Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыйныя палітыкі гатовыя да «круглага стала» з Лукашэнкам


Беларускія палітыкі выказваюць гатоўнасьць узяць удзел у агульнанацыянальным круглым стале.

Учора галоўны рэдактар газэты «Народная Воля» Ёсіф Сярэдзіч падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам выступіў з прапановай правесьці агульнанацыянальны круглы стол. Паводле Сярэдзіча, гэтую прапанову прэзыдэнт прынамсі не адкінуў.

Саньнікаў: Выйсьце — свабодныя выбары

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, палітэмігрант Андрэй Саньнікаў сказаў Свабодзе, што гатовы ўзяць удзел у круглым стале, калі ён будзе мець выгляд перамоваў паміж уладай і апазыцыяй.

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

«Сапраўдны дыялёг сёньня патрэбны. Я б нават сказаў, што патрэбныя цяпер перамовы паміж рэжымам і дэмакратычнай супольнасьцю. Калі гэта не балбатня (бо мы ведаем, як могуць арганізоўвацца гэтыя круглыя сталы), то я падтрымліваю гэтую ідэю. Я нават яе выказваў сам. Але калі гэта будуць сапраўдныя перамовы аб тым, як выйсьці з гэтага крызісу. Адзіны шлях выйсьця, які я бачу, — гэта праз свабодныя выбары», — сказаў ён.

Севярынец: Тэмы для дыскусіі: абарона незалежнасьці і новыя свабодныя выбары

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец лічыць, што ў круглым стале павінен узяць удзел асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Павал Севярынец

Павал Севярынец

«Калі гэта будзе сапраўды круглы стол з удзелам самога Лукашэнкі, з удзелам кіраўнікоў вядучых палітычных сілаў, то такі стол цяпер патрэбны. У парадку дня круглага стала павінны быць 2 тэмы: абарона незалежнасьці і новыя свабодныя выбары на ўсіх узроўнях. Калі такія тэмы там будуць абмяркоўваць, то тады, канечне, прыняць удзел трэба. А калі гэта будзе проста дзеля таго, каб пасядзець і паказаць эўрапейцам, што ў нас тут дыялёг, а потым разыдземся і Лукашэнка пачне рабіць тое ж, што ён творыць, то сэнсу ў такім круглым стале няма», — мяркуе палітык.

Гайдукевіч: Сувэрэнітэт дзяржавы і абарона нацыянальных інтарэсаў

Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч назваў прапанову Сярэдзіча «вельмі прыстойнай і своечасовай».

Сяргей Гайдукевіч

Сяргей Гайдукевіч

«Я заўсёды казаў, што мы можам спрачацца, не пагаджацца з чымсьці, бо ў кожнага свае палітычныя перакананьні, але ёсьць пункты, дзе ў нас няма супярэчнасьцяў. Сувэрэнітэт дзяржавы і абарона нацыянальных інтарэсаў Беларусі — гэта актуальна для ўсіх палітычных сіл, у каго ёсьць мазгі. Мы павінны быць адзіныя. Таму я, канечне, буду прысутнічаць, калі такі круглы стол будзе арганізоўвацца. Мы павінны аб’яднацца. І, дарэчы, нацыянальную ідэю таксама сфармуляваць», — кажа ён.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG