Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Служкі супраць закону


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

З нас, беларусак і беларусаў, часам пасьмейваюцца, называючы залішне законапаслухмянымі. Нават на акцыях пратэсту мы часта пераходзім дарогу толькі на зялёнае сьвятло сьветлафора. Ды і доўжацца самі пратэсты ня надта доўга, бо заўтра ж на працу, і дома яшчэ справы ёсьць.

Хтосьці жартуе на гэтыя тэмы па-добраму, а хтосьці адкрыта выказвае грэблівасьць да нібыта недастаткова радыкальна настроенай грамадзкасьці.

Нельга спачатку ігнараваць спробы людзей камунікаваць з уладамі, а потым абвяшчаць вулічныя маніфэстацыі па-за законам.

І толькі ўлады бачаць у пратэстоўцах злосных парушальнікаў правапарадку, якія нібыта нясуць велізарную пагрозу нашай высьпе цішыні і стабільнасьці. Але вось якая штука: нельга спачатку ігнараваць ветлівыя і пасьлядоўныя спробы людзей камунікаваць з уладамі, а потым абвяшчаць вулічныя маніфэстацыі па-за законам, бо яны не былі ўзгодненыя з выканкамамі.

Па-першае, нам, як грамадзянкам і грамадзянам Беларусі, не патрэбны ніякі дазвол мясцовых уладаў, каб выйсьці на вуліцы сваіх гарадоў і выказацца супраць таго, як працуе сыстэма.

Па-другое, відавочна, што немагчыма змагацца з сыстэмнымі праблемамі, не дыстанцуючыся ад самой сыстэмы (у дадзеным выпадку дыстанцыя — гэта ігнараваньне пэўных аспэктаў Закону аб масавых мерапрыемствах).

Міжнародныя дакумэнты ў Беларусі афіцыйна павінны мець прыярытэт у спрэчных сытуацыях.

Улады Беларусі традыцыйна апраўдваюць прымяненьне гвалту і шматлікія затрыманьні менавіта Законам аб масавых мерапрыемствах, але пры гэтым увесь час забываюць пра Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека і іншыя міжнародныя дакумэнты, ратыфікаваныя Беларусьсю. А артыкул 20 ч. 1 Усеагульнай дэклярацыі сьцьвярджае, што кожны чалавек мае права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый. Пры гэтым міжнародныя дакумэнты ў Беларусі афіцыйна павінны мець прыярытэт у спрэчных сытуацыях.

Такім чынам, калі і дарэчна ў кантэксьце беларускіх пратэстаў казаць пра парушэньні заканадаўства, дык пра яго парушэньне АМАПаўцамі і іншымі «людзьмі ў форме і ў цывільным».

Вялікую частку гэтых парушэньняў можна ахарактарызаваць як «учыненыя з асаблівым цынізмам». Так, паводле сьведчаньняў міліцыянта, палітык Алесь Лагвінец сам біўся галавой аб сядзеньне ў машыне. Пры затрыманьні апэратара Аляксандра Баразенкі, супрацоўнікі міліцыі нібыта не заўважылі ў ягоных руках відэакамэру і не пачулі, як ён казаў, што журналіст.

Акторку Свабоднага тэатру Яну Русакевіч супрацоўнік АМАПу ударыў дубінкай па галаве, і яна дагэтуль знаходзіцца ў лякарні са страсеньнем галаўнога мозгу і падазрэньнем на пералом чэрапа. «Служка закону», які біў яе па галаве, фармальна мусіў гарантаваць бясьпеку грамадзянаў на вуліцы.

Нас ужо не зьдзіўляюць ні масавыя затрыманьні, ні беспадстаўнае зьбіцьцё, ні лжывыя сьведчаньні міліцыянтаў на судзе.

Нас ужо не зьдзіўляюць ні масавыя затрыманьні, ні беспадстаўнае зьбіцьцё, ні лжывыя сьведчаньні міліцыянтаў на судзе. Але гэта ня значыць, што нас не абурае гэтае стаўленьне «служкаў народу». Іх шчырая вера ўва ўласную ўсёдазволенасьць, беспакаранасьць і сьветлую будучыню, у якой яны будуць з гонарам расказваць нашчадкам, як «забясьпечвалі правапарадак», «выкалупвалі разынкі» і «душылі тараканаў». Гэта яны — цынічныя і неадукаваныя садысты, якія б’юць ляжачых і прымушаюць затрыманых гадзінамі стаяць «тварам да сьцяны» — сапраўдныя парушальнікі закону.

Яны ўсе калісьці кляліся быць адданымі свайму народу і абараняць Канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, а цяпер самааддана выконваюць супрацьзаконныя загады кіраўніцтва.

Абгрунтоўваць пэўнае патрабаваньне выключна спасылкай на закон — непэрспэктыўная тактыка.

Для таго, каб людзі сьвядома і пасьлядоўна падпарадкоўваліся асобна ўзятаму закону, ён ня мусіць сур’ёзна пярэчыць важным для іх каштоўнасьцям. Абгрунтоўваць пэўнае патрабаваньне выключна спасылкай на закон — непэрспэктыўная тактыка. Асабліва ва ўмовах, калі закон зьяўляецца, мякка кажучы, спрэчным, бо пярэчыць прынятым у грамадзтве нормам маралі альбо міжнародным прававым нормам. Нездарма апошнім часам так часта згадваюць словы Марціна Лютэра Кінга аб тым, што ўсе дзеяньні Гітлера ў Нямеччыне былі законнымі.

У ідэальным сьвеце закон, безумоўна, мусіць быць аб’ектыўнай адзінкай, відавочна важнай для ўсіх. Але сучасная Беларусь бясконца далёкая ад прававога ідэалу. Тут на акцыях пратэсту затрымліваюць журналістак і журналістаў, супрацоўнікі РАУСаў адмаўляюцца агучваць сьпісы затрыманых, падчас ператрусаў у кватэрах зьнікаюць грошы, супрацоўнікі міліцыі звозяць людзей у невядомым напрамку на машынах без рэгістрацыйных нумароў, а ў аддзяленьнях ляжаць загадзя падрыхтаваныя тэксты для пратаколаў.

Мы сапраўды вельмі законапаслухмяныя і сочым за тым, каб людзі навокал таксама прытрымліваліся прынятых нормаў. Менавіта таму мы так мэтадычна занатоўваем усе злачынствы людзей у форме, хай яны і хаваюць уласныя твары. Нішто ня будзе забыта, і ніхто ня будзе забыты.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG