Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец езьдзіць па Магілёве на машыне, размаляванай у танкі: «Украінцы нам не браты»


Машына расейскага госьця з танкамі

Машына расейскага госьця з танкамі

Незвычайны аўтамабіль зьявіўся на вуліцах Магілёва. Госьць з Расеі размаляваў на 9 траўня сваё аўто выявамі савецкіх танкаў. Кажа, гэта каб ушанаваць памяць сваіх дзеда і прадзеда, якія «ваявалі з фашыстамі».

Паводле расейца, ягоны прадзед стаў Героем Савецкага Саюзу пасьля фарсіраваньня Дняпра ў Гомельскай вобласьці.

Расейцам крыўдна, што іх вінавацяць у дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, але іх гэта асабліва «не кранае», — кажа ўладальнік аўто. Паводле яго, Украіна ўжо стала для Расеі былой братэрскай. На ягоную думку, Украіне выгадна вінаваціць Расею дзеля заходніх датацыяў.

«Былыя братэрскія краіны, падкрэсьліваю — былыя братэрскія, воляй ці няволяй пад дыктоўку Захаду часта вінавацяць Расею ў сваіх бедах. Цяпер выгадна яе вінаваціць. Ня ведаю, ці прысутнічае там Расея, але калі яны лічаць, што на іхным баку праўда — то няхай вінавацяць.

Нас, расейцаў, гэта асабліва не кранае. Крыху крыўдзіць, вядома ж — мы ж заўжды былі братамі. Гісторыя нас рассудзіць. Калі яе не перапішуць», — заявіў грамадзянін Расеі, адказваючы на пытаньне Свабоды, як ён ставіцца да таго, што ягоную краіну вінавацяць у падтрымцы сэпаратыстаў.

Паводле суразмоўцы, калі існаваў Савецкі Саюз, усе былі задаволеныя: «У нас быў унутраны рынак, усе добра зараблялі. Прыбалтыка тады наагул лічылася элітарнай краінай — туды ўсе імкнуліся зьезьдзіць. Але як толькі Савецкі Саюз разваліўся, датацыяў атрымліваць не было адкуль. Пачалі атрымліваць ад Захаду», — падае сваё разуменьне сытуацыі расейскі госьць Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG