Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змагарку з карупцыяй высяляюць са службовага жыльля, суд пачнецца 19 студзеня


Belarus - Nina Karol, former headmistress of breeding complex in Chyrvony Berah. 10Jan2017
Belarus - Nina Karol, former headmistress of breeding complex in Chyrvony Berah. 10Jan2017

Жлобінскі раённы суд 19 студзеня разгледзіць пазоў дырэкцыі КСУП «Чырвонабярэскі» аб высяленьні са службовага дома змагаркі з карупцыяй і прыпіскамі, былога галоўнага эканаміста й начальніцы жывёлагадоўчага комплексу Ніны Кароль.

«Суд на высяленьне прызначаны, нягледзячы на тое, што я аспрэчваю сваё звальненьне з саўгасу за прагул. Бо звольнілі мяне найперш таму, што я не мірылася зь недахопамі ў гаспадарцы, якія ўзьнікалі пераважна з прычыны некампэтэнтнасьці кіраўніцтва ды некаторых спэцыялістаў».

Яшчэ летась дырэкцыя прадпрыемства абвінаваціла Ніну Кароль у нястачы камбікорму і праз суд патрабавала сплаціць амаль тысячу рублёў. Аднак Жлобінскі раённы суд прызнаў вінаватым у нястачы камбікорму кіроўцу, які атрымаў на складзе тры тоны камбікорму, але да жывёлагадоўчага комплексу, дзе Ніна Кароль была начальніцай, не давёз.

Адначасова суд вынес прыватнае азначэньне на адрас дырэкцыі «Чырвонабярэскага» за неахайнае вядзеньне справаздачнай бухгальтарскай дакумэнтацыі.

30 жніўня Ніна Кароль на падставе дакладной былога галоўнага заатэхніка Натальлі Сазончык, дарэчы, агранома зь сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй, была звольненая загадам дырэктара Карэна Мурадзяна за прагул 15 жніўня. Кароль аспрэчвала звальненьне ў судзе, але той адмовіў у аднаўленьні на працы, бо яна адсутнічала на працоўным месцы больш за тры гадзіны. Абласны суд адхіліў апэляцыю.

Цяпер Ніна Кароль рыхтуе наглядную скаргу на імя старшыні абласнога суду. Сам факт паездкі 15 жніўня ў Жлобінскую раённую пракуратуру яна не адмаўляе. Езьдзіла яна на прыём да намесьніка пракурора — з прычыны канфлікту з дырэкцыяй сельгаспрадпрыемства. Спэцыялістку ў той час не дапускалі да працы начальнікам жывёлагадоўчага комплексу, а патрабавалі заступіць вартаўніком фэрмы ў Казіміравай Слабадзе. Заяву на вартаўніка, дакладней, «начнога жывёлавода», Кароль напісала перад адпачынкам, калі распачынаўся канфлікт.

Службовы дом у Чырвоным Беразе, дзе жыве Ніна Кароль
Службовы дом у Чырвоным Беразе, дзе жыве Ніна Кароль

«16 студзеня я езьдзіла са скаргай у Генпракуратуру, бо лічу сваё звальненьне помстай за маю грамадзянскую пазыцыю. Ніхто не бярэ пад увагу, чаму я вымушаная была ехаць у пракуратуру», — кажа беспрацоўная Ніна Кароль.

Раней жанчына напісала скаргу ў адміністрацыю прэзыдэнта. Адтуль скаргу пераслалі ў Гомель. Першы намесьнік старшыні аблвыканкаму Аляксандар Мікалуцкі ў адказе на імя Кароль напісаў: устаноўлена, у тым ліку і судом, што 15 жніўня «Вы ня выйшлі на працу і адсутнічалі на працоўным месцы з 8:00 да 17:00 без паважнай прычыны, апраўдальных дакумэнтаў не прадставілі».

Паколькі Ніна Кароль, заатэхнік па спэцыяльнасьці, са жніўня мінулага году не працуе ў КСУП «Чырвонабярэскі», то дырэкцыя й падала ў суд пазоў на высяленьне са службовага дома, які належыць сельгаспрадпрыемству.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG