Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінія абароны ці проста бязьлітасны чалавек? Юрысты камэнтуюць паводзіны Ўлада Казакевіча ў судзе


Уладзіслаў Казакевіч
Уладзіслаў Казакевіч

20 лютага ў Менскім гарадзкім судзе пачалі разглядаць справу Ўладзіслава Казакевіча, які 8 кастрычніка 2016 году напаў з бэнзапілой на людзей у гандлёвым цэнтры «Новая Эўропа».

Выступаючы ў судзе, Казакевіч сказаў, што не раскайваецца ў тым, што зрабіў, і калі выйдзе на волю, то працягне забіваць. «Вырашыў, што гэта выдатная ідэя — папілаваць людзей бэнзапілой», — сказаў ён у судзе.

Такія абуральныя заявы выклікалі падазрэньні некаторых назіральнікаў: выказваецца меркаваньне, што такім чынам бок абароны спрабуе дамагчыся, каб Казакевіча прызналі бесьсьвядомым.

У прыватнасьці, так лічыць адвакатка Менскай абласной калегіі адвакатаў Марыя Колесава-Гудзіліна.

«Увесь інтэрнэт кіпіць на тэму „Бязьлітасны Казакевіч зь пілой, халодны позірк, ён будзе забіваць яшчэ, прыхільнік ІДзІЛ і г.д.“. На мой погляд, усё ў гэтых паводзінах прадумана, і я захапляюся працай адваката, які будуе абарону на неадэкватнасьці У. Казакевіча», — напісала яна ў сваім Фэйсбуку.

Марыя Колесава-Гудзіліна
Марыя Колесава-Гудзіліна

Старшыня юрыдычнай камісіі БХК, былы адвакат і прэзыдэнт Саюзу адвакатаў Беларусі Гары Паганяйла ня верыць, што паводзіны Казакевіча ў судзе — гэта прадуманая лінія абароны з мэтай, каб падсуднага прызналі бесьсьвядомым і ён пазьбег крымінальнай адказнасьці.

«Карані такіх паводзін трэба шукаць у дзяцінстве — гэта недагляд выхаваньня, адукацыі. Гэта такія паводзіны зьвераняці. Казакевіч — жорсткі чалавек, жыў без бацькоў, азлоблены. Яму хочацца самасьцьвердзіцца, паказаць, на што ён здольны», — кажа праваабаронца.

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

На думку Паганяйлы, паводзіны Казакевіча нельга лічыць акторскай гульнёй — калі б ён ня меў адпаведных унутраных перакананьняў, ён бы не паводзіў сябе так.

«Што тычыцца псыхікі, то ў яго, натуральна, ёсьць расстройствы паводзінаў. Зь ім павінны працаваць псыхолягі. Ён чалавек з адхіленьнямі, хоць я ня ведаю, як далёка зайшлі гэтыя адхіленьні», — кажа юрыст.

Паганяйла сьцьвярджае, што імавернасьць паўторнай судова-псыхіятрычнай экспэртызы невялікая. Пры гэтым юрыст не выключае, што пры першай экспэртызе псыхіятры маглі і памыліцца.

«Увогуле, у мяне вялікія прэтэнзіі да нашых псыхіятраў і псыхолягаў, якія часам фармальна праводзяць такога роду абсьледаваньні. Часам ім не хапае кампэтэнцыі — я сутыкаўся з гэтым у сваёй юрыдычнай практыцы. Тым ня менш наўрад ці суд прызначыць паўторную экспэртызу. У ягоных сёньняшніх паводзінах няма нічога новага ў параўнаньні з тым, што назірала сьледзтва, што было вядома пра гэтага чалавека да суду. Але я не выключаю памылкі лекараў-псыхіятраў», — сказаў ён.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна», былы адвакат Павал Сапелка кажа, што звонку цяжка судзіць, чым выклікана такая манера паводзінаў. Але юрыст ня верыць, што Казакевіч такім чынам сымулюе стан бесьсьвядомасьці.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

У любым выпадку, упэўнены Сапелка, паўторная судова-псыхіятрычная экспэртыза ня выключана:

«Калі ў судзьдзі ўзьнікнуць якія-небудзь сумневы, калі тыя сьведчаньні, якія будуць выкладзеныя падчас судовых паседжаньняў, будуць дапаўняць тыя, якія леглі ў аснову судова-псыхіятрычнай экспэртызы, ці супярэчыць ім, то абарона (а можа, нават і абвінавачаньне) мае права хадайнічаць аб прызначэньні паўторнай экспэртызы. Я асабіста заўсёды лічыў, што пры самых мінімальных сумневах у наяўнасьці сьвядомасьці ў падсуднага павінны прымацца ўсе меры, каб тыя сумневы ліквідаваць. Не павінна быць падазрэньняў, што судзяць чалавека бесьсьвядомага ці абмежавана сьвядомага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG