Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня: дзень народзінаў Барбары Радзівіл


«Жыгімонт ІІ Аўгуст і Барбара Радзівіл на радзівілаўскім двары ў Вільні». Карціна Яна Матэйкі, 1867

«Жыгімонт ІІ Аўгуст і Барбара Радзівіл на радзівілаўскім двары ў Вільні». Карціна Яна Матэйкі, 1867

Падзеі 6 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня

Дата дня

6 сьнежня 1520 году нарадзілася Барбара Радзівіл, каралева польская і вялікая княгіня літоўская. Брат Барбары, Мікалай Радзівіл Чорны, быў ня супраць скарыстаць шлюб сястры з Жыгімонтам Аўгустам, каб палепшыць сваё становішча. А Жыгімонтава маці, каралева Бона Сфорца, ненавідзела Радзівілаў. Жыгімонт парушыў сваё слова болей ня бачыцца з Барбарай і пабраўся зь ёю таемным шлюбам.

Бона Сфорца зрабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць каранаваньню Барбары. Калі Сэйм усё ж каранаваў Барбару, Бона Сфорца пакінула Кракаў і зьехала на радзіму, у Італію. Існуе вэрсія, што патаемна яна пакінула агентаў, каб атруціць ненавісную нявестку. Барбару каранавалі ў сьнежні 1550 году, а праз шэсьць месяцаў яе ня стала.

Шэсьць беларускіх гісторый каханьня

10 замкаў і палацаў, у якіх жывуць беларускія прывіды

Таксама ў гэты дзень

1240 — войска Батыя разбурыла Кіеў.

1768 — надрукавана першае выданьне Encyclopedia Britannica.

1917 — Фінляндыя атрымала незалежнасьць ад Расеі.

1925 — у Вільні выйшаў з друку першы нумар «Сялянскай Нівы».

1926 — адбылося другое ўзбуйненьне БССР: да рэспублікі далучаныя Гомельскі і Рэчыцкі паветы расфармаванай Гомельскай губэрні.

1971 — Пакістан разарваў дыпляматычныя адносіны зь Індыяй, пасьля таго як тая прызнала Банглядэш.

1978 — на рэфэрэндуме ў Гішпаніі была зацьверджана дэмакратычная канстытуцыя пасьля амаль 40 гадоў панаваньня дыктатуры.

1998 — Уга Чавэса абралі на прэзыдэнта Вэнэсуэлы.

Уга Чавэс пачынае перадвыбарчую кампанію, 1997 год

Уга Чавэс пачынае перадвыбарчую кампанію, 1997 год

У гэты дзень нарадзіліся

1800 — Язэп Ходзька, беларускі геадэзіст і тапограф.

1933 — Зінаіда Мажэйка, беларуская этнамузыказнаўца.

У памяці

1736 — памёр Юзаф Тадэвуш Агінскі, палітычны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

1921 — памёр Мікалай Янчук, беларускі і ўкраінскі навуковец-славіст, гісторык, этнограф, фальклярыст і літаратуразнаўца.

Куды варта пайсьці і за чым сачыць

У Маладэчне 6 сьнежня працягнецца суд па справе загінулай школьніцы. Вучаніца 8-й клясы школы № 11 Маладэчна Вікторыя Папчэня загінула 29 верасьня на сельскагаспадарчых працах у СВК «Усход-агра» — на яе наехаў грузавік. Ад траўмаў дзяўчынка памерла па дарозе ў шпіталь.

Актывісты «Ініцыятывы» правялі 1 сьнежня ў Маладэчне акцыю супраць прымусовай працы школьнікаў

Актывісты «Ініцыятывы» правялі 1 сьнежня ў Маладэчне акцыю супраць прымусовай працы школьнікаў

Бацька школьніцы, якая загінула падчас збору бульбы, патрабуе расьсьледаваньня Міністэрства працы

«Альтэрнатыва» выклікала «на дыван» кіраўніка Маладэчанскага райвыканкаму

Інтэлектуальныя гульні

«Грай-квіз»

«Грай-квіз» — гэта камандная інтэлектуальная гульня на беларускай мове. Максымальная колькасьць гульцоў у камандзе — 6 чалавек. Гульня складаецца зь сямі тураў. Колькасьць пытаньняў у турах — ад дзевяці да трох. Першы тур — самы доўгі, апошні — самы кароткі.

​Менск, арт-цэнтар «Грай» (Інтэрнацыянальная вул., 33).
Пачатак а 19:00.
Удзел бясплатны, неабходна папярэдняя рэгістрацыя.

Індывідуальная «Свая гульня», прысьвечаная Ўладзімеру Караткевічу

Інтэлектуалы філялягічнага факультэту БДУ ладзяць 6 сьнежня інтэлектуальную гульню, тэма якой «Уладзімер Караткевіч». Удзел у гульні могуць узяць усе ахвотныя.

"Свая гульня« — гэта інтэлектуальная віктарына, дзе перамагае той, хто набярэ максымальную колькасьць балаў, правільна адказваючы на пытаньні. Пытаньні маюць кошт ад 10 да 50 балаў, залежна ад складанасьці. За няправільныя адказы балы аднімаюцца.

Менск, Філялягічны факультэт БДУ (вул. Карла Маркса, 31, аўдыторыя 304).
Пачатак а 19:00.
Удзел бясплатны.

Імпрэзы і кіно

Другі паўфінал паэтычнага конкурсу «Рухавік»

Шматсэрыйны паэтычны турнір паміж маладымі літаратарамі ідзе зь верасьня. Удзельнікаў гэтым разам будзе 13, іх задача — зьдзівіць публіку сваёй творчасьцю ўсяго за 5 хвілін.

Менск, бар «Графіці» (зав. Калініна, 16).
Пачатак а 19:00.
Уваход: 5 рублёў.

Кінафэстываль «Чалавечая годнасьць, роўнасьць, справядлівасьць»

На працягу фэстывалю з 1 па 10 сьнежня менскія гледачы змогуць паглядзець стужкі пра чалавека і яго годнасьць, барацьбу за шчасьце насуперак абставінам. У межах кінафэсту 6 сьнежня будзе прадстаўлены фільм «Раніцай».

​Менск, кінатэатар «Перамога» (Інтэрнацыянальная вул., 20).
Пачатак а 19:00.
Уваход вольны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG