Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская мова не савецкая», — у Магілёве Зьміцер Бартосік правёў мяжу паміж дабром і злом


Зьміцер Бартосік чытае магілёўцам

Зьміцер Бартосік чытае магілёўцам

Журналіст і бард Зьміцер Бартосік прэзэнтаваў у Магілёве сваю кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы...», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Аўтар сабраў гісторыі людзей, якія мяняюць звыклае ўяўленьне аб тым, што рабілася ў Беларусі ў 20 стагодзьдзі.

Кніга складаецца зь перадачаў «Падарожжы Свабоды», якія выходзілі на хвалях беларускай службы Радыё Свабода.

Бартосікава кніга

Бартосікава кніга

У грамадзкі цэнтар «Кола» паслухаць Бартосікаву праўду «пра мяжу дабра і зла ў душы беларускага чалавека» прыйшлі больш за два дзясяткі магілёўцаў. У анатацыі да кнігі гаворацца, што гэтую мяжу «адныя пераходзілі, рабуючы панскія сядзібы, а іншыя не пераходзілі, пашыраючы асьвету і памнажаючы дабрабыт».

Ня даў Бог зброю і ўладу суседу

Аўтар заўважае: у кніжцы сабраныя гісторыі людзей, многія зь якіх расказаныя ўпершыню. Гэтым людзям пры канцы жыцьця захацелася выгаварыць свае даўнія крыўды.

«З усіх гэтых гісторыяў сэнс фразы „Абы не было вайны“ такі: ня дай Бог зброя і абсалютная ўлада бяз страху пакараньня трапіць суседу. У 1920-30 гады столькі назапасілася злобы і прэтэнзіяў адно да аднаго, што падчас акупацыі часам звычайныя людзі пераўтвараліся ў зьвяроў. Бяз гэтых гісторыяў маленькага простага чалавека карціна вайны будзе абсалютна няпоўнай», — казаў пра сваю працу Зьміцер Бартосік.

На прэзэнтацыі кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы...»

На прэзэнтацыі кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы...»

«Нас Лукашэнка адзеў босых, голых... Мы да Лукашэнкі ў лапцях хадзілі», — цытаваў Бартосік словы 90-гадовай кабеты.

«Марыя так доўга жыве на сьвеце, а Лукашэнка так доўга прэзыдэнт, што стаў для яе міталягічнай фігурай, — працягваў аўтар. — Ён і Сталін, і Машэраў, і ўся савецкая ўлада разам узятая... І вайну выйграў Лукашэнка. І ў космас паляцелі, дзякуючы яму. І ўсё, што ёсьць у жыцьці добрага, зьвязана зь ягоным імем».

Магілёўцы ўсьміхаліся. Хмыкалі. Тым часам Зьміцер чытаў наступны фрагмэнт.

Хацелі «жыць», таму «жыды»

«У Хальчы было пяцьдзясят восем крамаў. Жыдоўскіх. Так і цяпер старыя людзі называюць вуліцу «Жыды». Гэта пасьля даведаліся, што гэта яўрэі. А то ж было здаўна — жыд, — пераказваў аповед старога капальніка калодзежаў зь вёскі на беразе Сажа свабодавец. — Увесь час на іх ганеньні былі, яны выжылі. Жыць хацелі. І слова «жыць» перавярнулі на «жыд».

Як жа не запісаць на тэлефон песьні Бартосіка ў яго ж выкананьні

Як жа не запісаць на тэлефон песьні Бартосіка ў яго ж выкананьні

Магілёўская літаратарка Тацяна Барысік прачытала кнігу свайго калегі да сустрэчы з аўтарам. У кнізе, адзначае яна, аповеды людзей, якія пражылі жыцьцё і нічога добрага ня бачылі.

«Мае дзядуля і бабуля пражылі доўгае жыцьцё. І калі чытаеш Бартосікаву кнігу, такое адчуваньне, што, нібыта, сустракаесься зь імі, — дзеліцца ўражаньнямі пісьменьніца. — Асабліва ў кнізе кранулі аповеды пра жыцьцё ў акупацыі — пра партызанаў. Тое, што казалі мае старыя, не казалі ў школе. Дзядуля ваяваў і быў вэтэранам, а бабуля жыла пад немцам і яе партызаны страшылі расстрэлам. Дык дзед абураўся, што ён вэтэран, а ягоная жонка не. Ён, аднак, папярэджваў мяне: ты слухай, але ня ўсё пішы».

Беларусь — загадкавая краіна з начэпленай савецкай маскай

Папярэднічала «Падарожжам Свабоды», казаў Зьміцер Бартосік, праграма «Палітычная геаграфія». Яна пачала выходзіць на хвалях Радыё Свабода ў 2001 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

«Вясёлая была праграма, — казаў Бартосік. — У гэтай праграме палітычныя актывісты зрывалі з рэжыму „ягоную подлую маску і выкрывалі крывавага дыктатара“, а пэнсіянэры наадварот не маглі яго нахваліць. Так ім было добра», — з іроніяй адзначаў госьць.

А можа гэты Бартосік падманвае? Трэба пільнаваць!

А можа гэты Бартосік падманвае? Трэба пільнаваць!

«Беларусь — загадкавая краіна. Яна, прадчуваючы нейкую бяду, па-партызанску, у свой час, начапіла савецкую маску. Пад гэтай маскай яна хавае сваю несавецкую сутнасьць. Шляхецкую, мужыцкую, якую заўгодна, але не савецкую. І гэтая маска будзе скінутая без аніякіх шкадаваньняў, як толькі зьнікне пагроза вайны», — спрагназаваў ён.

«У Сабалёўцы нікога не раскулачылі, у Прудку таксама нікога. А ў нас — так, — чытаў словы наступнай гераіні сваёй кнігі Зьміцер. — Сьцяпана засудзілі. Пасеяў авёс. А тут дождж заліў на тыдзень. І не пасьпеў сабраць. Дзесяць гадоў далі. Ваньку Барысіка. У яго алейня была. Гэта страшны буржуй».

Беларуская мова супраціўляецца саветчыне

Удзельнік даўнішняга праекту Беларускай службы Радыё Свабода «Барды Свабоды» Васіль Аўраменка лічыць, што дакумэнтальна-мастацкі жанр, у якім напісаная кніга «Быў у пана верабейка гаварушчы...», запатрабаваны цяперашнім чытачом. «Сам час і эпоха патрабуе такіх кніг», — адзначыў ён.

«Зафіксаваць гісторыю ад жывых яе сьведкаў — гэтага пакуль не хапае. Магчыма, у будучыні па гэтых аповедах і будуць вывучаць гісторыю краю. Даверу да такой гісторыі болей, чым да той, якая выкладзеная ў цяперашніх паручніках. Гісторыі простых людзей не адарваныя ад жыцьця. Яны жывыя і надзённыя», — казаў бард Свабоды Васіль Аўраменка.

На разьвітаньне — кніга з аўтографам

На разьвітаньне — кніга з аўтографам

На прэзэнтацыі Зьміцер Бартосік апавёў пра першае сваё знаёмства зь беларускай мовай і, як ён піша ў кнізе, адчуў: «Беларуская мова — не савецкая».

«Дастаткова пачытаць беларускіх пісьменьнікаў савецкага часу, якія выкарыстоўвалі „сацыялістычны стыль“ у сваёй творчасьці, каб пераканацца ў гэтым, — настойваў ён. — Беларуская мова гучыць у такіх працах гумарыстычна, анэкдатычна ды несур’ёзна.

Напрыклад, раённыя газэты пісалі: „Новымі паверхамі цягнецца ў наша мірнае неба наш горад вечна малады“. Такая падача інфармацыі, такія сацыялістычныя штампы кожнага разу даказвалі, што беларуская мова на ўзроўні словаў і інтанацыяў супраціўляецца гэтай саветчыне», — заключыў Зьміцер Бартосік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG