Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што дамовіліся Пуцін з Лукашэнкам: газ, адносіны з ЗША і ЭЗ, рэфінансаваньне даўгоў


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ўрэгуляваў з Аляксандрам Лукашэнкам спрэчныя пытаньні ў нафтагазавай сфэры. Пра што яшчэ дамовіліся кіраўнікі краінаў? Афіцыйна паведамляецца пра наступнае.

Пуцін паабяцаў палітычную падтрымку Беларусі на міжнародных пляцоўках


На перамовах 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу Ўладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка абмяняліся думкамі, як будаваць адносіны з ЗША і Эўразьвязам.

«Мы, каб быць абсалютна адкрытымі, значны прамежак часу аддалі абмеркаваньню праблем міжнароднага парадку дня, асабліва тых пытаньняў, якія тычацца нас, нашых суседзяў, палітыкі ЭЗ. Мы абмяняліся думкамі пра ўзаемаадносіны са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, як будаваць гэтыя адносіны», — паведаміў Лукашэнка падчас брыфінгу.

«Я, вядома, прасіў Уладзіміра Уладзіміравіча, каб ён не забываў і пра Беларусь, будуючы адносіны з буйнымі дзяржавамі. У яго будуць сустрэчы ў „дваццатцы“. Я атрымаў гэтую падтрымку і запэўненьне ў падтрымцы нас на ўсіх форумах, як гэта ён рабіў і раней», — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Я, вядома, прасіў Уладзіміра Уладзіміравіча, каб ён не забываў і пра Беларусь, будуючы адносіны з буйнымі дзяржавамі

«Мы вельмі шмат гаварылі пра бясьпеку, і ня толькі ў сувязі з гэтым няшчасным выпадкам (выбух у мэтро ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка). Так было заплянавана, гэта асноўнае было пытаньне. Не нафтагазавымі пытаньнямі мы пачалі абмеркаваньне. Мы сапраўды асноўную ўвагу надалі даўно заплянаванаму пытаньню бясьпекі нашых дзяржаваў. Я ня буду тут нічога канкрэтызаваць, вы бачыце, што адбываецца вакол. І мы хацелі б проста захаваць стабільнасьць Расеі і Беларусі, занадта мала засталося ціхіх, спакойных пунктаў на плянэце. І мы дамовіліся аб сумесных дзеяньнях па захаваньні нашай бясьпекі, нашых дзяржаваў», — адзначыў Лукашэнка.

Расея рэфінансуе даўгавыя абавязацельствы Беларусі

Расея сёлета рэфінансуе даўгавыя абавязацельствы Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка падзякаваў Пуціну за тое, што «пайшлі нам насустрач у пляне рэфінансаваньня запазычанасьцяў сёлета перад Расейскай Фэдэрацыяй». «Прэзыдэнт (Пуцін) паабяцаў, што сёньня-заўтра ён аддасьць адпаведнае распараджэньне па гэтым пытаньні», — заявіў Лукашэнка.

«Яшчэ раз хачу падкрэсьліць, што на сёньняшні дзень у нас не засталося нявырашаных пытаньняў. Больш за тое, мы змаглі зазірнуць у будучыню функцыянаваньня нашых эканомік. Мы вырашылі гэтыя пытаньні. Думаю, што на працягу 10 дзён, як сказаў прэзыдэнт Расеі, нашы ўрады гэта ўсе фармалізуюць і ўвядуць нашы эканомікі ў нармальны рытм працы», — адзначыў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG