Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасягнуць заробкаў «па 500» будзе крайне цяжка, — міністар эканомікі


Уладзімер Зіноўскі
Уладзімер Зіноўскі

Міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі прызнаў, што падзеньне валавога ўнутранага прадукту за год чакаецца большым за прагназаванае ягоным ведамствам. Ён сьцьвярджае, што падзеньне ВУП па выніках году можа скласьці ад 2,6% да 3%, калі раней Мінэканомікі прагназавала 2%, перадае БелаПАН.

Невыкананьне прагнозу Зіноўскі тлумачыць адсутнасьцю канчатковага рашэньня аб куплі нафты ў Расеі:

«Паколькі нафта і нафтапрадукты маюць значную вагу ў ВУП, у аб’ёме мыта, — вось такі прагноз», — заявіў міністар ды дадаў, што прагноз грунтуецца на прагматычных разьліках, бо Мінэканомікі — гэта ня ведамства «ўгадай».

Пераглядаць прагноз на наступны год пакуль не зьбіраюцца, хоць пра цэны на транзыт нафты Беларусь і Расея яшчэ не дамовіліся.

Разам з тым Зіноўскі выказаў упэўненасьць, што інфляцыю па выніках году ўдасца ўтрымаць у прагназаваных 12%, што «някепска спраўляецца сельская гаспадарка» і што фіксуецца самы нізкі за апошнія гады ўзровень складзкіх запасаў.

Задачу Лукашэнкі давесьці сярэднія заробкі зь цяперашніх 370 даляраў да 500 ён назваў «крайне цяжкай», але «выканальнай у шэрагу галінаў эканомікі», паабяцаўшы дасягнуць у апошніх 500 даляраў налета.

Што датычыцца вынікаў 2016 году, Мінэканомікі цяпер ускосна пагаджаецца з МВФ, экспэрты якога чакалі ў 2016 годзе падзеньне ВУП на 3%. На 2017 год МВФ прагназавала падзеньне ВУП на 0,5%. Лукашэнка ж плянуе рост ВУП на 1,7% за 2017 год, а да канца «пяцігодкі» — на цэлых 12-15%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG