Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праекты ў Вэнэсуэле: жыльля будуем менш, трактароў і МАЗаў не прадаём зусім


На сьценах — «аўтографы» Чавэса і Мадуры

На сьценах — «аўтографы» Чавэса і Мадуры

Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле, спароджаны як падзеньнем сусьветных коштаў на асноўны вэнэсуэльскі тавар — нафту, так і каманднымі мэтадамі кіраваньня, перайшоў у фазу вострага палітычнага крызісу. У мінулую пятніцу прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура ўвёў надзвычайнае становішча, якое прадугледжвае пашырэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў і ўзмацненьне ролі сілавых структураў. Але гэта толькі падштурхнула хвалю пратэстаў тых вэнэсуэльцаў, якія дамагаюцца адстаўкі Мадуры і сабралі за правядзеньне рэфэрэндуму аб імпічмэнце ўжо больш за 1,8 мільёна подпісаў. Раней у краіне ўвялі ліміты на электрычнасьць, зьявіўся дэфіцыт прадуктаў харчаваньня, пачаліся пагромы крамаў, ёсьць факты марадэрства. Як жывецца ў Вэнэсуэле беларусам, якія працуюць там на сумесных будоўлях і прадпрыемствах? Ці не спынілася рэалізацыя праектаў беларуска-вэнэсуэльскага супрацоўніцтва?

У амбасадзе Беларусі ў Вэнэсуэле пра цяперашнюю сытуацыю ў Каракасе і лёс беларускіх праектаў гаварыць з карэспандэнтам Свабоды адмовіліся. «Ня ведаю па тэлефоне, з кім гавару, таму ніякіх інтэрвію», — сказаў амбасадар Алег Пафераў. Ня стаў ён распавядаць і пра тое, як у амбасадзе з электрычнасьцю — абмяжоўваюць ці не.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Вэнэсуэле беларусы будуюць сацыяльнае жыльлё, здабываюць нафту і абслугоўваюць радовішчы, працуюць на трох сумесных заводах на зборцы трактароў «Беларус», аўтамабіляў МАЗ і пагрузчыкаў «Амкадор» у горадзе Барынас, раней актыўна займаліся газыфікацыяй паселішчаў па ўсёй Вэнэсуэле.

Барынас
Барынас

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык мяркуе, што крызіс ня спыніць гэтага супрацоўніцтва.

«Праца працягваецца. Эканамічныя крызісы прыходзяць і сыходзяць, ад іх не застрахаваная ніводная з краін. Галоўнае, што і ў беларускага, і ў вэнэсуэльскага бакоў ёсьць настрой працягваць сумесную працу і дамагацца дасягненьня мэтаў, якія мы ставілі для сябе падчас прыняцьця рашэньняў аб рэалізацыі праектаў».

Баскетбольная пляцоўка пад вокнамі ў «беларускім» квартале Пала Нэгра

Баскетбольная пляцоўка пад вокнамі ў «беларускім» квартале Пала Нэгра

Газаправод пакуль толькі на паперы

Паводле гэтых рашэньняў беларусы меліся газыфікаваць у Вэнэсуэле 13 тысяч дамоў ды паставіць патрэбнае абсталяваньне. Ці выкананыя гэтыя кантракты?

«Цалкам усё выканалі, газыфікавалі дамы ў Барынасе, вэнэсуэльскі бок застаўся задаволены. Але гэты праект скончыўся, а новы так і не зьявіўся, на сувязь яны не выходзяць. Ужо мінула 4 гады», — сказаў Свабодзе галоўны інжынэр прадпрыемства «Белгазбуд» Аляксандар Бобараў. Паводле спадара Бобарава, цяпер ягоных падначаленых у Вэнэсуэле няма. Магчыма, гэта зьвязана з крызісам.

Калі там пэўнасьці няма, дык пэўна, што з-за крызісу адкладаецца рэалізацыя праекту па сумеснай будоўлі газаправоду Баркісімета — Барынас агульнай працягласьцю 232 кілямэтры. Пачаць будоўлю газаправоду плянавалі яшчэ ў 2014 годзе, але ня склалася — няма фінансаваньня, толькі хапіла на праектныя працы. Гэтым займаецца сумеснае прадпрыемства «Вэнэсуэлагазбуд С.А.», якое стварылі адмыслова пад газаправод і для рэалізацыі іншых праграм.

Некалькі сумесных з Вэнэсуэлай праектаў рэалізоўвалася і праз абʼяднаньне «Белпалівагаз». Як паведаміў Свабодзе першы намесьнік дырэктара абʼяднаньня Аляксандар Жылка, у Вэнэсуэлу за мінулыя гады яны пастаўлялі рознае абсталяваньне, у тым ліку — для пераводу аўтамабіляў на газ, а таксама навучалі мясцовых адмыслоўцаў, як працаваць зь беларускімі прыладамі. Цяпер з сумесных праектаў засталося навучаньне пэрсаналу, які мае абслугоўваць будучы газаправод.

«Нашы супрацоўнікі навучаюць мясцовых, як працаваць з газавым абсталяваньнем. Усяго ідзе навучаньне па 15 праграмах. Некалькі дзясяткаў нашых людзей там яшчэ працуюць, але пашырэньня няма. Ужо навучылі тых, хто сам можа навучаць. Таксама кансультуем», — распавёў Аляксандар Жылка. Паводле адмыслоўцы, у беларусаў зь «Белпалівагазу», якія працуюць у Вэнэсуэле, праблемаў з выплатай заробленых там грошай няма, хоць цяжкасьці ў вэнэсуэльскага боку сапраўды ёсьць. «Мы пра гэта ведаем, але на нас гэта не паўплывала», — запэўніў спадар Жылка.

Яшчэ год таму жыльлё здавалі

Адкрыцьцё мікрараёну ў Пала Нэгра

Адкрыцьцё мікрараёну ў Пала Нэгра

Бадай што самай гучнай часткай супрацоўніцтва Беларусі з баліварыянскай рэспублікай быў удзел беларускіх будаўнікоў у жыльлёвай праграме, абвешчанай яшчэ пры жыцьці прэзыдэнта Уга Чавэса. У канцы нулявых улады ўзяліся пабудаваць для вэнэсуэльцаў мільён сацыяльных кватэр, і да рэалізацыі сваіх плянаў падключылі беларусаў.

Дарэчы, у канцы 2015 году да гэтай лічбы сапраўды наблізіліся. Летась у сьнежні ў пасёлку Пола Нэгра здавалі 950-тысячную кватэру. На ўрачыстай цырымоніі, паказанай па нацыянальным тэлебачаньні, засьвяціліся два беларускія будаўнікі зь «Белзамежбуду». А ўсяго гэтая арганізацыя толькі ў штаце Арагуа пабудавала 6,5 тысячы кватэр, паведамляе сайт «Белзамежбуду». Паводле кіраўніка будаўнічай управы гэтай арганізацыі спадара Пракапенкі, сёлета да канца зімы беларусы абяцалі здаць яшчэ амаль 500 кватэр у жыльлёвым квартале № 10 комплексу BAEL/El Libertador. Але ці ўдалося стрымаць абяцаньне, сайт не паведамляе.

А паводле зьвестак з Вэнэсуэлы, жыльлёвая праграма там спынілася. «Часовыя цяжкасьці», — тлумачаць афіцыйныя крыніцы. Спраўдзіць сытуацыю ў беларускім офісе «Белзамежбуду» не ўдалося: размаўляць з журналістам на гэтую тэму адмовіліся, а з дырэктарам Віталём Бандарыкам так і не злучылі.

Начальнік аддзелу па кантролі за якасьцю БУ-1 ЗАТ «Белзамежбуд» Ілья Дубікоўскі (на другім пляне зьлева) і спэцыяліст па сувязях з СМІ Андрэй Сьмірноў. Крайні справа — дэпутат Нацыянальнай асамблеі Рэгула Ла Круз

Начальнік аддзелу па кантролі за якасьцю БУ-1 ЗАТ «Белзамежбуд» Ілья Дубікоўскі (на другім пляне зьлева) і спэцыяліст па сувязях з СМІ Андрэй Сьмірноў. Крайні справа — дэпутат Нацыянальнай асамблеі Рэгула Ла Круз

МАЗ разьбіраюць-зьбіраюць, але каб купіць, няма грошай

Да крызісу Вэнэсуэла купляла нямала грузавых аўтамабіляў МАЗ і трактароў «Беларусь». Як ідуць справы цяпер?

«Ёсьць пэўныя цяжкасьці. Пакуль у нас продажы ў Вэнэсуэлу спыніліся. Гэта цягнецца, як пачаўся ў іх крызіс. Звычайна мы пастаўляем туды нашы аўтамабілі ў разабраным выглядзе, там іх зьбіраюць на адмысловым заводзе, які пабудавалі разам, і прадаюць, а грошы нам пералічаюць. Цяпер грошай у іх няма, мы, адпаведна, нічога не пастаўляем. Хоць ведаем, што завод там працуе. Як працуе бяз нашых камплектуючых? Неяк працуюць», — распавёў супрацоўнік МАЗа з управы продажу грузавой тэхнікі.

Падобны адказ прагучаў і ад супрацоўніцы экспартнага аддзелу МТЗ: пастаўкі камплектуючых для трактароў у Вэнэсуэлу пакуль што спыненыя, але завод там працуе на камплектуючых, якія паставілі раней. Раней штогод туды пастаўлялі камплектаў для 500–1000 трактароў, паведаміла суразмоўніца. Зазначу, што паводле плянаў завод у Барынасе павінен быў зьбіраць 5 тысяч «Беларусаў» яшчэ летась.

Каб здабываць нафту, патрэбныя нафтадаляры

Яшчэ адзін «завіслы» праект супрацоўніцтва Беларусі з Вэнэсуэлай — нафтавы. Калі ўсё пачыналася і Чавэс нават прадаваў нафту ў Беларусь наўпрост, замахнуліся на сумесную здабычу праз 5 год ажно 7 мільёнаў тон вэнэсуэльскай нафты штогод. Паводле экспэрта Тацяны Манёнак, пакуль здолелі асвоіць здабычу менш як мільёна за год, а прычына тая самая — «не хапае фінансаваньня».

Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

«Стварылі сумеснае прадпрыемства. Яно завецца „Пэтралера БелВэнэсаляна“. Працуе гэтае СП з 2007 году, здабылі за гэты час больш за 7 мільёнаў тон нафты і каля 5 мільярдаў кубоў прыроднага газу. Летась знайшлі новае радовішча і ўвялі ў эксплюатацыю тры новыя сьвідравіны. Штодня здабываюць больш за 200 тон нафты, але цяпер узьніклі праблемы зь фінансаваньнем. Да гэтага часу СП працавала з прыбыткам, але як паваліліся кошты на нафту і ўзьніклі праблемы ў эканоміцы Вэнэсуэлы, дык у іх таксама ўзьніклі праблемы. Гэта зьвесткі ад чыноўніка, які дакладна ведае сытуацыю», — распавяла экспэрт Тацяна Манёнак.

Колькі там беларусаў?

Паводле супрацоўніка МАЗа, у Вэнэсуэле з гэтага прадпрыемства вахтавым мэтадам працуе да 10 чалавек. А колькі ўсяго беларусаў можа «жыць і працаваць» у баліварыянскай рэспубліцы?

У МЗС Беларусі не назвалі нават прыблізнай лічбы. У беларускіх арганізацыях, якія накіроўваюць у Вэнэсуэлу супрацоўнікаў паводле кантрактаў, адказваюць па-рознаму. У «Белпалівагазе» кажуць пра «некалькі дзясяткаў» супрацоўнікаў, у «Белзамежбудзе» ўвогуле ніякіх лічбаў не агучваюць. Затое на сайце арганізацыі можна знайсьці зьвесткі пра будоўлю жыльля ў пасёлку Пола Нэгра і даведацца, што ў канцы году там адначасова працавала да 65 беларусаў. А падобных абʼектаў у арганізацыі было каля 10. Да 5 беларусаў яшчэ нядаўна працавалі на сумесным прадпрыемстве па зборцы франтальных пагрузчыкаў «Амкадора» ў горадзе Барынасе. Але складаць лічбы з розных абʼектаў ня мае сэнсу. Адмыслоўцы, якія працавалі ў Вэнэсуэле, кажуць, што колькасьць беларусаў на абʼектах істотна вагаецца. Сёньня больш тут, заўтра — там.

«Калі будавалі цагляны завод у Гуасіта, нашых было чалавек 40, але як завод здалі, беларусы адтуль разьехаліся. Дарэчы, некаторыя рванулі ў Эквадор, бо „Белзамежбуд“ шукае новыя рынкі», — апавёў Віталь, які два гады таму вярнуўся ў Менск з Каракасу. Паводле Віталя, усе, з кім ён працаваў у Вэнэсуэле, адтуль ужо зьехалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG