Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч — Саньнікаву: Тагачасныя кандыдаты ў прэзыдэнты так і не зрабілі публічнага аналізу падзей Плошчы-2010


Акцыя пратэсту. Плошча 19 сьнежня 2010 году.

Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч выказаў нязгоду з пазыцыяй кандыдата на прэзыдэнты на выбарах 2010 году Андрэя Саньнікава, калі той адказваў на пытаньне пра працу памылкамі той прэзыдэнцкай кампаніі ў інтэрвію Свабодзе.

«А навошта зараз рабіць працу над памылкамі?». Так адказаў мой калега экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў на пытаньне журналісткі Радыё Свабода Ганны Соўсь пра выбары 2010 года і дадаў: «Не магу рабіць працу над памылкамі, таму што не лічу, што мы памыляліся. Гэта рэчы, якія цяпер проста не патрэбныя», піша Аляксандар Мілінкевіч у сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«З такім падыходам нельга пагадзіцца, бо самакрытычнасьць — адна з важных лідэрскіх, ды і ўвогуле, чалавечых якасьцяў. Яна дапамагае аналізаваць і прагназаваць. А прагназаваць сёньня, як ніколі, неабходна. На кану існаваньне незалежнай Беларусі, — лічыць Мілінкевіч.

Паводле экс-кандыдата, «у дзень выбараў прэзыдэнта ў 2010 годзе адбылася арганізаваная спэцслужбамі правакацыя з расейскім сьледам. Чаму з расейскім? Таму што інфармацыя аб яе падрыхтоўцы была вядома яшчэ за паўгода да трагічных падзеяў. Таму што ў выніку былі ня толькі разгромленыя беларускія дэмакраты, але пацярпелі паразу і ўлада і Захад, якія ў той час распачалі дыялёг. Таму што прайгралі ўсе беларусы: паміж Горадняй і Беластокам ізноў вырасла Бэрлінская сьцяна. І ў рэшце таму, што ў гэты вечар па ўсіх пазыцыях выйграў Крэмль».

няма адказу на самыя сур’ёзныя пытаньні, тагачасныя кандыдаты ў прэзыдэнты так і не зрабілі публічнага аналізу падзей Плошчы-2010

Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што «правакацыя была прымітыўнай і яе можна было спыніць. Але і цяпер на самыя сур’ёзныя пытаньні мы так і ня маем адказу. Чаму дружыньнікі кандыдатаў у кіраўнікі дзяржавы не схапілі за шкірку першых „аматараў“ біцьця шкла ў Доме ўраду і не перадалі іх міліцыі? А ці былі ўвогуле падрыхтаваныя дружыны ў тых, хто заклікаў на Плошчу, як тое рабілася да гэтага апазыцыяй, пачынаючы з 1989 году? Кім быў ініцыяваны пераход з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасьці, які быў плян, якія мэты? Напрыклад, вядома, што Ўладзімер Някляеў не зьбіраўся гуляць па гораду, яго штаб плянаваў ладзіць канцэрт на месцы збору. Ці ня з той прычыны ён быў зьбіты і нэўтралізаваны праз тых, каму патрэбны быў „малюнак“ і ізаляцыя Беларусі?»

«Андрэй Алегавіч, дазвольце не згадзіцца з Вашымі словамі: „Я ўсё сказаў у сваёй кнізе, усе сказалі“, — піша Мілінкевіч. — Няпраўда, няма адказу на самыя сур’ёзныя пытаньні, тагачасныя кандыдаты ў прэзыдэнты так і не зрабілі публічнага аналізу падзей Плошчы-2010. Для думаючых людзей ясна, што Масква падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001, 2006, 2010 гадоў з розным посьпехам рэалізоўвала ў нас свае сцэнары з дзьвюма асноўнымі мэтамі: падзяліць прабеларускія і праэўрапейскія сілы, а Лукашэнку аслабіць і прымусіць хутчэй інтэгравацца. І частка нашых прэтэндэнтаў у прэзыдэнты сьвядома і несьвядома адыгралі ў гэтым сваю ролю».

Паводле былога кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2016 году, «сёньня адказнасьць дэмакратычнай апазыцыі як ніколі вялікая, бо страта незалежнасьці можа адбыцца і без прэзыдэнцкай кампаніі. Таму без сур’ёзнай каардынацыі дзеяньняў, без супольнага плянаваньня акцый і без падрыхтоўкі інструмэнтаў нэўтралізацыі магчымых правакацый з боку „старэйшага брата“, небясьпечна заклікаць людзей на мірныя масавыя пратэсты. У такім выпадку яны могуць быць скарыстаны на карысьць суседняй імпэрыі, а не беларускай дэмакратыі. Годна адстойваць свабоду і справядлівасьць. Але абавязкова разам зрабіўшы працу над памылкамі. Каб ісьці наперад, а не кінуць ізноў краіну назад. Нам трэба быць пільнымі».


Гэта была рэакцыя Аляксандра Мілінкевіча на наступны фрагмэнт інтэрвію Андрэя Саньнікава:


Соўсь: Давайце згадаем падзеі сьнежня 2010 году. Мікола Статкевіч неаднаразова заклікаў зрабіць «працу над памылкамі» усіх галоўных удзельнікаў той прэзыдэнцкай кампаніі. На прэзэнтацыі вы казалі, што гісторыя нічому ня вучыць, памылкі паўтараюцца. Давайце пагаворым пра памылкі.

Саньнікаў: Я сапраўды казаў, што гісторыя паўтараецца, ніхто ня любіць працу над памылкамі. Але ж я гэта казаў у дачыненьні да таго, што адбывалася ў Эўропе, да той жа Мюнхэнскай змовы, палітыкі адносна Гітлера з боку эўрапейскіх лідэраў. А навошта зараз рабіць працу над памылкамі? Я ўсё сказаў у сваёй кнізе, усе ўсё сказалі. Гэта рэчы, якія цяпер проста не патрэбныя.

Соўсь: Столькі людзей трапілі за краты, такія былі маштабныя рэпрэсіі...

Саньнікаў: Я згодны. Была правакацыя з боку ўлады, і чакаць правакацыі можна толькі з боку ўлады. Мы ішлі на Плошчу шчыра, ішлі, каб адбыліся перамены, мы гатовыя былі размаўляць з рэжымам нават у той час. Ведаю, што за мной ішлі людзі, шчыра спадзеючыся на перамены. Я не магу рабіць працу над памылкамі, таму што не лічу, што мы памыляліся. Так, мы былі рамантыкамі, і ў гэтым памылка.

Соўсь: І вы вялікую цану заплацілі...

Саньнікаў: Ня толькі я пра сябе не кажу. А 19 сьнежня адбывалася тое самае, што ва Ўкраіне на Майдане, гэта была рэвалюцыя годнасьці, я бы сказаў, паўстаньне годнасьці.

Соўсь: У сваёй кнізе вы пішаце, што спадзяваньні на перамены 19 сьнежня падчас мітынгу былі «рамантыкай чыстай вады».

Саньнікаў: Рамантыка была ў тым, што мы разьлічвалі на тое, што ёсьць пэўныя людзі ва ўладзе, якія яшчэ ня страцілі сваю людзкасьць, і адбудуцца працэсы, якія дапамогуць краіне. Гэтага не адбылося. Цяпер мы ведаем, зь кім маем справу.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году Ўладзімер Някляеў лічыць, што і апазыцыя, і апазыцыйныя лідэры зрабілі памылкі да Плошчы-2010, падчас яе і пасьля. Пра гэта ён заявіў сёньня ў інтэрвію для Радыё Свабода.

Уладзімер Някляеў такім чынам адгукнуўся на завочную палеміку паміж іншым кандыдатам на выбарах 2010 году Андрэем Саньнікавым і кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2016 году Аляксандрам Мілінкевічам.

У інтэрвію Радыё Свабода Ўладзімер Някляеў падтрымаў пазыцыю Аляксандра Мілінкевіч і сказаў, што ён сам «працу над памылкамі» рабіў ужо ня раз і свае памылкі прызнае.

Някляеў: «Я ніколі не казаў, што праца над памылкамі не патрэбная. І я ніколі не казаў, што ў 2010 годзе не было дапушчана ніякіх памылак. Хаця б зыходзячы з таго, што я ня здолеў дайсьці да плошчы і рэалізаваць тое, што было нашым плянам на Плошчы-2010, сьведчыць пра тое, што я асабіста і мой штаб дапусьцілі памылку. Якую і дзе — гэта ўжо іншая рэч, але факт памылкі ёсьць. Калі нехта кажа, што я не задумваўся, не аналізаваў і не стараўся знайсьці адказных, гэта няпраўда.

Я дакладна ведаю, што рашэньне аб крывавым разгоне Плошчы-2010 прыняў пэрсанальна Лукашэнка

Здаецца на сайце «Салідарнасьці» прыкладна ў той час, калі мяне ўжо выпусьцілі з турмы і з-пад хатняга арышту, была цэлая сэрыя інтэрвію з былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты, дзе яны адказвалі на самыя вострыя і непрыемныя пытаньні, якія тычыліся падзеяў 2010 году. Я тады шмат пра што сказаў. У той час я яшчэ не пра ўсё ведаў і многае высьветлілася пазьней, а яшчэ болей пасьля таго, як выйшаў на волю Мікалай Статкевіч, і мы зь ім удвох прааналізавалі тое, што адбывалася ў 2010 годзе як на плошчы, так і перад ёю і пасьля яе.

Дык вось нягледзячы на тое, што высьветліліся ня самыя, скажам так, прыстойныя дзеяньні некаторых прадстаўнікоў апазыцыі, у тым ліку майго штабу, я і да, і цяпер лічу, што галоўная памылка была дапушчана не апазыцыяй, не апазыцыйнымі лідэрамі, а ўладай, пэрсанальна Лукашэнкам. І ўлада гэта разумее, і Лукашэнка гэта ведае. Таму яны з такой настойлівасьцю перакладаюць віну на апазыцыю і ўсяляк намякаюць на тое, што ў змове з апазыцыяй удзельнічала яшчэ нейкая трэцяя сіла.

Я дакладна ведаю, што рашэньне аб крывавым разгоне Плошчы-2010 прыняў пэрсанальна Лукашэнка. Я дакладна ведаю, што прыняў ён яго зыходзячы зь недакладнай інфармацыі сілавых структур, якія значна перабольшвалі небясьпеку, якую нясе для рэжыму і асабіста для ўлады Лукашэнкі Плошча 2010 году. І ў стане панічнага страху ён і прыняў гэтае трагічнае для Беларусі рашэньне. Я згодны з тымі, хто лічыць, што гэтае рашэньне адкінула Беларусь як мінімум на сем гадоў, калі браць адлік ад сёньняшняга дня ў мінулае. На дручках спэцслужбаў была адкінутая ў мінулае эўрапейская будучыня Беларусі. Калі б гэтага не было зроблена, то мы сёньня ў разьвіцьці дэмакратычных працэсаў у нашай краіне стаялі б на сем гадоў паперадзе таго, дзе стаім зараз", — сказаў у інтэрвію Радыё Свабода Ўладзімер Някляеў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG