Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч: «Я бяру на сябе кіраваньне акцыяй 25 сакавіка»


Мікола Статкевіч

Лідэр аргкамітэту Беларускага нацыянальнага кангрэсу, былы экс-кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень Мікола Статкевіч ня прыйдзе на акцыю «Мы не дармаеды» 15 сакавіка ў Менску, але бярэ на сябе адказнасьць за правядзеньне шэсьця ў цэнтры гораду 25 сакавіка, на Дзень Волі.

Палітык лічыць, што ўзначаліць шэсьце мусіць адзін чалавек, і менавіта ён найлепш справіцца з гэтай роляй.

«Ісьці дазволеным маршрутам на плошчу Бангалёр — гэта не для мяне»

— Ці падтрымаеце вы сваім удзелам акцыю «Мы не дармаеды» 15 сакавіка ў Менску?

— Гэтая акцыя санкцыянаваная, але ў мяне ёсьць матывы, каб не прыходзіць на яе. Я столькі адседзеў не для таго, каб хадзіць у месца, пра якое Лукашэнка казаў «Вось хай там і зьбіраецца тое „отребье“». Я не «отребье». Але, магчыма, у акцыі 15 сакавіка ёсьць сэнс: яна легальная, бясьпечная і для новых людзей, верагодна, прывабная. Але гэта не для мяне.

— Тое, што акцыя дазволеная, для вас падстава на яе не ісьці?

Я лічу, што ціск на ўлады павінен узрастаць, кожны наступны крок павінен быць больш моцным.

— Я скажу толькі тое, што галоўная акцыя адбудзецца 25 сакавіка, я за яе бяру адказнасьць на сябе. Я лічу, што ціск на ўлады павінен узрастаць, кожны наступны крок павінен быць больш моцным.

— Ці былі ў вас перамовы з арганізатарамі акцыі 15 сакавіка ў Менску, з аргкамітэтам кампаніі «Мы не дармаеды»?

— Я сустрэўся зь імі, падзяліўся досьведам, расказаў усе нюансы розных варыянтаў дзеяньняў. Але я нават ня стаў чакаць іхнага рашэньня. Куды яны вырашаць ісьці — гэта іх адказнасьць: і палітычная, і юрыдычная. Я ніякім чынам не хачу ім перашкодзіць. Але мая пазыцыя вядомая. Я думаю, што акцыя 15 сакавіка павінна быць, як хочуць арганізатары, бясьпечнай для ўдзельнікаў. Гэта важна і істотна таксама і для мяне. Але ніколі не хаджу туды (на Бангалёр — Р.С.).

«Калі ты адказны за вялікую акцыю, нельга ехаць на рэгіянальныя»

Калі ты адказны за галоўную акцыю, табе нельга ўдзельнічаць у несанкцыянаваных рэгіянальных акцыях. Таму што цябе лёгка нэўтралізуюць.

— Чаму вы ня бралі ўдзелу ў акцыях пратэсту ў рэгіёнах?

— Ёсьць такое правіла, якое звычайна ведаюць усе, хто займаецца палітыкай у нашай краіне. Калі ты адказны за галоўную акцыю, табе нельга ўдзельнічаць у несанкцыянаваных рэгіянальных акцыях. Таму што цябе лёгка нэўтралізуюць.

«Бяру на сябе кіраваньне акцыяй 25 сакавіка»

— Вы плянуеце ўзначаліць акцыю 25 сакавіка і правесьці яе пад лёзунгамі з палітычнымі і эканамічнымі патрабаваньнямі. Але ў той жа час і ў тым ж месцы зьбіраецца штогадовая акцыя на Дзень Волі. Ці ўзгадняеце вы свае пляны з тымі арганізацыямі, якія падавалі ў Менгарвыканкам заяўку?

У нас шмат выдатных амбітных палітыкаў, але для таго, каб пазьбегнуць сытуацыі 2010 году, трэба аднаасобнае кіраваньне.

— Мы абмяркоўвалі гэтую сытуацыю. Гэтыя арганізацыі выказваюць жаданьне сабрацца 25 сакавіка каля Акадэміі навук і ісьці ў цэнтар гораду. Тут нашы жаданьні супадаюць. Я б хацеў, вядома, адразу ісьці ў цэнтар, але дзеля еднасьці пагадзіўся на іншае месца збору. Наколькі я зразумеў, ніхто ня будзе супраць, калі я вазьму кіраваньне акцыяй на сябе. Гэта будзе вельмі складаная дэманстрацыя для арганізатараў. Таму кіраваньне павінна быць аднаасобнае. Кажуць, ад камісараў у Чырвонай арміі адмовіліся яшчэ ў 1941 годзе, таму што яны заміналі. Таму, я думаю, заяўнікі ня будуць супраць, калі я павяду гэтую дэманстрацыю. Тут не да палітычных крокаў і жартаў. У нас шмат выдатных амбітных палітыкаў, але для таго, каб пазьбегнуць сытуацыі 2010 году, трэба аднаасобнае кіраваньне. Калегі мне даверылі гэта, і я гэта выканаю. Гэта правільна, таму што я маю найбольшы досьвед.

«Лічу, што ўлады ня будуць чыніць правакацыяў»

— Як вы бачыце акцыю 25 сакавіка?

Уладзе цяпер не да правакацыяў, ёй патрэбны грошы з Захаду.

— Я зраблю ўсё, каб дэманстрацыя прайшла годна і мірна. Я шчыра скажу, што ня веру ў пужалкі аб правакатарах. Правакацыі ў нас заўсёды арганізоўвае толькі адзін бок — гэта сама ўлада, іншага не было. Уладзе цяпер не да правакацыяў, ёй патрэбны грошы з Захаду. І яшчэ: калі хочуць правакацыяў, то нікога не папярэджваюць. Калі ўлады самі лямантуюць аб правакацыях, значыць, яны самі гэтага ня хочуць. Таму я спадзяюся, што ўсё будзе нармальна. У нас ёсьць пэўная еднасьць. Я ня думаю, што нехта будзе пярэчыць майму рашэньню ўзяць кіраваньне на сябе. Я не зьбіраюся нічога штурмаваць, але трэба паказаць волю народу, трэба вызначыць, як мы далей будзем прымушаць уладу да дыялёгу з народам.

— Вы кажаце, што іншыя палітычныя лідэры ня будуць супраць, каб вы ўзначалілі акцыю 25 сакавіка. Але прынамсі трое зь іх у гэты дзень яшчэ будуць за кратамі...

— Ведаеце, я не разумею такіх паводзінаў. 15 сакавіка людзі прызначылі акцыю, узялі адказнасьць за яе. Ведаюць, што ідуць арышты. І паехалі ў райцэнтры. Што, у Маладэчне і Воршы не было каму правесьці гэтыя акцыі? Навошта перад вялікай акцыяй ехаць на рэгіянальныя маршы? Гэта супярэчыць усяму, што я ведаю пра абавязкі лідэра акцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG