Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запатрабаваў «хлопцу з бэнзапілой» 15 гадоў турмы


Улад Казакевіч
Улад Казакевіч

Ад 20 лютага ў Менскім гарадзкім судзе ідзе разгляд справы Ўлада Казакевіча, які 8 кастрычніка 2016 году напаў з бэнзапілой на людзей у гандлёвым цэнтры «Новая Эўропа», забіў аднаго чалавека, параніў некалькі, плянаваў іншыя забойствы. Казакевіч прызнаў віну, расказаў пра дэталі падрыхтоўкі да забойстваў і заявіў, што працягне забіваць, калі выйдзе на волю. На судзе агучылі ягоны дыягназ — шызоіднае расстройства асобы і ўмерана дэпрэсіўны эпізод.

Падчас судовых дэбатаў 27 лютага пракурор запатрабаваў для Казакевіча 15 год турмы.

Пракурор Алег Буйлянкоў у выступе заявіў, што віна Ўлада Казакевіча ў забойстве і нанясеньні людзям траўмаў была ў судзе даказаная праз прызнаньне абвінавачанага, паказаньні пацярпелых і сьведак, заключэньні экспэртыз і рэчавыя доказы. Абвінавачаны Казакевіч на момант нападу ня меў 18 год, таму паводле беларускага закону яго немагчыма пакараць больш як на 15 гадоў зьняволеньня. Казакевіч ніяк не адрэагаваў на прамову пракурора Буйлянкова. Сёньня ў судзе прысутнічаюць бацька і маці абвінавачанага, якія ў перапынку раіліся з адвакатам.

Маці, сястра і дачка загінулай Алены Александронец ў спрэчках заявілі, што абвінавачаны Казакевіч не варты літасьці і папрасілі для яго самага суворага пакараньня, якога дазваляе закон.

Апошняе слова Казакевіча было кароткім:

«На жаль, ня выканаў усяго, што задумаў. Спадзяюся вярнуцца і завяршыць».

Прысуд агалосяць 3 сакавіка ў Маскоўскім судзе.

Адвакат прасіў апраўдаць падсуднага па двух эпізодах, уключна з хуліганствам, і перакваліфікаваць артыкул 139 з 2 на 1 частку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG