Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт Дня Волі не дамовіўся зь Міколам Статкевічам пра фармат акцыі 25 сакавіка


Мікола Статкевіч падчас шэсьця на Дзень Волі 25 сакавіка 2016 году

Перамовы паміж аргкамітэтам сьвяткаваньня 25 сакавіка і лідэрам БНК Міколам Статкевічам цягнуліся больш за тры гадзіны.

Як паведаміў Свабодзе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, дамовіцца пра супольны маршрут і фармат правядзеньня шэсьця не ўдалося.

«Мы не прыйшлі да агульнай пазыцыі па ўсіх нюансах правядзеньня акцыі 25 сакавіка. Будзем яшчэ сустракацца і абмяркоўваць», — кажа Янукевіч.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Ён удакладніў, што Партыя БНФ выступае за тое, каб увесь маршрут і сцэнар акцыі быў абвешчаны загадзя. Таму што ў іншым выпадку ўдзельнікам будзе цяжка патлумачыць, што правакацыя, а што — не. У гэты ж час некаторыя іншыя арганізатары, у тым ліку Мікола Статкевіч, настойваюць на тым, каб «вырашыць на месцы, арыентуючыся на колькасьць і настрой удзельнікаў».

«Сярод калегаў няма пакуль згоды, каб усе кропкі былі расстаўленыя загадзя. Гэты прынцыповы для нас момант пакуль застаецца адкрытым».

Як сказаў Янукевіч, асноўныя спрэчкі паміж арганізатарамі вядуцца наконт таго, дзе і як акцыя павінна завяршыцца і ці павінна гэта быць агучана загадзя.

Лідэр БНФ лічыць, што калі арганізатары ня змогуць дамовіцца, то дыскусія будзе вынесеная ў публічную прастору. Мяркуецца, што аргкамітэт 25 сакавіка будзе яшчэ раз сустракацца зь Міколам Статкевічам, але канкрэтная дата пакуль не прызначана.

14 сакавіка Мікола Статкевіч заявіў, што бярэ на сябе адказнасьць за правядзеньне акцыі 25 сакавіка.

Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

У аргкамітэт сьвяткаваньня Дня Волі ўваходзяць рух «За свабоду», аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Абʼяднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ і рух салідарнасьці «Разам».

Прадстаўнікі гэтых арганізацыяў чакаюць зь Менгарвыканкаму адказу на заяўку, у якой яны просяць дазволіць 25 сакавіка шэсьце ад Акадэміі навук да сквэру Янкі Купалы. Мікола Статкевіч пагадзіўся зь месцам збору, але кажа, што месца і фармат завяршэньня акцыі трэба вызначаць падчас яе правядзеньня.

Тым часам спартова-патрыятычны клюб “Ваяр” запрашае ахвочых далучацца да дружыны аховы сьвяточнага шэсьця 25 сакавіка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG