Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нярэдка на вуліцах беларускіх гарадоў, асабліва на ўсходзе краіны, можна ўбачыць аўто з расейскай атрыбутыкай — бела-сіне-чырвонымі сьцяжкамі, паласатымі жоўта-чорнымі стужкамі. Некаторыя нават робяць на сваіх аўтамабілях надпісы прарасейскага антызаходняга зьместу. Колькасьць жа машын зь беларускай нацыянальнай сымболікай — мізэрная. Зьяву на прыкладзе Магілёва дасьледаваў наш карэспандэнт.

На працягу апошніх тыдняў, здаецца, прыватных машын з расейскай сымболікай нібыта паменела. Але ўсё адно іх шмат. Просты падлік аўто на скрыжаваньні дзьвюх галоўных вуліц Магілёва выявіў: на сотню прыватных легкавікоў прыпадае дваццаць з расейскімі сьцяжкамі. Амаль у кожным — георгіеўская стужка, сымбаль расейскіх вайсковых захопаў.

Найчасьцей расейскі сьцяжок прымацоўваюць у салёнах аўто ў пары з афіцыйным беларускім. Аўтаўладальнікі кажуць, што гэтак сьцяжкі прадаюць глуханямыя гандляры.

«Асабліва нічога канкрэтнага я ў гэта не ўкладаю. Прапанавалі сьцяжок — купіў і павесіў. І ўсё», — адказвае адзін з кіроўцаў на пытаньне, які сэнс для яго ў тым, каб вывешваць сьцяжок суседняй краіны.

Такое стаўленьне выказваюць пераважна маладыя хлопцы. Яны цьвердзяць: калі б разам зь беларускім і расейскім быў і ўкраінскі, то вывесілі б і яго. Раней, дарэчы, украінская атрыбутыка зрэдку траплялася на вочы, а цяпер яе ані знаку.
Расейскія сьцяжкі ў салёнах машын, як паказваюць гутаркі з аўтаўладальнікамі, сталі нечым накшталт моднага захапленьня. Праўда, апошнім часам, заўважаюць кіроўцы, прадаюць часьцей толькі афіцыйныя беларускія сьцяжкі.

У адной з машын убачыў такія. Аўтаўладальнік тут жа паскардзіўся, што яго гандляры ашукалі: «Хацеў купіць расейскі і беларускі, — абураецца ён, — але мне так хутка сьцяжкі далі, што я не пасьпеў адрэагаваць на тое, што гэта два беларускія. Расея ж для мяне як брат — тое ж самае і Ўкраіна». Украінскай сымболікі ў машыне суразмоўцы не было. На пытаньне, як ён ставіцца да таго, што Расея адабрала ва Ўкраіны Крым, адказвае, што для яго гэта складанае пытаньне, але ўсё адно настойвае: «Я заўжды быў і застаюся на пазыцыі, што Расея і Ўкраіна — нашы найбліжэйшыя браты».

Такая думка пра братэрства трох народаў — хутчэй выключэньне. Бальшыня аўтаўладальнікаў, тлумачачы, чаму вывесілі расейскі сьцяг разам з афіцыйным беларускім, пра Ўкраіну ня згадваюць. «Гэта праява патрыятызму такая. У сьцяжках — адзінства Расеі і Беларусі», — падкрэсьлівае адзін з суразмоўцаў. Яшчэ адзін дадае: «Гэта як адна сям’я — што Расея, тое і Беларусь. Нашы бацькі ваявалі, прадзеды ваявалі. Таму мы павінны быць у згодзе і міры». Сарваную з машыны стужку прычапілі да дрэва

Сарваную з машыны стужку прычапілі да дрэва


Пра георгіеўскія стужкі аўтаўладальнікі кажуць тое самае, што і пра расейскія сьцяжкі. Некаторыя, аднак, пазьбягаюць акцэнтаваць увагу на расейска-беларускім братэрстве. «Можна сказаць, што гэта ў памяць нашых продкаў, якія ваявалі. Ды майго дзеда таксама», — кажа адзін з такіх кіроўцаў. На ягоную думку, сэпаратысты на ўсходзе Ўкраіны несправядліва выкарыстоўваюць стужку як сымбаль змаганьня: «Усё-ткі яны не заслужылі гэтай стужкі, — тлумачыць магілёвец. — Яны яе, можа, выкарыстоўваюць як правакацыю. Мы на Дзень Перамогі ганарымся нашымі дзядамі, а яны начапілі яе, каб пазлаваць нас».

Наступны суразмоўца на бампэры сваёй машыны зрабіў надпіс: «Дошли деды до Берлина — дойдём мы и до Вашингтона». Ён лічыць, што цяперашняя сытуацыя нагадвае перадваенную пачатку саракавых. На ягоную думку, Эўразьвяз і ЗША паводзяць сябе надта непрыязна. «Настроеныя яны даволі агрэсіўна і дэструктыўна, — тлумачыць суразмоўца. — Яны ўсяляк зацікаўленыя ў тым, каб наша эканоміка і грамадзтва не разьвіваліся ў канструктыўным рэчышчы, а заставаліся ў паўфэадальным стане». Сваёй радзімай суразмоўца называе Савецкі Саюз.
Пра еднасьць і любоў да радзімы гавораць і аўтаўладальнікі, якія ў сваіх машынах маюць беларускую нацыянальную сымболіку. «Я проста люблю сваю радзіму і такім чынам праяўляю салідарнасьць, якая павінна быць між намі, беларусамі», — тлумачыць жыхарка Магілёва. На яе машыне — налепка з «Пагоняю», а на антэне — бел-чырвона-белая стужка. Суразмоўніца нічога ня мае супраць расейскіх сьцяжкоў, калі іх вывешваюць расейцы. Пра беларусаў жа яна кажа: «Мы беларусы, і наш сьцяг — бел-чырвона-белы. Ён павінен вісець у машыне. Калі ж беларусы вывешваюць расейскі сьцяг, то я іх, калі шчыра, не разумею».
Яшчэ адзін уладальнік аўто зь бел-чырвона-белым сьцяжком лічыць, што гэта — сапраўдны нацыянальны сымбаль, правераны часам. Суразмоўца без варожасьці ставіцца да тых беларусаў, якія маюць у машынах сымболіку суседняй дзяржавы, аднак усё ж іх засьцерагае: «Трэба быць асьцярожнымі з гэтымі замежнымі сьцяжкамі. Хто яго ведае — павозіш расейскія, мо яны й прыйдуць потым на танках. Скажуць: чаму вы тут ушчамляеце тых, хто за нас? Давайце мы тут дапаможам нашым людзям».
На думку рупліўцаў беларушчыны, машын з нацыянальнай сымболікай было б болей, каб яе можна было дзе набыць. Некаторыя самі яе вырабляюць і раздаюць знаёмцам. Што ў беларускіх гарадах пануе расейшчына, а месца беларушчыне адведзена на ўскрайку, — да гэтага, на іх погляд, спрычынілася дзяржава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG