Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі помнік Караткевічу перадалі «Зелянбуду»


Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Віцебску

Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Віцебску

Грамадзкасьць Віцебску дамаглася ўпарадкаваньня помніка пісьменьніку Ўладзімеру Караткевічу.

У Віцебску ня раз зьвярталі ўвагу ўладаў, што помнік патрабуе ўпарадкаваньня.

Апошнім часам каардынатарка аргкамітэту стварэньня партыі БХД Тацяна Севярынец некалькі дзён высьвятляла, хто адказвае за стан помніка пісьменьніку-земляку, зьвярталася ў гарвыканкам:

Тацяна Севярынец

Тацяна Севярынец

«У аддзеле працы са зваротамі грамадзян гарвыканкаму ўвогуле выказалі думку, што помнік гаспадара ня мае. У аддзеле культуры папрасілі даць пару дзён на высьвятленьне пытаньня. Я патлумачыла сытуацыю: наперадзе 26-га лістапада, дзень народзінаў пісьменьніка, а стан помніка варты жалю. Трэба адрамантаваць прыступкі, замацаваць плітку вакол пастамэнту».

Прыступкі з трэшчынамі (выгляд да рамонту)

Прыступкі з трэшчынамі (выгляд да рамонту)

Пляцоўка каля помніка (выгляд да рамонту)

Пляцоўка каля помніка (выгляд да рамонту)

Празь некалькі дзён спадарыня Севярынец атрымала адказ ад намесьніка начальніка ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Анатоля Мядзьвецкага. Высьветлілася, што гаспадара помнік насамрэч доўгі час ня меў. Аднак пасьля слоў Тацяны Севярынец, што грамадзкасьць сама гатовая адрамантаваць прыступкі, каб не было сорамна перад гасьцямі гораду, адказных асобаў прызначылі вельмі хутка. Цяпер помнік належыць УП «Зелянбуд». Больш за тое: за тыдзень была праведзена праверка і прыступкі адрамантавалі.

Прыступкі да помніка (выгляд да рамонту)

Прыступкі да помніка (выгляд да рамонту)

«Наперадзе — чарговая гадавіна пісьменьніка, і было б добра, каб гарадзкі аддзел культуры парупіўся належным чынам яе адсьвяткаваць. У дзень народзінаў Уладзімера Караткевіча сюды зьбіраюцца прыйсьці віцебскія актывісты, і чыноўнікаў я запрасіла таксама», — кажа Тацяна Севярынец.

Помнік Уладзімеру Караткевічу быў пастаўлены ў Віцебску ў 1994 годзе, ягоны аўтар — Іван Казак. У дзень народзінаў пісьменьніка і ў Дзень Волі 25 сакавіка гараджане прыносяць сюды кветкі. За апошнія некалькі месяцаў гэты помнік стаў яшчэ больш знакавым гарадзкім аб’ектам: тут зьбіраюцца пратэстоўцы супраць будаўніцтва ў Віцебску копіі полацкага Сафійскага сабору.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG