Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бразыліі прэзыдэнту Дзілме Русэф парлямэнт абвясьціў імпічмэнт, яна адхілена ад улады. Ва Ўзбэкістане памёр нязьменны прэзыдэнт Іслам Карымаў. Здавалася б, падзеі розныя. Але ёсьць у іх нешта агульнае. Яны даюць падставу паразважаць пра лёс прэзыдэнтаў і іх народаў.

Пачнём з Бразыліі. Пасьля імпічмэнту суседнія краіны Вэнэсуэла і Эквадор у знак пратэсту адклікалі сваіх амбасадараў з бразыльскай сталіцы. І тут цікавая аргумэнтацыя. У заяве МЗС Вэнэсуэлы гаворыцца, што ўлады Баліварыянскай Рэспублікі расцанілі тое, што адбылося ў суседняй краіне, як «парлямэнцкі пераварот» і выказваюць «сваю салідарнасьць з прэзыдэнтам Дзілмай Русэф і мільёнамі жанчын і мужчын, якія абралі яе шляхам прамога і тайнага галасаваньня». То бок лёгіка тут такая: той, хто выбраны ўсім народам, ня можа быць адхілены нейкім дзяржаўным органам, кшталту парлямэнту.

У гэтай немудрагелістай фразе насамрэч закладзены канфлікт паміж рознымі мадэлямі дэмакратыі. Дакладней — паміж плебісцытарнай і лібэральнай дэмакратыямі.

Калі казаць вельмі груба і спрошчана, то плебісцытарная дэмакратыя прадугледжвае, што народ выбірае ўладу, найперш прэзыдэнта, і той робіць усё што захоча, ня вельмі абмяжоўваючы сябе нейкімі стрымліваньнямі, процівагамі ці працэдурамі. Яскравым прадстаўніком такога тыпу дэмакратыі быў кіраўнік Вэнэсуэлы Уга Чавэс і ёсьць цяпер Аляксандар Лукашэнка.

А лібэральная дэмакратыя зыходзіць з таго, што любая выбраная ўлада павінна дзейнічаць строга ў межах Канстытуцыі, законаў, працэдур. Спробы выйсьці за межы закону павінны карацца адхіленьнем палітыка ад улады. Што і адбылося ў Бразыліі.

Праблема, аднак, у тым, што калі кіраўнік дзяржавы можа рабіць усё што захоча, то хутка высьвятляецца, што нават мадэль плебісцытарнай дэмакратыі яму становіцца цеснай. І празь нейкі час ён адкідае дэмакратыю ўвогуле.

Беларусь перажыла гэты канфлікт яшчэ ў 1994–1996 гадах. Тады Лукашэнка ўвесь час скардзіўся, што Вярхоўны Савет і Канстытуцыйны суд яму перашкаджаюць зрабіць беларускі народ шчасьлівым. І большасьць насельніцтва тады падтрымала прэзыдэнта. Ну, а пасьля гэтага сапраўдная воля народа кіраўніка Беларусі ўжо ня надта і цікавіла.

І да чаго гэта прыводзіць, мы можам пабачыць на прыкладзе Ўзбэкістану. Адзіны і нязьменны прэзыдэнт Іслам Карымаў ня мог памерці як нармальны чалавек. Бо ягонае атачэньне асьцерагалася, каб сьмерць дыктатара ня выклікала дэстабілізацыі ў краіне. Таму і хавалі да апошняга інфармацыю пра ягоны стан.

Нешта падобнае адбывалася ў Вэнэсуэле падчас сьмерці Уга Чавэса. Таму і здараюцца такія курʼёзы, калі, напрыклад, Уладзімір Пуцін, віншуючы Ўзбэкістан з Днём Незалежнасьці, пажадаў Ісламу Карымаву моцнага здароўя, хоць неафіцыйна было вядома, што той на апаратах штучнага жыцьцезабесьпячэньня, то бок, па сутнасьці, напалову жывы.

Высьвятляецца, што пэрсаналісцкія аўтарытарныя рэжымы, рэжымы асабістай улады — самыя нестабільныя

Вось да чаго прывяла знакамітая стабільнасьць. Высьвятляецца, што пэрсаналісцкія аўтарытарныя рэжымы, рэжымы асабістай улады — самыя нестабільныя. Бо ў рэжымах падобнага тыпу (як ва Ўзбэкістане і Беларусі) няма мэханізму перадачы ўлады нават унутры кіраўнічай каманды, ня кажучы ўжо пра тое, каб яна магла перайсьці да апазыцыі. Праблема яшчэ і ў тым, што дыктатары пры жыцьці рэдка калі прызначаюць пераемнікаў. Бо асьцерагаюцца, каб той пераемнік не паскорыў іхны сыход з улады ці нават з жыцьця.

У выніку ўзьнікае вакуўм улады. І пераход паўнамоцтваў да новага кіраўніцтва непазьбежна ператвараецца ў палітычны крызіс, які часта вырашаецца сілавым шляхам. Напрыклад, пасьля сьмерці Сталіна Мікіта Хрушчоў расчысьціў сабе шлях да ўлады праз арышт і расстрэл моцнага суперніка — Лаўрэнція Бэрыі.

Справа ў тым, што ў пэрсаналісцкім рэжыме ўся сыстэма ўладных інстытутаў і мэханізмаў скроеная і пашытая пад аднаго чалавека, на яго вобраз і падабенства, і замкнёная на ім. Функцыянаваць яна здольная толькі ад пастаянных і актыўных імпульсаў, якія паходзяць ад яго, і адначасова жорсткага здушэньня ўсіх іншых палітычных фактараў як у рамках сыстэмы, так і па-за ёю. І выпадзеньне аўтарытарнага ўладара стварае моцны крызіс.

Гэтую сытуацыю на беларускім прыкладзе добра апісаў расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін:

«Калі выняць блёк пад назвай Бацька, сыстэма спыніцца, як гадзіньнік без батарэйкі. Альтэрнатыўных крыніц сілкаваньня мадэль не прадугледжвае. Яны старанна вышукваюцца і зьнішчаюцца. Іх існаваньне супярэчыць таму самаму пачуцьцю лукашэнкаўскай справядлівасьці. Ня можа быць ніякіх альтэрнатыў, калі ёсьць такі выдатны Аляксандар Рыгоравіч... Ня так страшны тыран, як тое, што пачынаецца пасьля. Пасьля сыходу Гаспадара пры ўладзе застаюцца не генэратары, а антэны: людзі, галоўным талентам якіх было ўлавіць найтанчэйшыя нюансы паводзін, першымі прачытаць і задаволіць таемныя пажаданьні. Разабрацца, хто вінаваты, хто не, больш немагчыма. Законаў і судоў няма — ён сам быў хадзячы суд і закон. Навыку прымаць сурʼёзныя рашэньні няма — ён вырашаў за ўсіх і сам прызначаў вінаватых, калі рашэньні аказваліся памылковымі. Нарэшце, страху і сумленьня таксама няма. Ён замяняў сабой і страх, і сумленьне». («Огонек», 2007, № 3.)

Вось у такім стане роспачы аказваецца любая краіна з пэрсаналісцкім аўтарытарным рэжымам пасьля сьмерці ўладара. Няўжо гэта няблізкая беларуская пэрспэктыва?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG