Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 практычных парадаў, як абараніць беларускую мову ад зьняваг і абраз


Помнік літары Ў у Полацку

У сёньняшні час, на жаль, сустракаецца яшчэ даволі шмат выпадкаў, калі беларускую мову некаторыя асобы называюць або мёртвым трупам, які трэба хутчэй закапаць, або недарэчным асарці з расейскай і польскай мовы, або іншымі абразьлівымі словамі.

Каб спыніць гэткі бруд на адрас беларускай мовы, яшчэ ў 1999 годзе з прапановы Рыгора Васілевіча, што ў тым часе быў старшынём Канстытуцыйнага Суду, у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях быў уведзены артыкул «Парушэньне заканадаўства аб мовах». На сёньняшні дзень гэты арт. 9.22 КаАП гучыць наступным чынам:

Публічная зьнявага, ганьбаваньне дзяржаўных і іншых нацыянальных моваў, стварэньне перашкод і абмежаваньняў у карыстаньні імі, пропаведзь варожасьці на моўнай глебе — цягнуць накладаньне штрафу памерам ад чатырох да дзесяці базавых велічынь.

Разам з тым цікавым і недарэчным выглядае той факт, што 17 гадоў гэты артыкул быў сапраўды мёртвым — першы прыцягнуты да адказнасьці за зьнявагу беларускай мовы грамадзянін зьявіўся толькі ў жніўні 2016 году. Ім стаў былы спартовы журналіст з Мазыра Дзмітры Шчарбатых. Пасля ў студзені 2017 году за абразу беларускай мовы былі прыцягнутыя да адказнасці былы міліцыянт з Гомеля Васіль Варушчанка і былая судовая выканаўца з Рэчыцы Яўгенія Чацьвяртная. Васіль Варушчанка стаў першым грамадзянінам, які быў пакараны паводле арт. 9.22 КаАП праз суд, дзе да яго была ўжытая максымальная санкцыя. Дзмітры Шчарбатых і Яўгенія Чацьвяртная да суду не дайшлі, бо прызналі сваю віну і былі ў спрошчаным парадку пакараныя адпаведнымі тэрытарыяльнымі раённымі выканкамамі з ужыцьцём мінімальнай санкцыі.

Што паўплывала на тое, што толькі тры чалавекі да сёньняшняга часу прыцягнутыя да адказнасьці за абразу беларускай мовы? Вядома, гэта не адсутнасьць фактаў абраз — зь імі мы, на жаль, сустракаемся даволі часта. Справа хутчэй у тым, што аб існаваньні арт. 9.22 КаАП большасьць грамадзян наогул ня ведала да апошняга часу, а калі і ведала, то не распачынала працэдуру прыцягненьня да адказнасьці, бо ня ведала, як гэта правільна зрабіць.

Усе пералічаныя выпадкі прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці за абразу беларускай мовы зьявіліся пасьля маіх заяваў, а таму, каб кожны беларус мог у выпадку неабходнасьці абараніць родную беларускую мову і свае моўныя правы ў мяне ёсьць 10 парадаў, як гэта зрабіць найбольш проста і эфэктыўна.

1. Калі ў сацыяльных сетках вы пабачылі камэнтар, які абражае беларускую мову, то для пачатку прапануйце таму, хто абразіў яе, выбачыцца за свае словы і выдаліць камэнтар. Калі чалавек адэкватны і сапраўды не жадаў абразы, ён гэта зробіць без аніякіх пытаньняў. Калі ж не, то не застаецца нічога іншага, як напісаць заяву аб прыцягненьні яго да адказнасьці паводле арт. 9.22 КаАП.

2. Перад тым, як пісаць заяву зрабіце скрыншоты абразьлівых камэнтароў і допісаў, скрыншоты старонкі ў сацыяльнай сетцы таго, хто абразіў мову, а таксама зьбярыце як мага больш інфармацыі пра гэтага чалавека з адкрытых крыніц — сацсетак і інтэрнэту. Гэта дапаможа вам пасьля ў напісаньні заявы, а органу, што вядзе адміністрацыйны працэс — у складаньні пратаколу і ў росшуку асобы, у дачыненьні да якой ён вядзецца.

3. Правам складаць адміністрацыйны пратакол паводле арт. 9.22 КаАП надзеленыя раённыя і гарадзкія выканаўчыя камітэты, а таксама адміністрацыі раёнаў у гарадах. Таму ня трэба дасылаць заяву ў пракуратуру, органы ўнутраных спраў, адміністрацыю прэзыдэнта і іншыя ўстановы, бо яны ўсё роўна перашлюць вашу заяву ў райвыканкам, а вы толькі страціце час.

4. Тэрмін прыцягненьня да адказнасьці паводле арт. 9.22 КаАП складае 2 месяцы з моманту ўчыненьня правапарушэньня. Напрыклад, Яўгенія Чацьвяртная свой абразьлівы камэнтар пакінула 1 сьнежня 2016 году, а пастанова аб прыцягненьні яе да адказнасьці была вынесеная 31 студзеня 2017 году — у апошні дзень, калі гэта яшчэ было магчыма зрабіць.

1 лютага пакараць яе ўжо было б нельга. Напрыклад, праз сканчэньне тэрміну прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці ня быў у 2010 годзе пакараны ў адпаведнасьці з арт. 9.22 КаАП рэктар Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту, прафэсар Мікалай Суша, які на маю прапанову даць пісьмовы зварот па-беларуску паведаміў наступнае:

В соответствии со ст. 17 Конституции Республики Беларусь государственными языками в Республике Беларусь являются белорусский и русский. Если Вы, господин Случак, не владеете одним из государственных языков — русским, то советую Вам заняться его изучением. Изучив русский язык, Вы тем самым сможете поднять свой культурный уровень и несколько расширить имеющийся у Вас кругозор. Желаю Вам успехов в изучении русского языка. Это тем более важно, что одним из критериев определения культурного уровня человека всегда считалось владение им не одним, а двумя или несколькими языками.

Таму, калі вы вырашылі падаваць заяву, то рабіць гэта трэба максымальна хутка, бо справы за абразу мовы часта патрабуюць лінгвістычнай экспэртызы, неабходна знайсьці і апытаць таго, хто пакінуў абразьлівы камэнтар, лісты па пошце таксама забіраюць некалькі дзён, дый у адміністрацыйных камісій райвыканкамаў яшчэ няма практыкі працы па арт. 9.22 КаАП, што ў выніку прыводзіць да таго, што справа зацягваецца. Таму вам трэба дзейнічаць хутка.

5. Ня трэба спрабаваць пераканаць чалавека, які абразіў беларускую мову, што ён ня мае рацыі, пасьля таго як вы прапанавалі яму выбачыцца, а ён гэта не зрабіў — так вы толькі страціце час і сапсуяце сабе настрой. Таксама ні ў якім разе не абражайце гэтага чалавека, не апускайцеся да яго ўзроўню.

6. Не зьвяртайце ўвагі на відавочна фэйкавыя старонкі ў сацсетках — прыцягнуць іх уладальнікаў да адказнасьці наўрад ці атрымаецца. Лепш паскардзіцеся на іх адміністратарам сацсетак і суполак, каб іх забанілі, а іх камэнтары — выдалілі. Вы павінны разумець, што нявартыя ўвагі людзі, якія баяцца выказацца ад свайго імя — маральна вы іх ужо перамаглі, бо ў вочы абразы яны вам ніколі ня скажуць. Як немагчыма абразіцца на тое, што неразумнае кацяня зрабіла шкоду на падручнік беларускай мовы, так і нельга пакрыўдзіцца на абразьлівыя выказваньні фэйка на адрас беларускай мовы.

7. Сам тэкст заявы мусіць быць максымальна зьмястоўны і разам з тым невялікі аб’ёмам — гэта спросьціць успрыманьне яе органам, які вядзе адміністрацыйны працэс, і дазволіць вырашыць пытаньне максымальна хутка і якасна. У якасьці прыкладу можна разгледзець заяву аб прыцягненьні да адказнасьці Васіля Варушчанкі:

1 сьнежня 2016 году ў 23 гадзіны 38 хвілін у суполцы «Сильные Новости» — новостной паблик Гомеля" па адрасе https://vk.com/gomeltoday у сацыяльнай сетцы Вконтакте пад запісам https://vk.com/wall-44883411_598753 жыхар г. Гомель Васіль Варушчанка (Василий Ворущенко https://vk.com/huevi_paren) пакінуў наступны запіс:

«Белорусский язык — это разлагающий и загнивающий труп, который уже давно порабы закопать поглубже!», чым парушыў артыкул 9.22 «Парушэньне заканадаўства аб мовах» Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь, публічна абразіўшы дзяржаўную беларускую мову.

У адпаведнасьці з артыкулам 9.22 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь, артыкулам 3.30 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь прашу прыцягнуць пазначанага грамадзяніна да адміністрацыйнай адказнасьці.

Як бачым, тэкст звароту невялікі, але перадае ўсе асноўныя моманты. Да яго таксама прыкладзіце і раздрукоўкі скрыншотаў выказваньняў.

8. Таксама варта да заявы ў якасьці дадатковага даведкавага матэрыялу далучаць копіі працэсуальнай практыкі па аналягічных справах — райвыканкамам будзе лягчэй арыентавацца ў адміністрацыйным працэсе па вашай заяве, бо, як ужо адзначалася, практыкі па прыцягненьні да адказнасьці паводле арт. 9.22 КаАП амаль няма. Як і вам патрэбная інструкцыя па напісаньні заявы, так і райвыканкамам патрэбная інструкцыя і накірунак у правільным вядзеньні адміністрацыйнага працэсу паводле вашай заявы. Таму вы можаце прыкладаць да сваіх заяваў дакумэнты, зьмешчаныя ніжэй.

9. У выпадку, калі нехта назваў беларускую мову, мёртвай

можна выкарыстоўваць у сваёй заяве экспэртнае заключэньне лінгвістычнай экспэртызы выказваньняў Васіля Варушчанкі, якое зрабіў загадчык катэдры расейскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага унівэрсытэту імя Францішка Скарыны, прафэсар Уладзімер Коваль:

Называючы беларускую мову трупам, аўтар выказваньня вызначае беларускую мову як мёртвую, нежывую, гэта значыць тую, што не выконвае свае асноўныя функцыі сродку паўсядзённай камунікацыі, інструмэнту захаваньня і перадачы разнастайнай інфармацыі. Прыметнік «загніваючы» зьяўляецца блізкім па значэньні да «мёртвы, нежывы» і зьяўляецца ў адносінах да беларускай мовы нэгатыўна-ацэначным. Такім чынам, відавочна, што жывая беларуская мова, якая актыўна выкарыстоўваецца мільёнамі носьбітаў як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі, вызначаецца аўтарам як мёртвая, нежывая. Дадзенае выказваньне супярэчыць ня толькі рэчаіснасьці, але і зьяўляецца абразьлівым для носьбітаў беларускай мовы — дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь, згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі.

У дадзеным выпадку гэтая цытата дазволіць не праводзіць дадатковую лінгвістычную экспэртызу, што павялічыць шанцы на тое, што адміністрацыйны працэс укладзецца ў 2 месяцы і асоба, што абразіла беларускую мову, будзе прыцягнутая да адказнасьці.

10. Трэба разумець, што галоўная мэта гэткіх заяваў — не перавыхаваньне або пакараньне канкрэтнага чалавека, а зьмяншэньне агульнай колькасьці абразаў і зняваг на адрас беларускай мовы і парушэньняў моўных правоў беларускамоўных грамадзян. Таму пашырайце гэту кароткую інструкцыю, каб той чалавек, чыю мову абразілі, меў магчымасьць яе правільна і проста абараніць, і каб той, хто абражае ці абражаў мову, бачыў і памятаў, што за ягонае распальваньне варожасьці на моўнай глебе існуе мэханізм пакараньня.

Хочацца спадзявацца, што гэтыя 10 парадаў дапамогуць вам абараніць беларускую мову і вашы моўныя правы, а абразаў беларускай мовы, як і любой іншай мовы, стане менш.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG