Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абама абмяркуе з Эўразьвязам працяг санкцыяў супраць Расеі


Барак Абама

Барак Абама

У пятніцу, 18 лістапада, у Бэрліне дзейны прэзыдэнт ЗША Барак Абама абмяркуе зь лідэрамі Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Італіі, Нямеччыны і Францыі працяг санкцыяў, уведзеных супраць Расеі за яе агрэсію супраць Украіны, і магчымасьць новых санкцыяў за дзеяньні Расеі ў Сырыі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Сустрэча пройдзе праз тыдзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, на якіх атрымаў перамогу Дональд Трамп. Той даваў зразумець, што паспрабуе зблізіцца з Расеяй, што выклікала ў Эўропе сумневы: ці ня будзе так, што Эўразьвяз працягне санкцыі, а ЗША — здымуць санкцыі?

Крыніца ва ўрадзе Нямеччыны кажа, што па гэтым пытаньні «Эўропа знаходзіцца ў крытычнай сытуацыі». Эўрапейскія ўлады хвалююцца, ці не скарыстае Расея час да інаўгурацыі Трампа (20 студзеня) для наступальных апэрацыяў у Сырыі і Ўкраіне.

Іншая крыніца заяўляе, што эўрапейскія лідэры хочуць прадэманстраваць сваю пазыцыю Трампу, каб яму было цяжэй адысьці ад цяперашняй палітыкі ЗША і зблізіцца з Расеяй.

Пасьля асабістай сустрэчы Абамы з Трампам дзейны прэзыдэнт ЗША пераконваў, што наступны прэзыдэнт будзе працягваць супрацу з замежнымі партнэрамі, у тым ліку NATO. У часе візыту ў Грэцыю ў аўторак ён заяўляў, што абʼяднаная і моцная Эўропа — гэта добра для Злучаных Штатаў і NATO і проста «жыцьцёва неабходна» для амэрыканскіх інтарэсаў.

Абама ў Атэнах: «Амэрыканская дэмакратыя — гэта больш, чым адзін чалавек»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG