Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «напад на міліцыянта» судзяць маларыцкага фэрмэра Бельчука. Анлайн


Аляксандар Бяльчук (зьлева), Мікалай Бяльчук (у цэнтры) і пацярпелы міліцыянт Сяргей Неліповіч (справа). Арлянка, 9 траўня 2014 году. Фота з сайту «Виртуальный Брест»

Аляксандар Бяльчук (зьлева), Мікалай Бяльчук (у цэнтры) і пацярпелы міліцыянт Сяргей Неліповіч (справа). Арлянка, 9 траўня 2014 году. Фота з сайту «Виртуальный Брест»

Коратка

У судзе Берасьцейскага раёну 23 лістапада распачаўся судовы працэс па справе Мікалая Бельчука зь вёскі Арлянка Маларыцкага раёну, якога вінавацяць у гвалце ў дачыненьні да міліцыянта. Бяльчук ад 1 лістапада трымае галадоўку ў СІЗА.

Інцыдэнт адбыўся 9 траўня 2014 году, калі ў Бельчукоў здарыўся канфлікт з супрацоўнікам ДАІ праз самаробны трактар у вёсцы Страдзеч Берасьцейскага раёну. Міліцыянт Сяргей Неліповіч сьцьвярджаў, што ў дачыненьні да яго ўжывалі сілу. Брат Мікалая Аляксандар Бяльчук за гэта быў асуджаны ў 2014 годзе да двух месяцаў арышту.

Мікалай пакараны ня быў, аднак праз два гады па яго ў вёску Арлянка Маларыцкага раёну прыехалі міліцыянты. Там у Бельчукоў здарыўся канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі, у выніку якога АМАПаўцы нават ужылі табэльную зброю. Бельчукі ж кажуць, што ня ведалі, што гэта былі міліцыянты, бо яны не былі ў форме і не прадстаўляліся, але забіралі Мікалая. Думалі, гэта бандыты.

18:09 23.11.2016

Судзьдзя абвясьціў перапынак да 10-й гадзіны раніцы 24 лістапада.

17:56 23.11.2016

Дапыталі Аляксандра Бельчука, брата падсуднага Мікалая. Аляксандра даставілі ў суд пад канвоем у кайданках зь СІЗА, дзе ён знаходзіцца, бо абвінавачваецца ў супраціве міліцыянтам 12 кастрычніка.

На пытаньне судзьдзі пра месца пражываньня ён адказаў жартам: «Камэра СІЗА».

Потым брат падсуднага апавёў пра абставіны 9 траўня 2014 году. Сказаў, што даішнік Неліповіч абурыўся, што Аляксандар назваў яго на «ты», пасьля чаго міліцыянт схапіў яго за грудкі.

«Я яму яшчэ сказаў тады, што ты хапаеш, як баба», — патлумачыў судзьдзі Аляксандар Бяльчук.

Потым, паводле Аляксандра, прыехаў участковы Сідарук, які нават прыстаўляў яму пісталет да галавы. Сьведка патлумачыў, што яго брат Мікалай імкнуўся разьняць Неліповіча і Аляксандра Бельчука, якога даішнік утрымліваў за адзеньне. Сьведка Аляксандар Бяльчук сказаў, што лічыць, супрацоўнік ДАІ парушыў закон, калі зайшоў без дазволу на двор Бельчукоў, і ніхто яго не кусаў. А на майцы Аляксандра, як паказала экспэртыза, ягоная кроў, а не пацярпелага Сяргея Неліповіча.

Аляксандар сказаў, што ніякіх пашкоджаньняў у Неліповіча не было, ніхто яго ня біў. Фэрмэр лічыць ініцыятарам канфлікту супрацоўніка ДАІ, які «перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы».

Нягледзячы на тое, што Аляксандар Бяльчук больш за месяц знаходзіцца ў СІЗА, у часе допыту ён жартаваў, адказваючы на пытаньні. У адрозьненьне ад падсуднага Мікалая, які, паводле сваякоў, моцна схуднеў праз галадоўку.

17:54 23.11.2016

Наступны сьведка, жыхар вёскі Страдзеч Веньямін Голікаў, сказаў, што ўчастковы Сідарук яго запрасіў у якасьці панятога. Яму паказалі акуляры, камізэльку, якія ўпакавалі ў пакет, і сказалі расьпісацца. Камізэльку, кажа Голікаў, надта не разглядаў, не заўважыў, ці была на ёй кроў. Голікаў сказаў, што ня памятае, ці бачыў падазраванага ў дзень здарэньня, і ў час канфлікту не прысутнічаў. На большасьць пытаньняў пракурора сьведка адказваў, што ня памятае.

17:53 23.11.2016

Дапыталі лекара хуткай дапамогі Дзьмітрыя Серага

Сьведка апавёў, што выяжджаў на выклік у вёску Страдзеч 9 траўня 2014 году, дзе ў міліцыянта Неліповіча былі выяўленыя цялесныя пашкоджаньні.

Загрузіць яшчэ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG