Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кейс «георгіеўскай стужкі»: як абярнуць бюракратыю супраць самой сябе


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Мяне нядаўна знаёмы зьдзівіў. Кажа, шэсьць гадоў судзіўся з Менскэнэрга з-за свайго лічыльніка ў доме, лішнія грошы яму накруцілі. Дайшоў да Вярхоўнага Суду! І выйграў.

А тут ня менш, на першы погляд, фантастычная навіна. Нібы Давід перамог Галіяфа. «Берасьцейская архітэктарка перамагла георгіеўскія стужкі ў маршрутках». Гучыць пазытыўна з гледзішча чалавека, які ўсьведамляе, што «георгіеўская стужка» найперш мае дачыненьне да сучаснай імпэрскай ідэалёгіі Расеі, чым да падзеяў Другой сусьветнай вайны.

Берасьцейская гарадзкая адміністрацыя «зьвярнула ўвагу» на «недапушчальнасьці разьмяшчэньня на лабавым шкле грамадзкага транспарту розных сьцягоў і рэлігійнай атрыбутыкі».

То бок, дзяржаўная ўладная структура дала параду дзяржаўнаму прадпрыемству. Відаць, колькасьць зваротаў перайшла крытычны пункт, калі прасьцей забараніць усё, чым разьбірацца і даваць адказы. Гэта немалы кавалак чалавека-гадзін. А ў дзяржсыстэме парада начальства — лічы, забарона.

Калі я чую развагі пра тое, што вось «шмат "калярадак" і мала нацыянальнай атрыбутыкі», я звычайна сваім суразмоўцам нагадваю вельмі істотную дэталь. У рэаліях сучаснай Беларусі начапіць на машыну нацыянальную сымболіку — значна больш сьмелы крок, чым начапіць георгіеўскую стужку і нават расейскі сьцяжок.

Беларускія сымпатызанты Крамля ведаюць, што афіцыйна Менск і Масква — саюзьнікі. Таму кіроўцы дзяржаўных і недзяржаўных маршрутак часта дзівяцца, калі маюць праблемы з пасажырамі і кіраўніцтвам з-за свайго шчырага парыву падтрымаць «саюзьніка». А дадайце сюды тых, хто прастадушна ўспрымае «георгіеўскую» стужку як знак перамогі на нацызмам і ня больш за тое. Гэтыя людзі абсалютна шчыра лепяць на свае машыны сымбалі сваіх поглядаў.

І наадварот, у выпадку з нацыянальнай сымболікай чалавек ведае, што ня гледзячы на, нібыта, «адлігу», нацыянальнае застаецца пазнакай апазыцыйнасьці, непрыняцьця існага рэжыму наагул і ачольніка дзяржавы ў прыватнасьці.

А нават калі чалавек проста хоча падкрэсьліць свой патрыятызм «без усялякай палітыкі», ён наперад ведае, што першы сустрэты ім ДАІшнік можа быць і ідэйным «рускамірцам», і служакам, які па старой звычцы рэагуе на ўсё «бэнээфаўскае», але ў кожным разе можа стварыць праблему.

У такой сытуацыі адна нацыянальная налепка вартая дзесяці прамаскоўскіх.

Гэта візуальная дуэль налепкамі і сьцяжкамі існуе ў гэрмэтычнай прасторы краіны пад каўпаком. У аўтарытарнай краіне.

«Перамога» ў Берасьці атрымалася за кошт таго, што забаранілі ўсё. Гучыць ня надта аптымістычна, бо і для нацыянальнай сымболікі месца таксама не застаецца.

Але працягваць падобныя захады варта.

Тая самая рэпрэсіўная бюракратыя, якую выбудаваў аўтарытарны рэжым, можа забуксаваць, калі грамадзяне пачнуць масава зьвяртацца з патрабаваньнямі. Рознага кшталту.

Сьцяжкі ў маршрутках — вершаліна айсбэрга. Адна толькі міліцыя ледзь не штотыдзень падкідае абуральныя для грамадзтва выпадкі паводзінаў сваіх супрацоўнікаў. Дадайце сюды іншых начальнічкаў і начальнікаў розных масьцей, якія на голым месцы ствараюць праблемы для грамадзян.

Берасьцейскі прэцэдэнт узьнік не з нуля. Перад тым быў не адзін падобны зварот. Дый ня толькі ў Берасьці. То тут, там там сустракаў я паведамленьні, маўляў, напісаў у аўтапарк, зьнялі расейскі сьцяжок. Ды я сам рабіў запыт у Менгарвыканкам пра «наварасійскую» атрыбутыку, што прадавалася адным прадпрымальнікам у Менску. Відаць, я быў ня першы, бо атрыбутыка хутка зьнікла з продажу.

Вось яшчэ прыклады адстойваньня правоў:

«Дырэктара аўтазапраўкі будуць судзіць за трансьляцыю расейскага тэлеканала»;

«Лабадзенка выйграў суд за мову»;

«Жыхар Мазыра заплаціць штраф за абразу беларускай мовы».

А вось спасылкі на тое, як дзяржава цісьне на людзей, пагражаючы забраць дзяцей.

Самая гучная справа была ў Бабруйску, калі юрыстам і грамадзкасьці пры падтрымцы СМІ давялося літаральна вырываць з кіпцюроў дзяржавы двух дзяцей.

І зусім фантастычная справа, калі менскі выкладчык давёў у судзе неправамоцнасьць дзеяньняў ДАІшніка.

Калі не баяцца ад узроўню лічыльніка сьвятла да ўзроўню бязбоязна рабіць міліцыянтам заўвагу, калі масава перабароць страх перад сыстэмай як такой, бязьвер'е ў сябе, то ў ідэале бюракратыя мусіць забуксаваць. І тады мы пабачым рэальную карціну, каго больш зь якімі стужкамі і сьцяжкамі.

А за сьцяжкамі — погляд на будучыню краіны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG