Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейская архітэктарка перамагла георгіеўскія стужкі ў маршрутках


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Архітэктарка зь Берасьця Ірына Лаўроўская дамаглася ад «Брэстгартрансу» выбачэньняў за паводзіны кіроўцы машыны з нумарам I TAX 4217 і заявы аб недапушчальнасьці разьмяшчэньня на лабавым шкле грамадзкага транспарту «розных сьцягоў і рэлігійнай атрыбутыкі». Нагодай для скаргаў ва ўпраўленьне эканомікі Берасьцейскага гарвыканкаму і дырэктару «Брэстгараўтатрансу» стала георгіеўская стужка.

«У лісьце я зьвяртала ўвагу на тое, што гэтая стужка апошнім часам зьяўляецца сымбалем баевікоў ва Ўкраіне, — тлумачыць Лаўроўская Свабодзе. — Я пісала, што падчас аплаты праезду заўважыла паласатую стужку, якую баевікі ва Ўкраіне выкарыстоўваюць як сымбаль акупацыі. Тлумачыла, што такія самыя стужкі цягам доўгага часу распаўсюджваюцца прыхільнікамі вайны ў нашым горадзе і рэгіёне.

Ірына Лаўроўская

Ірына Лаўроўская

Гэта вельмі небясьпечная тэндэнцыя, хоць зь першага боку здаецца бяскрыўднай: менавіта такая сымболіка і нашае маўчаньне дазваляе прыхадням, злачынцам адчуваць сябе ў Беларусі як дома і рэкрутаваць у свае колы недасьведчаных і наіўных людзей.

Як адказны чалавек я ветліва папрасіла кіроўцу зьняць стужку, на што ён адказаў крыкам і агрэсіяй у дачыненьні мяне. Такімі паводзінамі ён справакаваў канфліктную сытуацыю ўжо ў самой маршрутцы. Я напісала, як людзі пачалі крычаць на мяне, і гэта было вельмі жахліва. Дзякуй Богу, ехала ня так далёка, а то мяне б раскідалі ў салёне.

Я напісала, што менавіта так адбываецца падзел у грамадзтве, менавіта так адбывалася першая фаза гібрыднай вайны ва Ўкраіне. А схаваная агрэсія ў нашым грамадзтве можа прычыніцца да выбуху, падобнага да данбаскага».

У Магілёве аўтамабіліста аштрафавалі за георгіеўскую стужку на заднім шкле

Лаўроўская распавядае, што да звароту паставіліся сур’ёзна, хоць і разглядалі амаль месяц, ды зьвяртае ўвагу на тое, што пад навіной пра зварот у берасьцейскіх СМІ была агрэсіўная рэакцыя камэнтатараў, абразы, скіраваныя асабіста на яе і нават на ейную працу.

Яна кажа, што заўважае георгіеўскія стужкі на машынах вельмі часта, што ў Берасьці стала болей машынаў з расейскімі нумарамі і такімі стужкамі. Зь імі, сьцьвярджае архітэктарка, машыны без праблемаў перасякаюць мяжу з Польшчай.

У Берасьці Лаўроўская жыве ад нараджэньня, але ніколі ня бачыла, каб георгіеўская стужка ўжывалася менавіта як сымбаль перамогі над нацызмам: калі на 9 траўня на вуліцы выходзілі вэтэраны, яны выходзілі са сваімі мэдалямі, а не са стужкамі. Стужкі ж яна лічыць «спэцыяльна сплянаванай акцыяй, што ня мае на мэце ніякай павагі да франтавікоў, а дэманструе толькі агрэсію да ўсяго сьвету».

«Георгиевская ленточка»: Адкуль, каму, за што

Шэраг краінаў забараняе камуністычную сымболіку і прыраўноўвае яе да нацысцкай, у ліку іх краіны Балтыі, Грузія, Польшча, Чэхія і Ўкраіна. Лаўроўская згадвае, што выказвалася за такую забарону яшчэ ў 1990-я. На тое, што «гэта наша гісторыя», яна адказвала: гэта не пра гісторыю.

«Гэта трэба тлумачыць грамадзтву, — заяўляе Лаўроўская. — Не таму, што мы, дэмакраты, такія шкадлівыя, не разумеем, што гэта частка нашай гісторыі. Гэта ня мае дачыненьня да памяці аб ахвярах вайны, гэта мае іншы падтэкст. Гэта частка нашай гісторыі, безумоўна, але трагічнай гісторыі. Нельга рабіць так, каб чалавек, які ўсьведамляе сябе часткай гэтай гісторыі, рабіў рэванш часоў НКВД, часоў тэрору. Ёсьць дабро, ёсьць зло — на якім баку серп і молат, вядома».

На аўто — расейскі сьцяг, у галаве — Пуцін

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG