Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрыстафора Жаляпава будуць судзіць за бела-чырвоны-белы сьцяг у дзень нараджэньня Караткевіча


Хрыстафор Жаляпаў

Хрыстафор Жаляпаў

Сябра Рады руху «За свабоду» і Сойму Партыі БНФ Хрыстафора Жаляпава апавясьцілі пра распачатую адміністрацыйную справу.

«Патэлефанавалі з Кастрычніцкага РАУС, супрацоўнік назваў сябе Сяргеем Вяраксам і паведаміў, што супраць мяне завялі адміністрацыйную справу паводле падзеяў 26 лістапада. Маўляў, я арганізатар несанкцыянаванага пікету. Выклікалі ў пастарунак, каб узяць тлумачэньні. Спачатку я запатрабаваў, каб выклікалі позвай, але міліцыянт сказаў, што можа аддаць позву на рукі пры сустрэчы, а можа нават пад’ехаць да мяне. Я вырашыў, што пайсьці ў РАУС самому будзе для мяне зручней», — расказаў Свабодзе Жаляпаў.

Да Караткевіча — зь бел-чырвона-белым сьцягам

Да Караткевіча — зь бел-чырвона-белым сьцягам

26 лістапада, у дзень 86-й гадавіны Уладзімера Караткевіча, віцябляне прыйшлі да помніка пісьменьніку-земляку. Гэта традыцыйная штогадовая завядзёнка — адзначаць дзень народзінаў клясыка беларускай літаратуры ўскладаньнем кветак і чытаньнем вершаў. Хрыстафор Жаляпаў, ідучы да помніка ад сваёй машыны, разгарнуў нацыянальны сьцяг. Арганізатарам «акцыі» ён сябе ня лічыць:

26 лістапада каля помніка пісьменьніку

26 лістапада каля помніка пісьменьніку

«Якая гэта акцыя, калі людзі прыйшлі да помніка ўшанаваць памяць пісьменьніка ў дзень яго народзінаў? Так, я быў са сьцягам. Гэта мой уласны сьцяг, я часта бяру яго на розныя беларускія імпрэзы. Нічога „злачыннага“ ў гэтым няма: сьцяг не забаронены. Гэта не плякат, не транспарант, мы не крычалі ніякіх лёзунгаў і нават зьбіраліся не арганізавана: хтосьці прыйшоў зь сябрамі, хтосьці, напрыклад я, адзін. Прычым я быў прыемна ўражаны: навокал не было відаць міліцыянтаў. Я нават вырашыў, што нарэшце яны выпрацавалі цывілізаваны падыход да пажаданьняў грамадзкасьці: калі людзі хочуць адзначыць нараджэньне літаратара, то няхай адзначаюць...»

Чытаньне вершаў

Чытаньне вершаў

За парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых акцыяў, паводле артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Хрыстафору Жаляпаву пагражае штраф памерам да 40 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Ён адзіны з усіх, каго спрабуюць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці за сёлетняе ўшанаваньне памяці Ўладзімера Караткевіча.

Маленькі сьцяжок нехта пакінуў каля помніка разам з кветкамі

Маленькі сьцяжок нехта пакінуў каля помніка разам з кветкамі

Між тым той самы Кастрычніцкі РАУС «не заўважыў» сапраўднага пікетаваньня — з плякатамі, сьцягамі і транспарантамі — якое зладзілі 7 лістапада каля помніка Леніну віцебскія прадстаўнікі КПБ і незарэгістраванай Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG