Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі новы расстрэл: за забойства траіх чалавек пакараны Сяргей Хмялеўскі


Як паведаміў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда, прыведзены ў выкананьне сьмяротны прысуд у дачыненьні Сяргея Хмялеўскага.

«Больш за месяц ад Сяргея Хмялеўскага не было лістоў да сваякоў. Аднак на тым тыдні сваякі адносілі грошы для яго і іх у СІЗА ўзялі. Сёньня яны пайшлі зь ім на спатканьне, дзе ім сказалі, што прысуд выкананы. Акрамя таго, ужо месяц няма лістоў і ад іншага асуджанага — Генадзя Якавіцкага. Пакуль у нас няма ніякай інфармацыі пра яго лёс», — цытуе праваабаронца spring96.org.

Між тым Камітэт ААН у пытаньнях правоў чалавека 3 жніўня пацьвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага звароту Сяргея Хмялеўскага і прасіў беларускія ўлады адкласьці расстрэл асуджанага, пакуль ягоная справа знаходзіцца на разглядзе камітэту.

Сьмяротны прысуд 31-гадоваму жыхару пасёлка Мачулішчы Менскага раёну Сяргею Хмялеўскаму быў вынесены за жорсткае забойства траіх чалавек. Гэты прысуд быў вынесены пасьля перагляду ягонай крымінальнай справы, у якой раней Хмялеўскі быў асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Паводле вэрсіі сьледзтва, Хмялеўскі ў выніку пʼянай сваркі зарэзаў дваіх суседзяў — мужчыну і жанчыну, а таксама забіў яшчэ аднаго мужчыну, які аказаўся выпадковым сьведкам злачынства. Раней Хмялеўскі быў неаднойчы судзімы — за крадзяжы, разбой, рабаваньне, зьбіваньне. Усяго ён правёў у месцах пазбаўленьня волі 13 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG