Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Twix і Snickers пакрыўдзіліся на беларускі «Твікерс»


Беларускае прадстаўніцтва амэрыканскай харчовай кампаніі Mars, што вырабляе, сярод іншага, шакалядныя батончыкі Twix і Snickers, будзе разьбірацца з выпускам беларускай кампаніяй «Анега» батончыкаў «Твікерс», падобных дызайнам і назвай да замежных батончыкаў.

Пра гэта Marketing.by распавёў рэгіянальны дырэктар у карпаратыўных пытаньнях Mars Павал Саліхаў.

«На наш погляд, прадукт парушае выключныя правы кампаніі Mars на выкарыстаньне таварных знакаў, — кажа Саліхаў. — Гандлёвыя маркі Snickers і Twix зарэгістраваныя ў Беларусі, і правы на іх выкарыстаньне належаць кампаніі Mars. Мы маем намер бараніць сваю рэпутацыю і правы на інтэлектуальную ўласнасьць усімі даступнымі законнымі спосабамі».

Як заявіў Саліхаў, юрысты кампаніі зьвязаліся з прадстаўнікамі «Анегі» і чакаюць адказу са спадзевам на «шчасьлівае і хуткае ўрэгуляваньне сытуацыі». «Анега» абяцала расказаць пра «Твікерс» пазьней.

Тым часам Marketing.by зьвяртае ўвагу на неадназначную і часам грубую рэкляму прадукту ў сацсетках:

Error rendering VK.

Пытаньне абароны правоў у такіх выпадках складанае: яно зьвязанае з тым, ці зьяўляецца выкарыстаная «Анегай» выява «падобнай да ступені зьмяшэньня», тлумачыць Свабодзе юрыстка Людміла Чэкіна.

«Падобны ці не, мусяць вырашаць спэцыялісты. Нават для юрыстаў гэтае пытаньне не відавочнае. Ёсьць пэўныя правілы таго, як экспэрты параўноўваюць выявы ў такіх выпадках, — тлумачыць Чэкіна. — Кампанія-праваўладальніца таварных знакаў можа зьвярнуцца ў Калегію па справах інтэлектуальнай уласнасьці з патрабаваньнем спыніць выкарыстаньне выявы з падобнымі да ступені зьмяшэньня таварнымі знакамі. Тады давядзецца праводзіць экспэртызу з прыцягненьнем спэцыяліста».

Чэкіна заўважае, што «Твікерса» няма сярод зарэгістраваных таварных знакаў «Анегі» ў Беларусі. Але, калі б такі таварны знак быў (ці будзе) зарэгістраваны, Mars можа падаць пярэчаньне ў Апэляцыйную раду Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці і аспрэчыць рэгістрацыю, калі гэта парушае правы кампаніі на іхныя таварныя знакі.

Але прызнаньне «Твікерс» занадта падобным да Twix і Snickers яшчэ ня значыць, што батончыкі здымуць з вытворчасьці, кажа Свабодзе адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна. Напрыклад, падобная да Coca-Cola «Бела-Кола» можа выпускацца не таму, што Coca-Cola паленавалася забараніць «Бела-Колу» або экспэрты не знайшлі падабенства, а таму, што Coca-Cola можа атрымліваць зь «Бела-Колы» прыбытак.

«Я думаю, што Mars, хутчэй за ўсё, прапануе аплаціць права на выкарыстаньне гэтага таварнага знаку, яго перапрацоўку і гэтак далей, — кажа Колесава-Гудзіліна. — Другі варыянт — гэта спыніць вытворчасьць. Але калі яны кажуць, што спадзяюцца на мірнае ўрэгуляваньне, то верагодна, што яны прапануюць заключыць пагадненьне на выкарыстаньне таварнага знаку. І на маю думку, для „Анегі“ гэта было б лягічна, пытаньне толькі ў цане».

Шанцы ў судзе, калі такі будзе, адвакатка не бярэцца ацэньваць: вынікі залежаць у асноўным ад таго, як будзе сфармуляванае патрабаваньне. Ды большасьць такіх пытаньняў вырашаецца мірна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG