Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лабадзенка выйграў суд за мову

абноўлена

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

Сёньня ў судзе Фрунзенскага раёну Менску адбыўся суд за парушэньне статусу беларускай мовы супрацоўнікам ЖЭСу.

Літаратар Глеб Лабадзенка абскардзіў парушэньне закону аб зваротах грамадзян, якое выявілася ў тым, што супрацоўнік ЖЭС на ягоны беларускамоўны зварот адказаў па-расейску.

Адбыўся суд, на які з ЖЭСу ніхто не прыйшоў. Судзьдзя вызначыла, што парушаны п. 9.13 КаАП Рэспублікі Беларусь і прысудзіла штраф дырэктару ЖЭСу 5 базавых велічыняў, 500 тысяч рублёў.

Глеб Лабадзенка зазначыў «Свабодзе», што і раней ён патрабаваў ад розных дзяржаўных устаноў, каб адказы на ягоныя беларускамоўныя звароты былі на беларускай мове:

«Звычайна ў адказ на такія прэтэнзіі мне прысылалі выбачэньні і перакладзены на беларускую мову ранейшы дакумэнт. А гэтым разам у ЖЭСе ня проста парушылі закон, яны мяне абразілі.

Тут была справа настолькі адназначная, бо яны пад подпісам і пячаткай ЖЭС-48 адмовілі ў адказе па-беларуску, чым адкрыта быў парушаны закон. Судзьдзя на працэсе сказала, што справа тут адназначная, маглі быць варыянты ў пакараньні, але паколькі такіх хадайніцтваў не паступала, то скончылася штрафам.

Прычым судзьдзя ня проста падышла да справы паводле закону, яна пазытыўна паставілася да мяне і да беларускай мовы, распавяла, што сама навучалася 6 гадоў па-беларуску, сказала, што я ўсё раблю правільна, маральна падтрымала».

У менскім ЖЭС-48 пра рашэньне суду яшчэ ня чулі, ад камэнтароў справы адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што ні дырэктара Ганны Ягоршавай, ні галоўнага інжынэра ЖЭС Алега Галаўко, які падпісваў ліст у адказ Глебу Лабадзенку, цяпер няма на месцы. Пры гэтым сакратарка ЖЭС на пытаньні карэспандэнта «Свабоды», зададзеныя па-беларуску, адказвала па-расейску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG