Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску прадставяць кнігу Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы»


Зьміцер Бартосік падчас прэзэнтацыі кнігі “Быў у пана верабейка гаварушчы” ў Берасьці. 4 сьнежня 2016 году
Зьміцер Бартосік падчас прэзэнтацыі кнігі “Быў у пана верабейка гаварушчы” ў Берасьці. 4 сьнежня 2016 году

8 сьнежня ў менскім Прэс-клюбе (Веры Харужай, 3-601) адбудзецца прэзэнтацыя кнігі знанага барда, літаратара і журналіста Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы», якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода.

Кніга вырасла з адной з самых любімых радыёслухачамі перадачаў — «Падарожжы Свабоды». Аўтар сабраў разам гісторыі, пра якія сьведкі адважыліся расказаць толькі напрыканцы жыцьця і якія мяняюць звыклае ўяўленьне пра тое, што рабілася ў Беларусі ў ХХ стагодзьдзі.

На прэзэнтацыю завітаюць дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, рэдактар кнігі Сяргей Дубавец. На вечарыне прагучаць як архіўныя запісы Радыё Свабода, так і песьні Зьмітра Бартосіка. Пачатак у 18:00.

ПАДАРОЖНІК СВАБОДЫ

«Тысячу разоў выпраўляўся Падарожнік у паход па невядомай плянэце з таямнічай цывілізацыяй, зьменлівым мінулым і застылай будучыняй.

Тысячу разоў сустракалі Падарожніка зачыненыя брамы, замкнёныя дзьверы, закрытыя вокны.

Тысячу разоў Падарожнік прасіў напіцца ў тутэйшых, якія ня ведалі, дзе жывуць, які час на календары, адкуль і куды ідуць.

Тысячу разоў Падарожніку казалі, што тут разумеюць толькі, чаго ня бачыць, што не памятаць, як не адказваць.

Тысячу разоў даставаў Падарожнік з заплечніка жывую цікаўнасьць, бясконцае цярпеньне і ветлівую настойлівасьць.

Тысячу разоў мусіла паўтарыцца тысяча разоў, каб расплюшчыліся вочы, расьцяліся вусны, паліліся прызнаньні і паўстала гэтая малая падарожная кніжыца.

Малая, як сьвет бясконцы, што ў ёй адкрываецца».

Аляксандар Лукашук, Радыё Свабода

Валадар «Грамафона»

Пра аўтара новай свабодаўскай кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы» піша рэдактарка Аляксандра Макавік:

Аляксандра Макавік
Аляксандра Макавік

​«Ёсьць такі захапляльны і небясьпечны жанр — мэмуар пра знакамітага чалавека, калі той быў звычайным, не вядомым нікому хлопцам. Напярэдадні прэзэнтацыі новай кнігі Зьмітра Бартосіка я падумала, што таксама захоўваю ўспаміны з часоў, калі аўтар быў яшчэ падобны не да маладога Гэмінгуэя, а да маладога Элвіса Прэсьлі.

Ён пісаў у колішнюю «Нашу Ніву» пра літаратуру, тэатар і пра вечнае — якраз у рэдакцыі я і пабачыла яго пры канцы 1990-х. Насіў пунсовую шаўковую кашулю (нечувана, але факт), паміж двума кубкамі кавы мог стварыць жорсткі гарадзкі раманс (пра шалік белы з чырвонаю стужкай) і тут жа яго прасьпяваць; рагатаў так гучна, што чуваць было на ганку рэдакцыі; захапляльна і артыстычна апавядаў пра новыя кнігі, фільмы і спэктаклі — шмат якія толькі выйгравалі ў Бартосікавым пераказе. Лішне казаць, што харызма рок-зоркі спалучалася ў ім з узорнай сьціпласьцю — памятаю, як ён разгарнуў сьвежы нумар «НН» з уласным артыкулам і фота і, уздыхнуўшы, ціха прамармытаў: «Ну і пыса. Як у беларускага нацыяналіста, што сто разоў запар выгукнуў «Жыве Беларусь!».

А самае, магчыма, цікавае і невытлумачальнае адбывалася вакол яго як рэдактара паэтычнай паласы «Нашай Нівы» зь лірычнай назвай «Грамафон». Там публікаваліся ня знаныя паэты — а чытачы. Таямнічыя інкогніта, маладыя паштальёны, вясковыя школьніцы, правінцыйныя пэнсіянэры, выкладчыцы беларускай, маракі далёкага плаваньня і людзі бяз пэўнага занятку, якія дасылалі ў газэту вершы ў спадзеве надрукавацца. Прыйдзеш, бывае, на працу — тупае пры дзьвярах, імжыстых ад марозу, суворы дзядзька, са скруткам пад пахай: «Ці пан Бартосік будзе сёньня?» Паэт цярпліва дачакаецца пана рэдактара «Грамафона» і шматзначна скажа яму: «Прыехаў у Менск першым ранішнім цягніком, каб пагаварыць з вамі пра новыя вершы. А ўчора ўначы вось кабанчыка зарэзаў». Усе ў пакоі прыціхнуць, ня ведаючы, ці можна Бартосіка пакідаць сам-насам з гэтым аўтарам.

Бартосік чытаў вялізную пошту «Грамафона» самаахвярна — ён рэдагаваў вершы і аддаваў у друк, дэклямаваў уголас паэмы з працягам, пісаў парады паэтам у рубрыку «Паштовая скрынка», сустракаўся з тымі, што прыяжджалі ў рэдакцыю, і ўважліва, вельмі шчыра з усімі размаўляў. Праз шмат гадоў мне сустракаліся людзі, для якіх Зьміцер Бартосік, рэдактар нашаніўскага «Грамафона», быў натхняльнікам і першым публікатарам. А маё знаёмства зь ім — зайздросным фактам біяграфіі. Калі Бартосік выпраўляўся на гастролі або ў вандроўку, нехта з калегаў мог і пераняць паэтычную паласу — часова, бо толькі яму ўдавалася знайсьці сапраўдныя пэрліны і падаць іх у слушным кантэксьце, адказаць аўтарам і трапна, і дыпляматычна.

Вострае вока, увага да дэталяў, іронія і драматычны дар чакаюць і чытачоў Бартосікавых кніг, сярод якіх зусім новая, пакуль не чытаная мной «Быў у пана верабейка гаварушчы». Цешуся гэтаму і шчыра віншую аўтара».

Вінцук Вячорка: Кніга Бартосіка — канцэнтрат беларускага космасу

Вячаслаў Ракіцкі пра кнігу Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы»: гэта сымфонія беларускага жыцьця

Уладзімер Арлоў: «Пакуль едзе Бартосік, сумна нікому ня будзе»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG