Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 86-я ўгодкі Ўладзімера Караткевіча віцябляне прыйшлі да помніка пісьменьніку-земляку


Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Віцебску
Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Віцебску

Клясык беларускай літаратуры нарадзіўся 26 лістапада 1930 году ў Воршы. Зь Віцебскам яго зьвязвае найперш супрацоўніцтва з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа — тут ставіліся п’есы па ягоных творах.

Аднак любяць Уладзімера Караткевіча ня толькі віцебскія тэатралы — ягонай творчасьцю захапляецца мноства гараджан, і традыцыйна, на кожныя ўгодкі людзі нясуць кветкі да ягонага помніку на вуліцы Чэхава.

Кветкі — пісьменьніку земляку
Кветкі — пісьменьніку земляку

У дзень 86-х угодкаў знакамітага літаратара віцябляне ізноў прыйшлі да помніка з кветкамі. Некалькі мясцовых актывістаў распаўсідзілі запрашэньні праз сацыяльныя сеткі, і апоўдні адзначыць угодкі Ўладзімера Караткевіча сабралася каля двух дзясяткаў чалавек. Яны прынесьлі кветкі, адзін з актывістаў Хрыстафор Жаляпаў разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг. Невялікі нацыянальны сьцяжок разам з кветкамі ўладкавалі каля помніка. Прысутныя пачыталі вершы клясыка, прадстаўнік Таварыства беларускай мовы Іосіф Навумчык падзяліўся асабістымі ўспамінамі пра знаёмства з Уладзімерам Караткевічам.

Хрыстафор Жаляпаў нясе сьцяг
Хрыстафор Жаляпаў нясе сьцяг

Дарэчы, кветкі да помніка Ўладзіміру Караткевічу ў ягоны дзень народзінаў прыносяць ня толькі прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці горада.. 26-га лістапада тут заўжды бывае шмат удзячных чытачоў і шмат кветак.

Тацяна Севярынец і Ёсіф Навумчык
Тацяна Севярынец і Ёсіф Навумчык

Дый самім помнікам, усталяваным у Віцебску ў 1994 годзе, таксама апякуюцца гараджане. Селета, дзякуючы ініцыятыве каардынатаркі па стварэньні партыі БХД Тацяны Севярынец, гарадзкая служба ЖКГ зрабіла тут рамонт: адрэстаўравалі прыступкі, што вядуць да манумэнту, і плітку вакол яго. Гэта трэба было зрабіць на знак павагі да пісьменьніка перад ягонымі ўгодкамі, кажа спадарыня Тацяна. А яшчэ й таму, што ў апошнія некалькі месяцаў гэты помнік стаў знакавым гарадзкім аб’ектам: тут зьбіраліся пратэстоўцы супраць будаўніцтва ў Віцебску копіі полацкага Сафійскага сабору.

Разам з кветкамі — нацыянальны сьцяжок
Разам з кветкамі — нацыянальны сьцяжок

Помнік Уладзімеру Караткевічу есьць і ў Воршы, на ягонай малой радзіме. Зь віцебскага помніка аўтарства Івана Казака на землякоў крыху стомлена пазірае сталы, дасьведчаны пісьменьнік, а на аршанскім помніку, створаным Ігарам Голубевым, Караткевіч — юнак, у якога літаратурная слава яшчэ наперадзе, натхнёны і рамантычны...

26-га лістапада да помніка пісьменьніку ў аршанскім дзіцячым парку прыйшлі на традыцыйныя літаратурныя чытаньні ўдзельнікі літаратурнага аб’яднаньня «Дняпроўскія галасы», школьнікі, настаўнікі і проста неабыякавыя людзі.

Апрача гэтай імпрэзы, цягам тыдня ў Воршы прайшоў цэлы шэраг мерапрыемстваў, прысьвечаных знакамітаму земляку. 22-га лістапада ў гарадзкім музэі Уладзімера Караткевіча прайшла паэтычная вечарына «Усе паэты — сябры вятроў», 24-га лістапада сваімі дзіцячымі ўспамінамі з наведнікамі падзяліўся аршанец Ўладзімер Шафранскі, сябар Уладзіміра Караткевіча па школьным драмгуртку. 25-га лістапада музэйнымі супрацоўнікамі была арганізавана сустрэча з магістрантам катэдры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. Машэрава Аляксандрам Бараноўскім, які распавёў пра краязнаўчыя знаходкі ў адметных мясьцінах Віцебска.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG