Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чарнігаве ствараюць беларускамоўную радыёперадачу, якую будзе весьці пісьменьнік Уладзіслаў Ахроменка


Уладзіслаў Ахроменка

Уладзіслаў Ахроменка

У эфіры загучаць BRUTTO і «Крамбамбуля».

Ініцыятыва стварэньня адмысловага беларускага праекту належыць украінцу Алегу Галаваценку, які ўзначальвае чарнігаўскую тэлерадыёкампанію SVOBODA.FM. Стварэньне ўкраінска-беларускай інфармацыйнай прасторы яшчэ больш згуртуе суседнія народы, разьлічвае аўтар ідэі.

Пакуль рыхтуецца першы выпуск праграмы, Галаваценка расказаў Свабодзе пра падрабязнасьці нефармальнага і нават гістарычнага для Ўкраіны праекту.

Першы беларускамоўны радыёпраект, распрацаваны ва Ўкраіне

Ва ўкраінскім радыёэфіры час ад часу можна пачуць беларускамоўныя выступы запрошаных у студыю гасьцей. Але стварэньне паўнавартаснай беларускай перадачы на радыё адбываецца ў гісторыі Ўкраіны ўпершыню.

Займаецца праектам дырэктар і адначасова журналіст чарнігаўскай тэлерадыёкампаніі SVOBODA.FM. Алег Галаваценка зарэгістраваў яе ў 2015 годзе. Да гэтага часу і ад 2001 году ён быў наватарам у частцы стварэньня першага ў Чарнігаве інтэрнэт-выданьня «Высокі вал».

Сёлета ўвосень радыёхваля пачала вяшчаць. Неўзабаве зьявілася ідэя зь беларускамоўнай перадачай. Назвы яна пакуль ня мае, фармат і зьмест абмяркоўваюцца штодзённа, як і пэрсоны тых, хто будзе запрошаны ў якасьці гасьцей. Перадача разьлічаная на адну гадзіну, выходзіць яна будзе штотыднёва.

Алег Галаваценка

Алег Галаваценка

«Трансьляваць праграму плянуем ужо ў канцы лістапада або ў самым пачатку сьнежня. Кантэнт эканамічны, палітычны, культурны. Беларусы, якія сюды прыедуць і пачуюць яе, пэўна, зьдзівяцца. Думаю, што гэта стане для іх стымулам вучыць родную мову».

На пачатку лета Галаваценка запусьціў яшчэ адзін радыёпраект — Air Base (у перакладзе «авіябаза»). Гэта адбылося пасьля шэрагу размоў з байцамі АТА на паўднёвым усходзе Ўкраіны, якія прасілі стварыць «драйвовую» і брутальную радыёхвалю.

Беларус Уладзіслаў Ахроменка — вядоўца

Беларускі празаік і драматург, стваральнік вядомых у Беларусі і за яе межамі раманаў «Тэорыя змовы», «Музы і сьвіньні», а таксама папулярнай п’есы «Дзьве душы» паводле Гарэцкага (разам з Максімам Клімковічам), жыве ў Чарнігаве ўжо амаль 20 гадоў. Тут жа працягвае пісаць творы і займаецца дасьледчай дзейнасьцю ў рассакрэчаных украінскай СБУ архівах, пра вынікі якой распавядае на беларускім «Радыё Рацыя».

Апроч Ахроменкі, які будзе вядоўцам, у штаце рэдакцыі больш няма беларускамоўных журналістаў.

«Ахроменку я ведаю даўно. Выпадкова мы зь ім сустрэліся, пагутарылі. Ідэя нарадзілася натуральным шляхам, неяк адразу. Чалавек ён зьмястоўны, цікавы, грунтоўны. Я прапанаваў весьці праект. Ён з задавальненнем пагадзіўся», — сказаў Свабодзе Алег Галаваценка.

Патэнцыйных слухачоў — 12 тысяч мясцовых беларусаў

У Чарнігаўскай вобласьці жыве больш за мільён чалавек, у самім горадзе каля 296 тысяч. Зь іх прыблізна 12 тысяч — беларусы. Значная частка пражывае ў памежным Беларусі Рэпкінскім раёне. І гэта ня ўлічваючы натоўпаў гомельцаў, якія едуць у Чарнігаў на закупы. Трэба прыгадаць і мясцовае таварыства «Сябры», якое аб’ядноўвае тутэйшых беларусаў.

«Па-першае, Чарнігаў, Сівершчына — самая беларуская мясцовасьць ва Ўкраіне. 90% усіх тутэйшых замежнікаў прыяжджаюць зь Беларусі, з Гомелю. Па-другое, было б варта інфармаваць іх пра жыцьцё ўкраінска-беларускага сумежжа, у тым ліку даваць і эканамічныя зьвесткі — пра мясцовыя паслугі, тавары, зьніжкі. Пакуль адсутнічае такі інфармацыйны блёк. Замест яго чорная дзірка, а таксама міфы, беларусам яны скормліваюцца пра ўкраінцаў, украінцам — наадварот», — кажа Ахроменка.

Галаваценка дапаўняе:

«Я думаю, што такая перадача будзе вельмі актуальнай. Хочам, каб беларусы ўключаліся ў культурны кантэкст мясцовага жыцьця. Беларусы і ўкраінцы не чужыя. Нядобра, калі паміж намі будзе існаваць інфармацыйны бар’ер або нейкія расейскія інфармацыйныя плыні будуць уплываць на нашы стасункі. Патрэбна кантактаваць наўпрост і будаваць паміж намі інфармацыйны масток».

У студыі. Гукарэжысэр Дзяніс Пяняеў

У студыі. Гукарэжысэр Дзяніс Пяняеў

Паводле яго, перадача ня стане менш актуальнай або незразумелай для ўкраінскай аўдыторыі. Моўная і культурная блізкасьць двух народаў, якасны, карысны і ўзаемакранальны кантэнт ня можа не паўплываць на адносіны станоўчым чынам.

Пачуць праграму можна будзе ўжо адразу пасьля перасячэньня беларускай мяжы, на ўкраінскім баку. Гэта датычыцца тых, хто едзе сваім аўтамабілем або на агульным аўтобусе і мае радыёпрыёмнік.

Беларуская музыка ўжо гучыць у эфіры

Амаль што ад пачатку эфірнага трансьляваньня SVOBODA.FM яго кіраўнік шукаў музычныя запісы беларускіх выканаўцаў. Дапамаглі з «Радыё Рацыі». Цяпер у эфіры можна пачуць BRUTTO і «Крамбамбулю».

«Думаю, што мы будзем партнэрамі з „Радыё Рацыя“. Было б цудоўна, каб яны далі нам музычныя базы для эфіру».

У захапленьні ад беларускай музыкі гукарэжысэр і музычны рэдактар радыёхвалі Дзяніс Пяняеў:

«Беларуская музыка моцная, драйвовая, яна дужа блізкая настроем да ўкраінскай. Спрабавалі міксаваць музычныя запісы зь іншых краін, але адназначна ня той вынік, не гучыць».

Іна Кардаш для Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG