчанамі і таму знаходжуся ў кантакце са Сьвятланай Алексіевіч, — кажа Кацора. — Яна даведалася са СМІ аб праблемах Натальлі Васіленкі і гатовая ёй дапамагчы, толькі прасіла ўдакладніць дэталі — суму запазычанасьці, нумар рахунку і гэтак далей. Цяпер пісьменьніца ў адʼезьдзе, але да канца месяца вернецца ў Беларусь».

11 траўня суд Савецкага раёну Гомля пачаў разглядаць пазоў камунальнага жыльлёвага рамонтна-эксплюатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства «Савецкае» да 41-гадовай Натальлі Васіленкі. З прычыны запазычанасьці па камунальных плацяжах жанчыну хочуць выселіць з арэнднага пакоя плошчай 17 квадратных мэтраў без прадстаўленьня іншага жыльля — фактычна на вуліцу.

На сённяшні дзень жанчына атрымлівае пэнсію, зь якой 40% ідзе на пагашэньне крэдыту — яго яна брала на спажывецкія патрэбы, калі яшчэ працавала. У выніку на рукі Васіленка цяпер атрымлівае ўсяго 75 рублёў (прыкладна 41 даляр).

Прапанову дапамогі ад Алексіевіч яна ўспрымае «як казку, нешта незямное, нерэальнае». «Тым больш яна мая любімая пісьменьніца, бо піша вельмі рэалістычна і праўдзіва. У мяне захоўваецца яе кніга „Ў вайны не жаночае аблічча“ 1985 году выданьня — гэта мая любімая кніга. Няма слоў, каб выказаць маю ўдзячнасьць», — сказала Васіленка.

Раней Сьвятлана Алексіевіч дапамагла ў будаўніцтве кватэры шматдзетнай сямʼі Равенкаў са Слоніма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG