Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкляма «Наядалава» ад Burger King зарыентаваная на быдла, — экспэрт


Падчас адкрыцьця першага Burger King у Менску

Падчас адкрыцьця першага Burger King у Менску

Cетка хуткага харчаваньня Burger King распачала рэклямную кампанію, слоганам якой стала фраза «Похоже на какое-то наедалово».

У Менску ўжо зьявіліся рэклямныя білборды, адпаведная старонка ёсьць на афіцыйным сайце рэстарана.

Летась у рэкляме вострага сэндвіча Burger King выкарыстоўваў фразу «Смотри не обострись».

Ці карэктна гэта? І на якую мэтавую аўдыторыю разьлічаныя падобныя рэклямныя кампаніі?

Для Burger King судовы працэс ці пакараньне было б вельмі добрай інфармацыйнай нагодай — а гэта ізноў рэкляма.

Мэдыякансультант Віталь Грынь лічыць, што такая рэкляма зьявілася ў Беларусі толькі з адной прычыны — спажывец тут прыхільна ставіцца да рэклямных слоганаў, набліжаных да жаргону. Экспэрт лічыць, што сетка толькі выйграе ад магчымага пакараньня за неэтычнасьць.

«Важным ёсьць той факт, што перад тым, як запусьціць гэтую акцыю з правакацыйным кантэнтам у Беларусі, яе ўжо апрабавалі на расейскім рынку. Ні ў Маскве, ні ў іншых рэгіёнах Расеі, дзе праводзілася гэтая рэклямная кампанія, Burger King не пакаралі, але затое абмеркавалі ў сацыяльных сетках, напісалі ў СМІ. Нашае рэклямнае заканадаўства вельмі дылетанцкае, таму ў такіх спрэчных выпадках цяжка даказаць, што замоўца рэклямы ў чымсьці вінаваты. Зь іншага боку, для Burger King судовы працэс ці пакараньне было б вельмі добрай інфармацыйнай нагодай — а гэта ізноў рэкляма. На месцы маркетоляга Burger King я б радаваўся, калі б сетка атрымала штраф».

Віталь Грынь лічыць, што такая рэкляма не магла б зьявіцца ў Ватыкане ці Нью-Ёрку, бо не была б падтрыманая спажыўцамі. А ў Беларусі рэакцыя дакладна будзе станоўчая, людзі прыхільна ставяцца да нізкажаргонных выразаў:

У нас спажывец гатовы да рэклямы, якая выглядае, як тое, што пішуць на плоце. А да таго часу, пакуль такія рэчы падтрымліваюцца спажыўцамі, яны застаюцца рэнтабэльнымі.

«Для такога гіганта, як Burger King, важнай зьяўляецца рэакцыя не Міністэрства гандлю ці якой іншай інстанцыі, а спажыўца. Напрыклад, такога кшталту рэкляма ня можа зьявіцца ў Ватыкане — там грамадзкая думка дакладна асудзіць. Таксама такая ж рэкляма ня можа зьявіцца ў Нью-Ёрку — там зусім іншыя густы ў спажыўцоў, і такая рэкляма будзе выглядаць вельмі паверхневай і нават пошлай. А ў нас спажывец гатовы да рэклямы, якая выглядае, як тое, што пішуць на плоце. Вось Burger King так і напісаў. Таму што ведаў, што ў Беларусі грамадзкая думка падтрымае пасыл, закладзены ў фразе „Похоже на какое-то наедалово“. Нехта нават падумае, што гэта адыёзна, па-хуліганску. А да таго часу, пакуль такія рэчы падтрымліваюцца спажыўцамі, яны застаюцца рэнтабэльнымі».

Канкурэнт Burger King, іншы гігант у сфэры хуткага харчаваньня McDonaldʼs ня так даўно запусьціў рэкляму сьняданкаў на беларускай мове. Зрабіць пераклад рэстарану дапамог сэрвіс «Хуткая моўная дапамога», створаны на базе бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова нанова».

Выкладчыца курсаў, лінгвістка Алеся Літвіноўская, сказала Свабодзе, што прапановаў зрабіць пераклад рэклямы для Burger King пакуль не было:

«Мы беларусізацыю не навязваем. Кампаніі самі да нас зьвяртаюцца, каб мы дапамаглі перакласьці публічныя тэксты. Так да нас зьвярталіся, напрыклад, той жа McDonaldʼs, сетка заправачных станцый А-100, апэратар мабільнай сувязі Velcom».

Разам з тым лінгвістка адзначыла, што ў гэтай рэкляме знарок выкарыстаная лексыка, сугучная грубаму прастамоўнаму выразу, які выклікае асацыяцыі з неадукаваным чалавекам:

Нават калі ў рэклямы ёсьць канкрэтная мэтавая група, вулічны фармат дазваляе ўбачыць яе і тым, хто туды не ўваходзіць. Атрымліваецца, што да ўсіх, хто пабачыў рэкляму, гэтая кампанія ставіцца як да люмпэнаў.

«Рэклама, якую робіць Burger King, — гэта прыклад кепскага густу. Вельмі сумнеўнай падаецца ідэя выносіць нізкаслэнгавае слова на публічныя месцы, якімі безумоўна зьяўляюцца білборды. Такім чынам у публічную прастору дапускаюцца вельмі нізкія моўныя стандарты. Відаць, гэтая кампанія выбрала мэтавай групай ня вельмі адукаваную моладзь, якая „чытае“ такія выразы і бачыць у іх фразы, блізкія да тых, якія сама і выкарыстоўвае. Зразумела, што асацыяцыі тут ствараюцца наўмысна, немагчыма падумаць, што так атрымалася выпадкова. Тут відаць, што фірма імкнецца падкрэсьліць сугучча свайго сьлёгану зь іншай фразай. Я лічу, што такія рэклямныя крокі недапушчальныя, бо яны абражаюць спажыўца. Бо нават калі ў рэклямы ёсьць канкрэтная мэтавая група, вулічны фармат дазваляе ўбачыць яе і тым, хто туды не ўваходзіць. Атрымліваецца, што да ўсіх, хто пабачыў рэкляму, гэтая кампанія ставіцца як да люмпэнаў. Так, гэта рэклямны ход, але ён ніжэйшы за пояс. Арыентаваны, як на быдла. А гэта вельмі крыўдна. Непрыгожа, прымітыўна, некультурна. Кампаніі трэба пераглядаць рэклямную палітыку».

Свабода намагаецца атрымаць афіцыйны камэнтар у офісе Burger King. На адзіны адрас электроннай пошты, які ёсьць на сайце, накіраваны ліст, але адказу пакуль няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG