Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атака «Тамагаўкамі» на базу Асада. Першыя вынікі і рэакцыі


Запуск ракетаў ЗША па базе Асада ў Сырыі

Рана ў пятніцу Злучаныя Штаты нанесьлі ўдар крылатымі ракетамі «Тамагаўк» па вайскова-паветранай базе Шайрат у правінцыі Хомс, якая выкарыстоўваецца сырыйскай арміяй. У выніку пападаньняў 59 ракет база атрымала значныя пашкоджаньні, тэлебачаньне Сырыі паведамляе пра загінулых і параненых. Міністэрства замежных спраў Расеі абяцае ў найбліжэйшы час выступіць са спэцыяльнай заявай.

У выніку ўдару ЗША па базе ВПС Сырыі загінулі 5 чалавек

«У інтарэсах нацыянальнай бясьпекі ЗША», — Трамп растлумачыў прычыны ракетнай атакі на Асада

Пуцін «лічыць амэрыканскія ўдары па Сырыі агрэсіяй супраць сувэрэннай дзяржавы на надуманай падставе»

МЗС Беларусі «выпрацоўвае пазыцыю» па ракетным удары ЗША на Сырыю

У амбасадзе Сырыі ў Менску не камэнтуюць авіяўдараў ЗША

Расея прыпыніла дамову з ЗША аб прадухіленьні інцыдэнтаў і бясьпецы палётаў у Сырыі

«Апроч інфармацыйнага залпу, нічога расейцы ня зробяць», — Паротнікаў пра ракетны ўдар ЗША па авіябазе ў Сырыі

Удар быў нанесены на загад прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў адказ на прымяненьне сырыйскай авіяцыяй хімічнай зброі супраць мірных жыхароў у правінцыі Ідліб, у выніку якога загінулі дзясяткі людзей. Пэнтагон апублікаваў відэа ракетнага ўдару.

Ракетны эсьмінец «Портэр». Адзін з двух караблёў, зь якіх былі нанесеныя ракетныя ўдары па сырыйскай вайскова-паветранай базе

Ракетны эсьмінец «Портэр». Адзін з двух караблёў, зь якіх былі нанесеныя ракетныя ўдары па сырыйскай вайскова-паветранай базе

Згодна з заявай Пэнтагону, 59 крылатых ракет былі выпушчаныя з борта амэрыканскіх эсьмінцаў, якія знаходзяцца ў Міжземным моры. Іх мэтай былі баявыя самалёты, умацаваныя сховішчы для самалётаў, склады паліва, бункеры з боепрыпасамі, сыстэмы супрацьракетнай абароны і радары. Былі прынятыя ўсе намаганьні, каб прадухіліць страты сярод цывільнага насельніцтва і паменшыць рызыку для абслуговага пэрсаналу авіябазы ў адпаведнасьці з Законам аб вядзеньні ўзброеных канфліктаў.

Сырыйскія вайскоўцы перад ракетным ударам ЗША змаглі эвакуяваць пэрсанал і абсталяваньне, паведамляе тэлеканал АВС News са спасылкай на відавочцу. Паводле яго, гэтыя дзеяньні сырыйскіх вайскоўцаў сьведчаць пра тое, што яны прадбачылі апэрацыю ЗША. Таксама паводле інфармацыі тэлеканалу, уся апэрацыя ЗША доўжылася каля 35 хвілін. У выніку ракетнага ўдару сур’ёзна пашкоджаныя дзьве асноўныя ўзьлётна-пасадачныя паласы авіябазы, таксама сур’ёзныя пашкоджаньні атрымалі і будынкі на яе тэрыторыі. На сьцьвярджэньне відавочцы, ахвяраў сярод мірнага насельніцтва пры ўдары ўдалося пазьбегнуць.

Прэзыдэнт Трамп заявіў, што гэты ўдар стаў адказам на «варварскую» хімічную атаку сырыйскай арміі. Мэта паветранага ўдару, паводле прэзыдэнта, — прадухіліць выкарыстаньне і распаўсюджваньне зброі масавага паражэньня. «У інтарэсах нацыянальнай бясьпекі ЗША — прадухіленьне выкарыстаньня сьмяротнай хімічнай зброі. Не існуе ніякіх рознагалосьсяў наконт выкарыстаньня Сырыяй забароненай хімічнай зброі», — падкрэсьліў прэзыдэнт Трамп.

4 красавіка больш як 70 чалавек загінулі ад атручваньня газам у раёне гораду Хан-Шайхун, які ўтрымліваецца сырыйскай апазыцыяй. ЗША ды іншыя заходнія краіны, а таксама міжнародныя экспэрты абвінавацілі ў хімічнай атацы рэжым Башара Асада.

Дамаск сьцьвярджае, што ўрадавае войска не ўжывала хімічнай зброі, настойваючы на тым, што ў выніку авіяналёту былі зьнішчаныя запасы хімічных боепрыпасаў, якія належалі апазыцыі, і гэта стала прычынай гібелі дзясяткаў цывільных асобаў. Гэтай жа вэрсіі прытрымліваюцца і ў Маскве.

Гэта першая амэрыканская атака на пазыцыі сырыйскай арміі за ўсе шэсьць гадоў вайны ў Сырыі. За дзень да гэтага прэзыдэнт Трамп заявіў, што прымяненьне сырыйскай арміяй хімічнай зброі ў правінцыі Ідліб прымусіла яго зьмяніць погляды на рэжым Башара Асада.

Сырыйскае дзяржаўнае тэлебачаньне назвала актам агрэсіі нанесены ЗША ракетны ўдар па авіябазе ў правінцыі Хомс, паведамляе агенцтва Associated Press. А губэрнатар Талял Баразі заявіў журналістам, што нанесены ЗША ракетны ўдар па авіябазе на руку тэрарыстам у Сырыі. Ён адзначыў, што гэты ўдар «служыць мэтам узброеных тэрарыстычных груповак». Службовец таксама сказаў, што авіябаза выкарыстоўвалася для барацьбы з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава». Паводле яго, сур’ёзных чалавечых ахвяраў няма, але базе нанесены матэрыяльны ўрон.

Мужчына нясе цела дзіцяці, якое загінула ў выніку хімічнай атакі

Мужчына нясе цела дзіцяці, якое загінула ў выніку хімічнай атакі

У Нацыянальнай кааліцыі сырыйскай апазыцыі «віталі» ўдар ЗША па авіябазе Шайрат у правінцыі Хомс. Яе прадстаўнікі таксама заявілі, што кааліцыя спадзяецца на працяг удараў ЗША для таго, каб «спыніць прымяненьне забароненай зброі з боку ўладаў Сырыі». Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Удар па вайскова-паветранай базе сырыйскай арміі рэзка пашырае маштабы ваеннай апэрацыі ЗША ў Сырыі. Да гэтага часу дзеяньні ЗША ў гэтай краіне абмяжоўваліся нанясеньнем паветраных удараў па пазыцыях тэрарыстычнай групоўкі ІД. Паводле амэрыканскай прэсы, рашэньне аб паветранай атацы было прынята пасьля інтэнсіўных двухдзённых дыскусіяў вышэйшага амэрыканскага кіраўніцтва. Пэнтагон некалькі гадоў таму распрацаваў плян паветраных нападаў, але адміністрацыя Барака Абамы палічыла за лепшае не ўступаць у прамы канфлікт з сырыйскай арміяй, абмежаваўшыся папярэджаньнямі аб магчымасьці такіх нападаў у выпадку ўжываньня хімічнай зброі сіламі, вернымі сырыйскаму ўраду.

CNN паведамляе, што на сырыйскай вайскова-паветранай базе працавалі расейскія вайскоўцы. Крэмль быў папярэджаны пра атаку загадзя.

Цалкам матэрыял чытайце на сайце расейскай службы Свабоды.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG