Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальніку Лоеўскай міліцыі суд зноў даў час, каб вызначыцца з абразай у сюжэтах «Белсату»


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

9 сакавіка судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Ірына Званко чарговы раз запатрабавала ад начальніка Лоеўскага раённага аддзелу міліцыі Ўладзімера Бухаўцова вызначыць, якія менавіта месцы ў сюжэце тэлеканалу «Белсат» і відэаздымках журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага ганьбяць яго гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.

Выставіўшы Жукоўскаму і тэлеканалу «Белсат» пазоў за відэасюжэты «Міліцыянты бʼюць журналістаў, каб прыхаваць вынікі эканамічнага заняпаду» і «Будзённае жыцьцё рэгіёну Лоеў», Уладзімер Бухаўцоў ня можа канкрэтна сфармуляваць, якія выразы ці словы прынізілі яго гонар і годнасьць.

Пятае паседжаньне суду прызначана на 20 сакавіка.

Аднолькавы фрагмэнт з удзелам Бухаўцова паказаны ў абодвух відэасюжэтах — ён у міліцэйскай форме са сваімі службоўцамі спрабуе ці то закрыць, ці то схапіць відэакамэру, загадвае «спыніць незаконныя відэаздымкі». Але пазоў падае ў суд як прыватная асоба. У той жа час на суд, за выключэньнем сёньняшняга паседжаньня, прыяжджае ў форме падпалкоўніка міліцыі.

«Я ацэньваю сюжэты ў цэлым», — адказвае Ўладзімер Бухаўцоў на пытаньні судзьдзі і адказчыкаў па справе, калі яго пасьля прагляду відэасюжэту просяць удакладніць, што яго абразіла ў толькі што прагледжаных кадрах. І дадае:

«Я ня ўдзельнічаў у затрыманьні Жукоўскага, не выкручваў яму рукі, не надзяваў кайданкі ў райаддзеле міліцыі, не праводзіў затрыманьне і не чыніў зьдзекаў у адносінах да ўсіх тых людзей, якія паказаныя ў відэасюжэце «Будзённае жыцьцё рэгіёну Лоеў».

Важным аргумэнтам, які пацьвярджае яго годную дзелавую рэпутацыю як начальніка міліцыі, Бухаўцоў лічыць пастанову Лоеўскага райаддзелу Сьледчага камітэту аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць мясцовых міліцыянтаў па заявах фрылансэраў Кастуся Жукоўскага і Аляксея Атрошчанкі. Пастанову гэтую па хадайніцтве Ўладзімера Бухаўцова суд запатрабаваў у Сьледчым камітэце і агучыў на паседжаньні.

«Патрабуючы вывучаць падобныя пастановы, Бухаўцоў толькі зацягвае справу, — сказаў у судзе Кастусь Жукоўскі. — Пастанова да пазову спадара Бухаўцова пра абарону гонару й годнасьці ня мае дачыненьня. Райаддзел Сьледчага камітэту адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу па маёй заяве, бо зьбіцьцё ў міліцыі, паводле высновы судмэдэкспэртызы, не прывяло да расстройства майго здароўя. Але ж мяне пабілі, і экспэртыза гэта зафіксавала. І да іншых людзей у Лоеве міліцыя ўжывала гвалт. Гэта ўсё й было адлюстравана ў відэасюжэтах».

Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

Грамадзкі актывіст, былы афіцэр міліцыі Ўладзімер Няпомняшчых, паглядзеўшы відэасюжэт пра зьдзек лоеўскіх міліцыянтаў са звычайных жыхароў, ня вытрымаў, абурыўся ўголас: «Чэ Гевара яшчэ прыйдзе!» Судзьдзя выдаліла яго з залі паседжаньняў.

Пазьней Няпомняшчых так патлумачыў сваё абурэньне:

«Начальнік міліцыі не абстрактны пазоў павінен быў пісаць, а падаваць рапарт аб адстаўцы. Калі падначаленыя ўчыняюць гвалт зь людзей, несьці адказнасьць павінен і начальнік. Такі маральны прынцып павінен існаваць у міліцыі. І журналісты, я ўпэўнены, напісалі б тады, што начальніка з такімі маральнымі прынцыпамі варта аднавіць на пасадзе».

Аляксей Мільчонак
Аляксей Мільчонак

Прадстаўнік тэлеканалу «Белсат» Аляксей Мільчонак, які першы раз прысутнічаў сёньня ў судзе ў якасьці суадказчыка, патлумачыў, што толькі адзін зь сюжэтаў — «Міліцыянты бʼюць журналістаў, каб прыхаваць вынікі эканамічнага заняпаду» — быў паказаны ў эфіры. Яго рыхтаваў не Жукоўскі, а журналіст Руселік. У ім былі скарыстаныя відэаздымкі Жукоўскага з удзелам Бухаўцова як начальніка міліцыі, але прозьвішча ня згадваецца, абразы ніякай на яго адрас няма.

«Ёсьць кадры, на якіх Бухаўцоў прыехаў затрымліваць Жукоўскага, спрабуе схапіць ці пашкодзіць тэхніку — не зусім зразумела, бо камэра нечакана становіцца няўстойлівай. Бухаўцоў у той час быў пры выкананьні службовых абавязкаў, у грамадзкім месцы. Ніякім чынам яго правы не парушаныя, і мы будзем прасіць суд пакінуць пазоў без задавальненьня», — тлумачыць пазыцыю «Белсату» спадар Мільчонак.

Віктар Адзіночанка
Віктар Адзіночанка

Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Віктар Адзіночанка, які сочыць за разглядам грамадзянскай справы ў судзе, зьвяртае ўвагу на тое, што пазоўнік Уладзімер Бухаўцоў ужо некалькі паседжаньняў запар проста «плавае».

«Ён не прыводзіць ніякіх канкрэтных прыкладаў абразы ў сюжэтах Жукоўскага. Відаць, таму судзьдзя й запатрабавала вызначыць, зь якой сэкунды ці хвіліны кадры абражаюць гонар і годнасьць», — кажа праваабаронца Адзіночанка.

Сам Уладзімер Бухаўцоў адмаўляецца ад камэнтароў для мэдыяў, кажучы: «Усё будзе сказана ў судзе».

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Леанід Судаленка, які ад імя Беларускай асацыяцыі журналістаў прадстаўляе інтарэсы Жукоўскага ў судзе, лічыць, што пазоў толькі па форме прыватны:

«Склалася ўражаньне, што Ўладзімер Бухаўцоў хоча празь нібыта прыватны пазоў аб абароне гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі да фрылансэра і „Белсату“ апраўдаць дзеяньні сваіх падначаленых, а заадно апраўдацца і сам як начальнік міліцыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG