Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

27-гадовы вэтэран вайны на Данбасе згуртаваў беларускую суполку Чарнігава


У інтэрвію Свабодзе чарнігаўскі беларус Сяргей Багукалец распавядае пра беларускую КДБ-фобію, беларускія Дні Волі ў Чарнігаве і выказвае незадаволенасьць менскай «гаварыльняй».

Сівершчына, дзе Чарнігаў, — мабыць, самы багаты на беларусаў рэгіён ва Ўкраіне. Паводле статыстыкі, тут жыве каля 12 тысяч беларусаў. Шмат хто з тутэйшых усьведамляе сябе этнічнымі беларусамі, нягледзячы на ўкраінскі пашпарт.

Сяргей Багукалец — адзін з найбольш актыўных і ідэйных беларусаў Чарнігава. У свае 27 гадоў ён пасьпеў паваяваць у Луганскім аэрапорце, стаў вэтэранам АТА.

Сяргей прыклаў руку да стварэньня першай беларускай бібліятэкі ў Чарнігаве. Цяпер ён актыўна прасоўвае ў сваім горадзе беларускую культуру. Дзякуючы яму жыхары Чарнігава ведаюць, што такое беларускі Дзень Волі.

«Знайшоў нататкі дзеда і зразумеў, што я беларус»

Нарадзіўся Сяргей у Нямеччыне, былой ГДР, у горадзе Вэймары. Потым сям’я пераехала ва Ўкраіну, у Чарнігаў, дзе Сяргей скончыў школу і гістарычны факультэт пэдагагічнага ўнівэрсытэту.

Яшчэ ў юнацтве ён пачаў цікавіцца генэалёгіяй сваёй сям’і. Знайшоў запіскі дзеда і прадзеда, сямейныя дакумэнты.

«Мой дзед нарадзіўся ў Гомелі, потым доўгі час жыў у Барысаве, дзе займаў пасаду сакратара гарадзкога камітэту КПБ. У 1938 годзе яго арыштавалі і адправілі ў Магадан. У 1942-м яго расстралялі..., — распавядае Багукалец і дадае, што і прадзед яго таксама быў родам зь беларускай зямлі — зь сяла Бучамля тагачаснага Брэст-Літоўскага павету.

Тады я зразумеў, што я этнічны беларус», — пры гэтым вочы апавядальніка натуральна блішчаць.

Апошні раз Сяргей быў у Беларусі ў 2012 годзе. Калі паспрабаваў зноў наведаць сяброў у 2015-м, беларускія памежнікі адмовілі ва ўезьдзе. Верагодна, прычынай была інфармацыя пра тое, што Сяргей быў сябрам «Чарнігаўскай абласной самаабароны Майдана», а таксама УНА-УНСО.

Уезд у Беларусь Сяргею забаронены

Уезд у Беларусь Сяргею забаронены

Мясцовая моладзь сачыла за парадкам у горадзе, дапамагала ўкраінскай Нацыянальнай гвардыі. Паводле слоў Багукальца, калі самаабарону фармавалі і рэгістравалі, рыхтавалі сьпісы ўсіх удзельнікаў, якія пасьля перадавалі ў МУС Украіны.

«Зразумела, што і ў нашым МУС былі здраднікі, асабліва ў 2014 годзе: сьпісы маглі „зьліць“.

Тады я зьвярнуўся ў амбасаду Беларусі, растлумачыў сытуацыю. Мне кажуць: вам жа ФСБ Расеі забараніла ўезд — зь імі і вырашайце. Я гатовы быў судзіцца з гомельскім КДБ і адстойваць сваё права на ўезд. Навошта мне весьці размовы з расейскім ФСБ, калі я еду ў Беларусь? Атрымліваецца, што ў беларускага КДБ і расейскага ФСБ адна база дадзеных».

У Сяргея і цяпер актыўнае жыцьцё. Разам зь мясцовымі актывістамі ён часам зьбірае прадукты, адзеньне, адвозіць гуманітарную дапамогу ў зону АТА. У вольны час займаецца страйкболам, пэйнтболам, парашутным спортам, спартыўным арыентаваньнем.

Беларускі Дзень Волі ва ўкраінскім Чарнігаве

У 2006–2008 гадах у Чарнігаве пачаўся ўсплёск цікаўнасьці да беларускай культуры. Сяргей пачаў шукаць аднадумцаў. Пазнаёміўся з айцом Яўгенам Ордам, карані якога ідуць са знакамітага беларускага роду Ордаў.

«Ён таксама этнічны беларус, і ўсё беларускае яго цікавіць», — кажа Сяргей.

Беларускія кніжкі Сяргея

Беларускія кніжкі Сяргея

Яшчэ на службе ў АТА Багукалец прасіў сяброў зь Беларусі дасылаць яму беларускія кніжкі. Іх скідалі зь верталётаў разам зь іншымі гуманітарнымі грузамі. За час, праведзены ў Луганскім аэрапорце, літаратуры назапасілася шмат. Аднойчы здарыўся пажар, большая частка кніг згарэла, але сёе-тое ўдалося вывезьці. Вывезенае пакідалі ў Кацярынінскай царкве Чарнігава пад апеку айца Яўгена, які арганізаваў першую ў горадзе беларускую бібліятэку. Бібліятэка і цяпер працуе ў будынку царквы. Кніг, як і чытачоў, зь цягам часу прыбывае.

У палявым лягеры зь беларускім сьцягам

У палявым лягеры зь беларускім сьцягам

Багукалец падтрымлівае кантакты з многімі чарнігаўскімі беларусамі, пастаянна шукае новыя сувязі. Некалькі гадоў таму выйшаў на Чарнігаўскае беларускае зямляцтва. Пазьней знаёміўся зь іншымі беларускімі актывістамі — Аляксандрам Ясеньчуком, пісьменьнікам Уладзіславам Ахроменкам, які пераехаў у Чарнігаў на сталае жыцьцё.

«Разам зь імі мы ў 2015 і 2016 гадах ладзілі ў горадзе Дзень Волі. І хоць нас зьбіралася тады няшмат, нашай мэтай была папулярызацыя беларускай культуры сярод украінцаў», — кажа Сяргей.

«Зь бел-чырвона-белым сьцягам я выходзіў на Майдан»

Сяргей з самаробным бел-чырвона-белым сьцягам

Сяргей з самаробным бел-чырвона-белым сьцягам

У хаце Сяргея шмат што нагадвае пра Беларусь. У яго ёсьць беларуская бібліятэчка. На стале — кніга пра гісторыю Слуцкага збройнага чыну. Сяргей выдатна валодае беларускай мовай, дый само чытаньне на беларускай яму ў асалоду. Паўсюль налепачкі з Пагоняй. У пакоі былога АТАшніка шмат пустых гільзаў, аскепкаў мін, вайсковых шаўронаў. Таксама шмат фатаздымкаў. На большасьці зь іх старадаўнія, як быццам узятыя з архіваў, фота ягоных продкаў — дзеда, бацькі, на іншых — сам Сяргей у вайсковай форме з узнагародамі. На цэнтральным месцы — грамата Генштабу Ўзброеных сіл Украіны з надпісам «За мужнасьць, стойкасьць і самаадданасьць пры выкананьні вайсковага абавязку ў АТА».

Вялізны бел-чырвона-белы сьцяг зрабіў сам: знайшоў белае палатно, з балёнчыка з фарбай нанёс чырвоную паласу. З такім самаробным сьцягам Багукалец не адзін дзень выстаяў на Майдане ў Кіеве. На сьцягу — зацёртыя сьляды чыёйсьці крыві.

Сяргей Багукалец на Эўрамайдане

Сяргей Багукалец на Эўрамайдане

Быў добраахвотнікам, потым зноў рваўся на фронт

Толькі скончыўся Майдан, як 18 сакавіка 2014 году ў Чарнігаве абвясьцілі мабілізацыю.

«У той жа дзень я добраахвотнікам прыйшоў у ваенкамат, мяне тут жа накіравалі ў першую асобную танкавую брыгаду. Адправілі ў Луганскі аэрапорт кулямётчыкам. Навыкаў не было абсалютна, паказалі, зь якога боку стаяць за кулямётам», — узгадвае малады ваяр.

Сяргей на Данбасе

Сяргей на Данбасе

З АТА баец вярнуўся зь цяжкімі ўспамінамі. Трагедыю з украінскім ІЛ-76 бачыў на ўласныя вочы.

«Тады тры самалёты заходзілі на пасадку. Першы і другі самалёты пасьпелі сесьці цалкам: і тэхніка, і асабісты склад. Трэці... 49 чалавек загінулі, разам зь лётчыкамі. Гэта былі дэсантнікі 25-й авіябрыгады».

Зь перастрэлкамі і выбухамі, кажа, звыкся. Шкадуе толькі, што ў аэрапорце загінулі яго сябры, а шмат знаёмых сэпаратысты забралі ў палон:

«У 2014 годзе яшчэ не было дзяржаўнай палітыкі па абмене палоннымі, таму гэта ўсё вырашалася на ўзроўні палявых камандзіраў. Мяняліся палоннымі на месцы, апэратыўна і без прыцягненьня штабоў».

Узгадвае Сяргей і спрэчкі з луганскімі сэпаратыстамі:

«Прыяжджалі з Луганску мясцовыя. І пыталіся — навошта вы тут, мы заўсёды да Расеі цягнуліся, там заробкі і пэнсіі добрыя, а вы нас гвалтам трымаеце».

Пасьля аэрапорту ваяра перакідалі ў іншыя раёны Луганскай вобласьці: Новаайдар, Шчасьце і Сватава. Праз год дэмабілізавалі.

У беларусаў на фронце ёсьць «КДБ-фобія»

Баявыя ўзнагароды Сяргея

Баявыя ўзнагароды Сяргея

Сяргей кажа, што пасьля Майдана беларусаў сталі цёпла ўспрымаць ва Ўкраіне.

«У Чарнігаве, у прынцыпе, беларускую моладзь успрымаюць як актыўную і прагрэсіўную. Напэўна, спрыяла і тое, што адным зь першых забітых быў менавіта малады беларус — Міхаіл Жызьнеўскі. Гэтая сьмерць мела шырокі рэзананс».

Паводле слоў Багукальца, цяпер на фронце шмат беларусаў — тактычная група «Беларусь» у складзе Правага Сэктару, беларусы ваююць практычна ва ўсіх добраахвотніцкіх батальёнах — «Азоў», «Айдар», «Данбас», «АУН».

Сяргей мяркуе, што ў АТА нашмат больш беларусаў, чым кажа афіцыйная статыстыка. Прызнаўся, што ў АТА цяжка было заводзіць знаёмства зь беларусамі.

«Пры знаёмстве на фронце зь беларусамі ёсьць тое, што я б назваў КДБ-фобіяй. Яны проста не гавораць зь незнаёмымі, пужаюцца. Калі я сустракаў такіх, я адразу адчуваў — у гэтых дакладна беларускі пашпарт. Яны мяркуюць, што за імі сочаць, што іх здадуць. Быў прэцэдэнт: меў зносіны зь беларусам. Ён казаў, што да ягонай сям’і ў Менску ўжо прыходзілі. У КДБ ведалі, што ён у АТА служыць».

«Больш не жадаю вярнуцца ў АТА. З-за бардаку»

Сяргей перакананы, што ўкраінскую армію сыстэматычна развальвалі.

«Справа ў тым, што Ўкраіне армія не патрэбная была. Тагачасная дактрына Ўзброеных сіл прадугледжвала невялікую кампактную армію, якая можа выконваць міратворчыя місіі. Дый ворагаў у нас не было да 2014 году. А ў 2014-м трэба было праводзіць мабілізацыйныя мерапрыемствы і прызываць даволі шмат людзей — каля 40 тысяч чалавек з усёй Украіны».

Падзяка ад начальніка ўкраінскага Генштабу

Падзяка ад начальніка ўкраінскага Генштабу

Падчас вайсковай службы Багукалец сутыкаўся з рэчамі, якія дагэтуль выклікаюць у яго зьдзіўленьне. Ён прыводзіць некалькі паказальных прыкладаў.

«Чалавек, які служыў у 1992 годзе, прыходзіць у 2014-м на мабілізацыю. Тут аказваецца, што гэта інвалід 2-й групы. Яго ўсё адно прызываюць, адпраўляюць у АТА, а толькі потым разьбіраюцца. Ён паўгода ня можа звольніцца, але і ваяваць ня можа.

Было ў нас шмат афіцэраў, якія калісьці там скончылі ваенныя катэдры. Гэтыя людзі ўсё сваё жыцьцё займаліся прыватным прадпрымальніцтвам, а тут іх прызываюць і даюць у падначаленьне 30 чалавек. А пры гэтым ён можа цукеркамі гандляваць толькі. Такія афіцэры даўно забыліся тэорыю, ня мелі практыкі. Але і зьняць яго таксама не маглі, таму што яго ўжо прызвалі на год».

«Гэтая вайна зацягнецца на дзесяцігодзьдзі»

Сяргей лічыць, што калі пачатак канфлікту ў Данбасе можна было ахарактарызаваць як антытэрарыстычную апэрацыю, то ў канцы 2014 году канфлікт перарос у вайну з замежным праціўнікам — з Расеяй.

«Я памятаю, як ішлі гуманітарныя канвоі з Расеі ў Луганск, а з гэтых машын пачыналіся абстрэлы. Яны казалі, што ўсё гэта як трафэйная тэхніка захопленых частак украінскай арміі. Але на падкантрольнай цяпер сэпаратыстам тэрыторыі такіх „трафэяў“, у тым ліку танкаў, не было. Напрыклад, танкавых брыгад ва Ўкраіне дзьве, адна ў Чарнігаўскай вобласьці. А ў той момант на фронце танкаў украінскіх асабліва і не было. Адкуль у іх танкі і ў такой колькасьці?»

На яго думку, «вайна — гэта апраўданьне ўсіх няўдач Украіны. Напрыклад, правальная энэргетычная палітыка: прабачце, але ў нас вайна. Нізкія сацыяльныя стандарты — зноў вайна. А вось вайна скончыцца — будзем нармальна жыць». І дадае: «Напэўна...»

«Справа ў тым, што вайна ператварылася ў камэрцыю. Таму што ідзе кантрабанда, гандаль палоннымі. Навошта прадаваць нейкі тавар ва Ўкраіну, калі яго можна прадаць утрая даражэй сэпаратыстам? Ёсьць пэнсійны турызм. Усе бабулі езьдзяць атрымліваць пэнсію сюды, бо пэнсія выплачваецца толькі на падкантрольнай Украіне тэрыторыі. Чым даўжэй ідзе вайна, тым даўжэй можна сьпісваць сродкі. Я ня ўпэўнены, што цяпер вайну можна скончыць у тры дні, як пра гэта раней гаварылася».

Сяргей перакананы і ў тым, што Менскія перамовы не прыводзяць да пазытыўных зьменаў.

«Я лічу, што гэта ўсё пустая гаварыльня. Незразумела, з кім Украіна дамаўляецца. Калі, як кажуць у Расеі, яны ня ўмешваюцца ў канфлікт, то чаму мы дамаўляемся пра штосьці з Расеяй? Калі мы прызнаем сэпаратыстаў тэрарыстамі — навошта нам зь імі гаварыць?»

Пакуль жа Багукалец лічыць палітыку афіцыйнага Кіева ў дачыненьні да сэпаратыстаў памылковай:

«Я баюся, што мы рухаемся ў бок таго ж памылковага шляху, які адбыўся паміж Малдовай і Прыднястроўем, калі тая прызнала яго. Усе гэтыя трукі з асобным статусам, асобным парадкам выбараў. Мы пайшлі па прыднястроўскім сцэнары. Зараз сэпаратыстам Украіна прапануе варыянты вырашэньня канфлікту, а там шчыльна заселі расейскія войскі, як у Прыднястроўі расейскія міратворцы. Думаю, што ўсё гэта зацягнецца на дзесяцігодзьдзі».

Іна Кардаш, Чарнігаў, для Радыё Свабода

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG