Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўвядзе Захад новыя санкцыі адносна Расеі?


Борыс Джонсан і Джон Керы
Борыс Джонсан і Джон Керы

Што азначаюць заявы пра новыя санкцыі дзяржсакратара Керы, міністра замежных справаў Вялікабрытаніі Джонсана і інфармацыі пра намеры канцлера Мэркель дамагацца гэтых санкцыяў?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Дракахруст: Злучаныя Штаты і Вялікабрытанія ў нядзелю заявілі, што яны разглядаюць новыя санкцыі, каб зрабіць ціск на сырыйскі і расейскі ўрады з мэтай спыненьня наступу на горад Алепа і яго ваколіцы, якія застаюцца пад кантролем паўстанцаў.

Паведамленьне пра гэта зьявілася пасьля сустрэчы так званых краін-аднадумцаў — эўрапейскіх дзяржаваў і дзяржаваў Пэрсыдзкай затокі, якія маюць салідарную пазыцыю па Сырыі. Напярэдадні ў суботу адбыўся чарговы раўнд перамоваў паміж дзяржсакратаром ЗША Джонам Керы і міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым.

У нядзелю Керы заявіў, што ЗША разглядаюць ідэю санкцыяў і прэзыдэнт Абама не выключае ніякіх варыянтаў. Паводле афіцыйных асобаў ЗША, яны разглядалі некалькі магчымых захадаў: павелічэньне паставак сьмертаносных узбраеньняў паўстанцам, абмежаваныя ваенныя ўдары па пазыцыях рэжыму Асада і санкцыі. Але Керы заўважыў, што ён ня бачыць з боку эўрапейскіх дзяржаваў вялікай ахвоты ўмешвацца ў вялікую вайну ў Сырыі. Керы абвінаваціў Расею ва ўдзеле ў «штодзённых злачынствах супраць чалавечнасьці».

Пазыцыю Керы падтрымаў і міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, які пасьля дыскусіі таксама заявіў, што ўсе варыянты застаюцца на стале, каб спыніць праліцьцё крыві. Але, паводле Джонсана, удзельнікі нарады выказалі боязь адносна ваеннага падыходу да вырашэньня сырыйскага крызісу. Паводле Джонсана, вельмі важным крокам можа стаць пашырэньне эканамічных санкцыяў супраць Расеі і Сырыі.

У суботу нямецкая газэта Frankfurter Allgemeine Zeitung са спасылкай на неназваных асобаў з атачэньня канцлера паведаміла, што канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель хоча заклікаць Эўразьвяз да ўвядзеньня санкцыяў супраць Расеі з-за дзеяньняў Масквы ў Сырыі. Паводле выданьня, гэтая тэма будзе абмяркоўвацца падчас паседжаньня Эўрапейскай Рады 20-21 кастрычніка.

Аднак, як адзначае Frankfurter Allgemeine, канцлеру будзе няпроста дамовіцца пра новыя санкцыі нават зь нямецкімі сацыял-дэмакратамі, партнэрамі яе партыі па кіроўнай кааліцыі, якія адстойваюць больш гнуткую лінію адносна Масквы, і тым больш зь лідэрамі іншых краінаў Эўразьвязу.

Новыя санкцыі — гэта істотна іншы ўзровень супрацьстаяньня, чым вэрбальнае асуджэньне.

Бязьлітасныя бамбаваньні цывільнага насельніцтва Алепа, абстрэл гуманітарнага канвою ААН, які ішоў у Алепа, выклікаюць абурэньне ў многіх эўрапейскіх сталіцах, з асабліва рэзкім асуджэньнем выступаюць Парыж і Лёндан. Аднак новыя санкцыі — гэта істотна іншы ўзровень супрацьстаяньня, чым вэрбальнае асуджэньне. Да таго ж ёсьць і іншыя сталіцы ЭЗ, чыя пазыцыя значна больш мяккая, у якіх ёсьць сумневы, ці варта захоўваць нават цяперашнія санкцыі, ня тое што ўводзіць новыя.

Frankfurter Allgemeine Zeitung адзначыла, што прэзыдэнт ЗША Барак Абама абяцаў Мэркель, што Вашынгтон падтрымае дзеяньні ЭЗ супраць Расеі, калі ў Эўразьвязе прыйдуць да згоды ў справе новых санкцыйных захадаў.

Аднак менш чым празь месяц стане вядомым імя новага прэзыдэнта ЗША. Так што да сыходу з пасады прэзыдэнт Абама наўрад ці будзе здольны на маштабныя ініцыятывы. Таму і падтрымка, пра якую піша газэта, сфармуляваная ва ўмоўным ладзе — калі Бэрлін, Лёндан і Парыж угаворыць Эўразьвяз, Вашынгтон падтрымае згоду. Але сам ня будзе яе дамагацца.

Ня выключана, што заявы Керы і Джонсана, як і працёк інфармацыі пра пляны Мэркель, апублікаваная Frankfurter Allgemeine — своеасаблівы пробны шар, спроба націснуць на Маскву пагрозай, якая мацнейшая за выкананьне, а не рэальны плян дзеяньняў.

Карбалевіч: Найперш, варта зазначыць, што мы цяпер перажываем самы пікавы пэрыяд абвастрэньня адносінаў паміж Расеяй і Захадам за ўвесь час пасьля распаду СССР. Нават падчас вайны ва Украіне ў 2014-2015 гадах, здаецца, такога вострага моманту не было. Цяпер і мэдыі, і нават афіцыйныя асобы загаварылі аб пагрозе сапраўднай вайны паміж Расеяй і Захадам.

Абвінавачаньне кіраўніцтва Расеі ў ваенных злачынствах з вуснаў афіцыйных заходніх кіраўнікоў — гэта па-за межамі дыпляматыі. Гэта сьведчыць пра тое, як моцна Расея «дастала» Захад.

Абвінавачаньне кіраўніцтва Расеі ў ваенных злачынствах з вуснаў афіцыйных заходніх кіраўнікоў — гэта па-за межамі дыпляматыі.

І падставай стала Сырыя. Менавіта таму, што там апынуліся на мяжы сутыкненьня вайсковыя падразьдзяленьні Расеі і ЗША. Умяшаўшыся у сырыйскі канфлікт, Расея хацела вярнуць сабе статус вялікай дзяржавы. І яна яго вярнула, але такім брутальным спосабам.

Што тычыцца новых санкцыяў супраць Расеі. Ня думаю, што гэта рэальна. Бо у ЭЗ дасюль настрой быў хутчэй на адмену санкцыяў, чым на іх узмацненьне, асабліва сярод краінаў Усходняй Эўропы.

Думаю, гэтыя заявы пра ўзмацненьне санкцыяў — гэта сродак ціску на Расею. Усе чакаюць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. І, думаю, да гэтага часу ніхто ня будзе рабіць нейкіх рашучых крокаў у канфрантацыі з РФ.

Цыганкоў: У мяне ўражаньне, што калі Расея ўмешвалася ў канфлікт у Сырыі, яна ня мела вялікіх геапалітычных канкрэтных мэтаў. Галоўная мэта была паказаць, якая яна крутая, што гэта сусьветная дзяржава. Валер сказаў, што яны гэта даказалі, але я б гэта так не ацэньваў. Ёсьць розныя меркаваньні наконт эфэктыўнасьці ўмяшаньня Расеі ў сырыйскі канфлікт. Проста паказаць, што мы нешта значым у сусьветнай палітыцы, што бяз нас нічога ня можа быць.

Карбалевіч: Але з кім дзяржсакратар Керы ўвесь час вядзе перамовы ў Жэнэве? З Лаўровым, а ня з кім іншым.

Дракахруст: Я б дадаў яшчэ такі момант, які крыху забыўся цяпер. Пару тыдняў таму, пасьля таго, як быў разбомблены гуманітарны канвой, як працягваліся бамбаваньні Алепа, Вашынгтон заявіў: мы больш з Масквой пра Сырыю размаўляць ня будзем. Было гэта публічна заяўлена. Прыходзіць мінулая субота, Лязана — размаўляюць.

Цыганкоў: Цяпер у амэрыканскім друку шмат пішуць пра тое, што дзьве фракцыі ўтварыліся ў амэрыканскім кіраўніцтве — дзярждэпартамэнт і вайскоўцы. Вось менавіта вайскоўцы ціснуць на тое, што няма чаго ўжо з Расеяй гаварыць, а трэба паказаць ім іх месца. А дзярждэпартамэнт традыцыйна дыпляматы, якія спрабуюць гэтую справу вырашаць дыпляматычнымі спосабамі.

Вайскоўцы ціснуць на тое, што няма чаго ўжо з Расеяй гаварыць, а трэба паказаць ім іх месца.

На вашыя рэплікі наконт вялікасьці я магу прывесьці паралелі. Год таму галоўнай тэмай ва ўсім сьвеце быў Іран, іранская ядзерная праграма. І ўсе размаўлялі з Іранам — ня проста адна Амэрыка, але і Расея, і Эўразьвяз. Гэта не азначае, што Іран быў самай вялікай краінай на гэты момант. Проста была канкрэтная іранская праблема. Трэба было яе вырашаць.

Ці, напрыклад, на нейкі момант пасьля кожнага запуску ракеты больш за ўсё гавораць пра Паўночную Карэю. Не ад таго, што яна такая вялікая, а ад таго, што яна пагражае чарговым запускам ракеты. Мне здаецца, у дадзеным выпадку ўплыў і значнасьць Расеі менавіта гэтым вымяраецца — патэнцыйнай небясьпекай, а не яе вялікасьцю. І ад таго, што іншыя дзяржавы хочуць яе небясьпеку неяк звузіць ці проста скасаваць, каб яно не прывяло да канкрэтных ваенных дзеяньняў.

Дракахруст: Веліч дзяржавы як раз і абумоўленая, як правіла, яе магчымасьцю зрабіць вялікую шкоду ўсім астатнім.

Цыганкоў: Ну вось гэта веліч Ірану і Паўночнай Карэі, калі можна так параўнаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG