Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: Мяне яшчэ ня выкупілі


Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч — пра тое, чаму не рэалізавалі ідэю вылучэньня адзіным кандыдатам палітвязьня і як беларускія ўлады скарыстаюць тэракты ў Парыжы.

Фрагмэнт інтэрвію

Ганна Соўсь: Пакуль вы былі за кратамі, на сайце Свабоды мы шмат разоў публікавалі ваша датурэмнае фота з Марынай Адамовіч у Карлавых Варах, і ваша жонка згадвала гэтае ваша падарожжа як адзін з найбольш шчасьлівых пэрыядаў. Пасьля амаль пяці гадоў зьняволеньня ў вельмі жорсткіх умовах вы цяпер ў Чэхіі на запрашэньне чэскай арганізацыі «Чалавек у бядзе», у тых самых Карлавых Варах, але ваша праграма не абмяжоўваецца курортным адпачынкам. Раскажыце пра яе.

Мікола Статкевіч: Гэтая арганізацыя, вялікі ёй дзякуй, прапанавала мне адпачынак для рэабілітацыі з улікам тэрміну зьняволеньня — ад месяца да двух. Гэта. безумоўна, нерэальна, з улікам тых справаў, якія трэба рабіць у Беларусі, таму мы пагадзіліся на 12 дзён. Рэальна атрымалася яшчэ менш, бо адбываюцца розныя сустрэчы і выступы. Мы выступалі ў Пльзені ў рамках мерапрыемстваў з нагоды гадавіны Аксамітнай рэвалюцыі. Ёсьць яшчэ сустрэчы, засталося толькі восем санаторных дзён, але для нас галоўнае ня гэта. Бог зь імі, з працэдурамі. Мы прыехалі на машыне, яна хоць старэнькая, ёй 13 гадоў, але вельмі эканамічная. Мы з Марынай марылі, што будзем падарожнічаць разам. Праз Польшчу праехалі, праз польскія і чэскія горы, дарога была цяжкая, але вельмі маляўнічая. Карлавы Вары — гэта таксама маляўнічае, вельмі спакойнае месца.

Мікола Статкевіч і Марына Адамовіч у Карлавых Варах. 2008 год.

Мікола Статкевіч і Марына Адамовіч у Карлавых Варах. 2008 год.

Але я павінен вярнуцца ў Беларусь, бо на 24 лістапада абвешчаная акцыя.

Ганна Соўсь: Спадар Мікола, вы вельмі мужна трымаліся за кратамі, большую частку тэрміну правялі ў крытай турме, нягледзячы на ціск і выпрабаваньні, не напісалі прашэньне аб памілаваньні Лукашэнку. Ці не было ў вас адчуваньня, што ваша ахвяра, ваша мужнасьць, ваша гатоўнасьць ахвяраваць сабой не былі запатрабаваныя беларускім грамадзтвам? Што цяпер сапраўды час Пуціна і Лукашэнкі, а не час Вацлава Гаўла, як пісала Сьвятлана Алексіевіч? Вы ж маглі выйсьці з турмы як Вацлаў Гавал, але цяпер грамадзтву напэўна гэта не патрэбна...

Статкевіч: Што такое грамадзтва? Гэта ўсе грамадзяне? Што вы разумееце пад гэтым словам? Калі вы разумееце пад словам грамадзтва людзей з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, то я думаю, што гэтым людзям патрэбныя такія паводзіны, і ня толькі мае. Зараз у Чэхіі на запрашэньне арганізацыі «Чалавек у бядзе» знаходзіцца Яўген Васьковіч. Ёсьць Мікалай Дзядок, ёсьць Ігар Аліневіч і іншыя. Паводзіны ўсіх гэтых людзей запатрабаваныя, таму што беларускае грамадзтва зараз патрабуе прыкладаў годных паводзінаў людзей, якія займаюць выразна акрэсьленую палітычную, патрыятычную пазыцыю. Нам такіх выпадкаў не стае. Ў нас шмат было супрацьлеглых выпадкаў у мінулай гісторыі, калі людзі падымалі сьцяг, вялі, казалі прыгожыя словы, а потым звальвалі, уцякалі, здраджвалі. Гэта будзе запатрабавана, бо на прыкладах найперш гэтых маладых людзей, якіх я назваў, будуецца нацыя. Нацыя не бывае без таго, каб за яе нехта не змагаўся. Я стары біты падпалкоўнік, а гэта прыклады маладых людзей, амаль дзяцей зь гледзішча майго ўзросту... Гэта каштуе вельмі шмат для станаўленьня, канчатковага фармаваньня нашай нацыі. Гэта героі, давайце гэта прызнаем, і гэта прыклад людзей, якія захавалі годнасьць і гонар у вельмі цяжкіх умовах, якія можна параўнаць нават зь пеклам.

Соўсь: Калі вы былі за кратамі, то зь вязьніцы заклікалі паплечнікаў па апазыцыі зрабіць працу над памылкамі 19 сьнежня 2010 году? Фактычна, гэтая праца над памылкамі не адбылася. Прайшлі яшчэ адны выбары. Палітыка і гісторыя ня маюць ўмоўнага ладу, але калі б вярнуцца да іншай ваша прапановы зь вязьніцы. Каб беларускія дэмакратычныя сілы вылучылі вас, палітвязьня, кандыдатам на прэзыдэнта, паспрабаваўшы зламаць сцэнар улады, ці мог бы быць вынік гэтай выбарчай кампаніі іншым?

Статкевіч: Па-першае, наконт працы над памылкамі. Я б не назваў гэта так. Гэта быў час, калі прайшла парлямэнцкая кампанія, да прэзыдэнцкай было яшчэ дастаткова далёка... Мне прыйшлося гэта рабіць некалькі разоў, бо гэтыя лісты не прапускалі. Я проста даў ацэнку паводзінаў некаторых кандыдатаў і камандаў. Гэта трэба было зрабіць, таму што подлыя паводзіны, здрада павінны быць вядомыя людзям. Я думаю, што гэта аказала пэўны ўплыў, і мы, як мінімум, аднаго кандыдата, які мог бы быць на гэтых выбарах, там не пабачылі. Жонка вельмі супраціўлялася гэтаму. Яна ня любіць канфліктаў і затрымала друкаваньне ў інтэрнэце гэтых лістоў. Гэта трэба было сказаць, зрабіць, і зараз я пра гэта кажу.

Соўсь: Ці зьбіраліся вы пасьля вызваленьня, каб разам зрабіць гэтую працу над памылкамі?

Статкевіч: У любой постсавецкай краіне ў апазыцыі прынята сваіх апанэнтаў называць, лічыць агентамі спэцслужбаў. Але ёсьць даказаныя выпадкі. І калі такі выпадак даказаны, што чалавек здраднік ці стукач, то я за адным сталом зь ім сядзець ня буду. Цяпер наконт прапановы. Гэта была не мая прапанова наконт вылучэньня мяне адзіным кандыдатам. Гэтую прапанову высоўвалі Ўладзімер Навасяд, Сяргей Скрабец, Уладзімер Някляеў. Гэтая прапанова даволі працяглы час гучала.

Соўсь: Ідэя прыгожая была...

Статкевіч: Ідэя сапраўды маральная, прыгожая. Я падтрымаў гэтую ідэю. Я разумеў, што на тле ўкраінскіх працэсаў, калі крытычнасьць успрыманьня Лукашэнкі з боку Захаду падае, трэба, каб апазыцыя выступіла як суб’ект, а для гэтага трэба адзінства на выбарах. Найбольш рэальным варыянтам, як я жартаваў, было бы вылучэньне адзіным кандыдатам нябожчыка, тады б усе пагадзіліся, але і беларускае, і міжнароднае грамадзтва гэтага б не зразумела. Вылучэньне адзіным кандыдатам апазыцыйнага палітыка з тых, хто на свабодзе, я лічыў мала рэальным. Яўных лідэраў не было, а кожны лічыць сябе, як гэта ў мужчынаў бывае, самым лепшым, галоўным, крутым і гэта далей. Таму застаўся такі варыянт як вылучэньне палітвязьня. Я спадзяваўся, што ён можа быць падтрыманым, таму што я не магу перайсьці нікому дарогу ні ў якіх кантактах, ні ў якіх патоках і гэтак далей. Я ведаў, чаго мне будзе каштаваць згода прыняць гэтую прапанову. Другая «крытая» была мне па сутнасьці за гэтае. Але гэта дзеля адзінства дэмакратычных сілаў, каб яны выступілі годна, каб яны выклікалі сымпатыю і павагу ў грамадзтва, я вырашыў прыняць гэтую прапанову, але, на жаль, яна не прайшла. ​

Соўсь: Вы казалі пра тое, што апазыцыя мусіць быць суб’ектам. Ня так даў вы разам з іншымі апазыцыйнымі лідэрамі зьвярнуліся да Эўразьвязу з просьбай выступіць пасярэднікам у перамовах паміж прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў і ўлады...

Статкевіч: (сьмяецца) Мы зьвярнуліся да Эўразьвязу з тым, каб па-першае, ўмовай зьняцьця санкцыяў было б паляпшэньне выбарчага заканадаўства і, па-другое, практыка правядзеньня парлямэнцкіх выбараў. Была прапанова калегаў упрыгожыць гэта яшчэ такой прапановай, ведаючы, што Лукашэнка яе не прыме. Чаму такія прапановы вылучаем? Вылучаем, маючы мала спадзеваў, што Лукашэнка гэта прыме, бо яго можна толькі знутры прымусіць гэта прыняць, ды і тое, можа і позна, не ўратуем ад народнага гневу. Праз чатыры месяцы, гэта ўжо хутка, будзе ставіцца пытаньне аб скасаваньні санкцыяў. Таму, каб санкцыі захаваліся хаця бы ў адкладзеным выглядзе, трэба прадэманстраваць канструктыўныя прапановы з боку апазыцыі, якія Лукашэнка не прыняў, і каб гэта зрабілася ўмовай зьняцьця санкцый.

Соўсь: Дык гэта быў ваш тактычны крок такі?

Статкевіч: Гэта нейкае дробнае пытаньне. Дзіўна. што палітолягі разважаюць, артыкулы пішуць пра тое, што Лукашэнка ніколі ня пойдзе... Разумныя ж людзі.

Соўсь: Я хацела запытацца пра іншае ў гэтым кантэксьце. Я добра памятаю вашае апошняе слова на судзе, зварот да дыпляматаў заходніх краінаў: «ня трэба прапаноўваць рэжыму грошы за нашу свабоду. Выкупляць у бандытаў закладнікаў нельга. Пасьля нас будуць іншыя ахвяры. Я гатовы ахвяраваць сваёй свабодай, каб наблізіць свабоду сваёй краіны». Выглядае, што вашае пасланьне не пачулі, не дайшло яно, вас фактычна выкупілі напярэдадні выбараў. Ці вы расчараваныя?

Статкевіч: Каб мне было 17 гадоў, я бы мог быць расчараваным. Але даруйце, я столькі пражыў. Я розных людзей бачыў на свабодзе і асабліва не на свабодзе. Такія людзі... Трэба выбары выйграць, трэба каб гандаль рос, каб больш даходу было, каб заробкі і пэнсіі былі. Нашы праблемы — гэта толькі нашы праблемы. Ёсьць пэўная колькасьць людзей, вельмі рэдкіх людзей, можна сказаць, сьвятых людзей, якія дапамагаюць нам. Гэта тая ж арганізацыя «Чалавек у бядзе» , іх жа ніхто не прымушаў узяць і зрабіць нам гэты падарунак. Усе астатнія дбаюць найперш пра сябе. Безумоўна, такая мая заява ў судзе — гэта быў спосаб ціску. І я буду працягваць гэты ціск, я буду апэляваць да іхніх уласных каштоўнасьцяў. Бо ёсьць жа ня толькі тыя, хто ва ўладзе, ёсьць тыя, хто ў апазыцыі. Ёсьць жа грамадзянская супольнасьць, яна дастаткова вольная там Дзеля Беларусі, дзеля нашых мэтаў, каб Беларусь была нармальная, я буду выкарыстоўваць такія сродкі ціску, апэлюючы да іх каштоўнасьцяў, бо ўсё ж там у пэўных людзей там гэта знаходзіць водгук.

Соўсь: Фальсыфікацыі беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў у верасьні 2001 году былі фактычна забытыя пасьля тэракту 11 верасьня, дэпартацыя Нямцова і Хакамады зь Беларусі ў 2002 годзе прайшла незаўважнай пасьля тэракту на Дуброўцы, за некалькі дзён да трагедыі ў Беслане ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускага Інфабанку і быў вельмі рэзкі выступ сэнатара Макейна пра Беларусь, і гэта зноў забылася пасьля тэрактаў. Ёсьць канспіралягічныя, кантравэрсыйныя тэорыі, што Лукашэнку шанцуе, ці што ён, магчыма, ведае пра гэтыя тэракты загадзя. Як вы лічыце, ці можа скарыстаць ўлада Беларусі тэракты ў Парыжы на сваю карысьць?

Статкевіч: Я ўвогуле ня бачу тут ніякага шанцаваньня. Не было б гэтага тэракту ў Нью-Ёрку ў 2001 годзе, і што? Як бы гэта паўплывала ў той ці іншы бок на нашу сытуацыю? Ніяк. Больш на адну заяву бы напісалі. І ўсё. Аналягічна з Хакамадай і Нямцовым. Ніяк гэта не паўплывала на нашу сытуацыю. Давайце свае праблемы будзем вырашаць самі. Безумоўна, парыскія тэракты маглі быць скарыстаныя постсавецкімі рэжымамі, любымі аўтарытарнымі рэжымамі дзеля закручваньня гаек. Бо бясьпека — гэта заўсёды зручная нагода. Мусульманскія тэрарысты забілі людзей, дык давайце мы тут апазыцыянэраў, дэмакратаў прыцісьнем. Была б нагода і магчымасьць. Гаворка зараз пра магчымасьць. У рэжыму зараз банальна не стае грошай. Мяне яшчэ, даруйце, не выкупілі. Грошы за тое, што я выйшаў, ніхто не атрымаў. І спадзяюся, не атрымае. Зараз ім бы хацелася б, безумоўна. Я што не разумею, калі акцыі праводзіў падчас выбараў, што ім вельмі хацелася нешта зрабіць, капытамі білі падначаленыя. І зараз таксама ім вельмі хочацца. Зараз пытаньне ў тым, ці хопіць грошай.

Соўсь: Што трэба рабіць, каб у Беларусі не адбываліся тэракты, падобныя на парыскі?

Статкевіч: Ня лезьці. Беларусь — невялікая краіна, не абароненая ніякай кааліцыяй. Бывае, што краіна ўступае ў вялікую сілавую кааліцыю, у ваенны блёк і яна атрымоўвае плюсы і мінусы. Яна атрымоўвае вялікую бясьпеку, гарантыю свайго існаваньня, тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту, але за гэта яна плаціць тым, што вымушаная ўдзельнічаць у нейкіх кампаніях, і ўзьнікае пагроза тэрактаў на яе тэрыторыі. Кожны народ выбірае, ці варта, гэта залежыць ад сытуацыі. Але калі краіна не абароненая ніякая кааліцыяй, лезьці ў геапалітычныя, глябальныя гульні, тым больш сілавыя канфлікты, мабыць, проста ня варта. Мы — не вялікія і не магутныя, нам трэба спачатку разабрацца са сваімі праблемамі.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG