Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лоеўскія міліцэйскія начальнікі жывуць “па паняціях”» — зьбіты журналіст Жукоўскі


Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота
Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота

21 чэрвеня ў Лоеве міліцыянты затрымалі, завялі ў раённы аддзел і пабілі журналіста Кастуся Жукоўскага ды апэратара Аляксея Атрашчанкава, якія здымалі на лоеўскай цагельні. Хлопцаў 6 гадзін пратрымалі ў пастарунку, надзелі кайданкі, зьдзекаваліся, выкручвалі рукі, кінулі на падлогу, білі нагамі.

Яшчэ ў Лоеве Канстанцін Жукоўскі адразу пасьля інцыдэнту езьдзіў у Цэнтральны раённы шпіталь, і там зафіксавалі, што ў яго засталіся сьляды ад кайданкоў на руках, драпіны на сьпіне, у раёне нырак і апухлая ключыца. Таксама праверылі на алькаголь. На наступны дзень, у сераду ўжо ў Гомелі Жукоўскі прайшоў судова-мэдычную экспэртызу, якая таксама зафіксавала, што ёсьць сьляды ад кайданкоў, драпіны на сьпіне.

Цяпер хлопцы дамагаюцца, каб Сьледчы камітэт правёў праверку, кажа Свабодзе Жукоўскі:

«Я напісаў яшчэ ў Лоеве заяву ў Сьледчы камітэт, каб правялі праверку па факце біцьця журналістаў у раённым аддзеле міліцыі. Знарок не пісаў, каб завялі крымінальную справу, бо яны потым абвінавацяць мяне ў фальшывым сьведчаньні, як ужо не адзін раз было. Мала таго, праверыць вельмі проста: на ўваходзе ў Лоеўскі РАУС вісіць відэакамэра, і яна дакладна працавала. Ды паглядзіце вы відэазапіс, і ўсё стане ясна!

Аляксей Атрашчанкаў таксама напісаў у службу бясьпекі міліцыі, каб патлумачылі прычыны такога жорсткага абыходжаньня з намі. Яго вельмі акрутна затрымлівалі, закінулі ў машыну. Відэакамэру таксама шпульнулі — цяпер на корпусе шчыліна. Да таго ж, трымалі нас больш за 6 гадзін. Праваабаронца Леанід Судаленка дапамог нам скласьці скаргі.

Калі бачаць чалавека з камэрай, абавязкова затрымліваюць, але ніколі не было так жорстка

Я шмат у якіх рэгіёнах быў. Так, калі бачаць чалавека з камэрай, абавязкова затрымліваюць, але ніколі не было так жорстка. Звычайна канчалася ўсё размовай з ідэолягам. А ў Лоеве, я лічу, гэта мясцовая ініцыятыва. Прычым, зьдзіўляюць паводзіны міліцыянтаў і перакананасьць, што ім усё дазволена. Калі я пачаў абурацца (маўляў, што вы робіце?) начальнік лоеўскай міліцыі Ўладзімер Бухаўцоў на вуха казаў мне такія непрыстойнасьці! Я яшчэ кажу супрацоўнікам ДАІ: „Вы хочаце, каб у краіне быў парадак, калі так сябе паводзіць сам начальнік міліцыі?“

А намесьнік начальніка міліцыі Генадзь Маджара з такой асалодай мяне душыў, рукі ламаў, нагамі біў па кайданках. Плечы баляць дагэтуль. Я не магу сказаць, што нешта брутальнае, але нас проста ламалі, душылі, выварочвалі рукі. І гэта ў самім РАУСе! Такое ўражаньне, што жывуць лоеўскія міліцэйскія начальнікі “па паняціях”».

22 чэрвеня журналісты, якія асьвятляюць Усебеларускі народны сход, распавялі пра зьбіцьцё калег у Лоеве міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу:

«Любая інфармацыя аб бяспраўных дзеяньнях нашых супрацоўнікаў будзе праверана. У тым ліку і па гэтым выпадку. Мы ніводнага такога паведамленьня не пакідаем без увагі. Дамо ацэнку і гэтым фактам. Наступалі на галаву, не наступалі... Ведаеце, на мой погляд не было ніякіх прычын супрацоўнікам органаў унутраных спраў так дзейнічаць. Я вельмі спадзяюся, што так яно і было», — пракамэнтаваў сытуацыю Шуневіч.

Незалежнага журналіста з Гомелю Кастуся Жукоўскага сёлета ўжо 7 разоў судзілі за працу без акрэдытацыі на тэлеканал «Белсат». Агульная сума штрафаў журналістам у Беларусі па гэткіх абвінавачаньнях сёлета склала ўжо больш за 70 мільёнаў рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG