Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завод МАЗ заключыў кантракт на пастаўку 157 сваіх грузавікоў-самазвалаў сырыйскім уладам пад патрэбы Міністэрства грамадзкіх прац і жыльлёвага будаўніцтва, перадае БЕЛТА.

Кантракт быў падпісаны ў час візыту ў Сырыю беларускай дэлегацыі з удзелам прадстаўнікоў «найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў» на чале зь міністрам прамысловасьці Віталём Воўкам. 11 красавіка ў час візыту адбылася сустрэча з прэмʼер-міністрам ураду Імадам Хамісам і шэрагам міністраў.

Таксама дамовіліся ствараць фабрыкі па зьбіраньні беларускіх машын і вырабаў, абмеркавалі пастаўкі мэдыкамэнтаў для лекаваньня хранічных захворваньняў, стварэньне супольных прамысловых праектаў.

Міністар прамысловасьці Беларусі Віталь Воўк выказаў гатоўнасьць рэалізоўваць праекты ў Сырыі, дадаўшы, што абодва бакі дамовіліся аб правядзеньні супольных пасяджэньняў камітэту кожныя шэсьць месяцаў. Ён выказаў гатоўнасьць прадставіць новыя прапановы па пастаўках у Сырыю трактароў і камбайнаў.

Тым часам беларускія самазвалы выкарыстоўвае трэці бок канфлікту ў Сырыі — тэрарысты «Ісламскай дзяржавы». Яшчэ ў 2015 годзе ў баявых дзеяньнях быў заўважаны мадыфікаваны карʼерны самазвал, падобны да машыны БелАЗу. Самазвал быў ператвораны ў машыну для атакі сьмяротнікаў з выбухоўкай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG