Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін — Лукашэнка: праблемы бясьпекі выціснулі пытаньне энэрганосьбітаў


Уладзімір Пуцін (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка. Санкт-Пецярбург, 3 красавіка 2017 году

Тэракт у пецярбурскім мэтро скарэктаваў тэму перамоваў прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі. Як паведамляюць афіцыйныя беларускія і расейскія СМІ, на першае месца выйшла пытаньне бясьпекі. Пра нейкія дамоўленасьці наконт энэргарэсурсаў не паведамляецца.

«Спакойна нам жыць ніхто ня дасьць, на жаль, — сказаў Лукашэнка. — Таму трэба быць гатовымі да ўсяго, выклікаў у сьвеце вялізная колькасьць. Не ў ізаляваным сьвеце жывём, мы гэта з вамі разумеем. Сёньня гэта адна з тэмаў нашай размовы, галоўная тэма — бясьпека. Мы будзем казаць пра тое, як нам жыць далей, як абараніць інтарэсы сваіх людзей».

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ўсе пытаньні пры жаданьні можна вырашыць, але бясьпека грамадзян павінна заставацца безумоўным прыярытэтам:

«Тое, што праблемы ў адносінах, — дык яны будуць заўсёды. Але, ведаеце, на фоне такіх падзеяў гэтыя праблемы проста меркнуць. Мы свае праблемы здольныя вырашаць хутка і эфэктыўна. Дай бог, каб было ціха і спакойна, каб мы маглі гарантаваць бясьпеку нашым народам», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Што тычыцца вызначанага парадку дня, Уладзімер Пуцін падкрэсьліў: сёлета Беларусь і Расея адзначаць 25-годзьдзе ад моманту ўсталяваньня дыпляматычных адносін:

«У нас ёсьць сёньня магчымасьць пагаварыць пра тое, што зроблена за ўсе гэтыя гады ў пляне пашырэньня двухбаковага супрацоўніцтва, што трэба будзе зрабіць, дзе ў нас пакуль ёсьць нявырашаныя пытаньні, нейкія праблемы», — сказаў расейскі прэзыдэнт.

3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу распачаў працу мэдыяфорум рэгіянальных і мясцовых СМІ «Праўда і справядлівасьць». Па-за рамкамі мерапрыемства была заплянаваная сустрэча Ўладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам.

Перамовы прыпалі на момант надзвычайнай палітычнай і эканамічнай напружанасьці ў стасунках паміж дзьвюма краінамі. Апошнім часам кіраўнік Беларусі ня раз крытыкаваў Расею, казаў, што «ніхто ня можа паставіць нас на калені», што Масква ня можа дыктаваць свае ўмовы наконт цэнаў на нафту і газ. У сувязі з гэтым Лукашэнка абвінаваціў Расею, што тая парушае дамовы на пастаўку энэргарэсурсаў дзеля таго, каб «схапіць нас за горла».

Расея цягам мінулага году падвоіла цану на газ у параўнаньні з пачаткам функцыянаваньня Эўразійскага эканамічнага саюзу. Гэта не задавальняе Лукашэнку, які патрабуе саюзьніцкіх дачыненьняў без выняткаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG