Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапанаваў Расеі і Эўразьвязу запусьціць міратворчы «Менскі працэс»


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

У час сустрэчы з дэлегацыяй Камітэту палітыкі і бясьпекі Рады Эўразьвязу Аляксандар Лукашэнка выказаў заклапочанасьць антаганізмам між Эўразьвязам і Расеяй.

У час сустрэчы з дэлегацыяй Камітэту палітыкі і бясьпекі Рады Эўразьвязу Аляксандар Лукашэнка выказаў заклапочанасьць антаганізмам між Эўразьвязам і Расеяй, перадае БелТА.

«Калі раптам нешта адбудзецца, як гэта было з Украінай...»

Лукашэнка кажа, яму за гэтым антаганізмам «і балюча, і трывожна» назіраць. Ён запэўнівае, што замежная палітыка Беларусі «пасьлядоўная і прадказальная», але пытаньня выбару між Захадам і Ўсходам для Беларусі, якую «ўсё больш успрымаюць як полюс стабільнасьці ў рэгіёне», не стаіць:

«Я не хачу ў гэтым пытаньні ўстаць на нечы бок, — казаў Лукашэнка. — Хапае памылак і з боку Ўсходу, і з боку Захаду, ды, напэўна, і з нашага боку. І нашая задача — ліквідаваць гэтыя недахопы, пралікі і памылкі».

Як выйсьце Лукашэнка прапануе міратворчы «Менскі працэс» між Захадам і Ўсходам — такая ідэя зьявілася нібыта праз станоўчы эфэкт мерапрыемстваў «нармандзкага фармату» ў Менску (менскія перамовы па расейска-ўкраінскім канфлікце працягваюцца, але значных зрухаў у канфлікце няма, ды й расейскі бок іх крытыкаваў). Лукашэнка згадваў таксама пра Хэльсынскі працэс, які прывёў да стварэньня АБСЭ, і прапаноўваў яго «абнавіць».

«Далей, напэўна, спатрэбіцца выпрацоўка дамоўленасьці паміж лідэрамі найбуйнейшых дзяржаваў пра будучую пабудову сьвету, — разважаў Лукашэнка. — Прапаноўваючы гэта, я маю на ўвазе, што мы мусім працаваць на апярэджаньне, а не цягнуцца потым у хвасьце падзеяў, калі раптам нешта адбудзецца, як гэта было з Украінай».

Ён выказаў перакананьне, што «ніхто не зацікаўлены ў чарговай халоднай вайне». Маўляў, неабходна зрабіць «зачын працэсу асэнсаваньня новых правілаў міжнародных стасункаў, заснаваных на шматпалярнасьці і павазе інтарэсаў адно аднаго».

У мінулым месяцы задумацца пра «новы ўсясьветны парадак» прапаноўваў у інтэрвію Радыё ААН міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей.

Пазытыўныя зьмены ёсьць, але трэба дапамога з МВФ і WTO

Лукашэнка адзначыў таксама «пазытыўныя зьмены» ў беларуска-эўрапейскіх стасунках пасьля скасаваньня большасьці санкцыяў Эўразьвязу да афіцыйнага Менску. У ліку першых вынікаў ён назваў утварэньне Каардынацыйнай групы «Беларусь — Эўразьвяз»; кантакты між міністэрствамі Беларусі і дэпартамэнтамі Эўракамісіі ў экалёгіі, эканоміцы і фінансах; мандат Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку на супрацу зь Беларусьсю і новую стратэгію Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця па Беларусі; дэклярацыю аб партнэрстве ў міграцыі.

Але Лукашэнка наракаў на тое, што Беларусь і Эўразьвяз «па-ранейшаму кіруюцца прававымі асновамі, закладзенымі больш як чвэрць стагодзьдзя таму, і ня ўлічваюць новых геапалітычных рэаліяў». Ён намякнуў на тое, што добрым унёскам Эўразьвязу ва ўмацаваньне незалежнасьці Беларусі было бы зьняцьце абмежаваньняў у гандлі і забесьпячэньне доступу беларускіх тавараў на эўрапейскія рынкі; дапамога ў пабудове дачыненьняў з МВФ; павышэньне пазыцыяў Беларусі ў крэдытным рэйтынгу Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця; актывізацыя перамоў аб далучэньні Беларусі да Ўсясьветнай арганізацыі гандлю (WTO).

Пазытыўныя тэндэнцыі адзначыў і прадстаўнік Камітэту палітыкі і бясьпекі Рады Эўразьвязу Ўолтар Стывэнс: ён прывітаў тое, што Беларусь прыняла каля 200 тысяч украінскіх мігрантаў і ўцекачоў, і адзначыў, што выкананьне менскіх пагадненьняў — ключавая ўмова нармалізацыі сытуацыі ва Ўкраіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG