Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У затрыманых у офісе «Зялёных» праведзеныя ператрусы, пра якія «забылі» на судзе


Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным прыйшлі ў офіс партыі «Зялёныя» па адрасе Фабрыцыюса, 4, у Менску, і перапісваюць дадзеныя з дакумэнтаў людзей, якія прыйшлі туды. 24 сакавіка

У тых, каго затрымалі ў офісе партыі «Зялёных», дзе 24 сакавіка праводзіўся збор сродкаў на падтрымку зьняволеных, правялі ў дамах ператрусы, хоць на судзе пра тое ня згадвалі. Дзесяці затрыманым далі розныя тэрміны адміністрацыйнага зьняволеньня паводле артыкула аб хуліганстве. Удзень 25 сакавіка іх прызналі вінаватымі, што брыдкасловілі ў грамадзкім месцы.

«Ператрус адбыўся ўвечары таго ж дня — 24 сакавіка, — кажа Свабодзе Ігар Чарняўскі, бацька зьняволенай на 15 сутак Крысьціны Чарняўскай. — Нам патлумачылі, што ў Менску на вуліцы Камуністычнай адбыўся напад на будынак. І што менавіта ў гэтым зьвязку праводзіўся ператрус. З дому забралі налепкі, паштоўкі ў нацыянальных колерах, нейкія буклеты — дробныя рэчы.

Аднак на судзе пра ператрус і пра той нібыта ўчынены кімсьці на штосьці напад нічога ня згадвалася. І адміністрацыйная справа разглядалася паводле адміністрацыйнага артыкула аб хуліганстве. Мы разам са сваякамі перашукалі ўсё ў інтэрнэце, аднак не знайшлі ніякага паведамленьня пра нейкі напад на вуліцы Камуністычнай».

Паводле Ігара Чарняўскага, ягоная дачка Хрысьціна ў дзень затрыманьня падʼяжджала да офіса партыі «Зялёных» на вуліцы Фабрыцыюса, 4 на ўласным аўтамабілі. Яму не сказалі, дзе цяпер аўтамабіль, патлумачыўшы, што пра гэта будуць размаўляць толькі з гаспадыняй аўтамабіля пасьля яе вызваленьня. Але пацьвердзілі, што аўтамабіль на тэрыторыі Маскоўскага раёну.

Сваякі іншых затрыманых і зьняволеных таксама казалі пра ператрусы ў іх дамах. Вядома, што 24 сакавіка былі затрыманыя і зьняволеныя таксама Ўладзімер Валодзін, Ганна Сівакова, Надзея Немік, Павал Патапаў, Аляксандар Малашкаў, Марына Дубіна.

Зьняволеных за збор сродкаў для вязьняў перавезьлі адбываць адміністрацыйны арышт у ізалятар часовага ўтрыманьня ў Жодзіна.

Разам з актывістамі «Зялёных» 24 сакавіка былі затрыманыя чатыры журналісты замежных СМІ ў Беларусі, а таксама грамадзяне, якія прынесьлі ежу для зьняволеных. Усіх даставілі ў Маскоўскі РУУС. Журналістаў адтуль вызвалілі.

XS
SM
MD
LG