Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клінтан абагнала Трампа на 1 мільён галасоў. А чаму прайграла?


У Злучаных Штатах працягваецца працэдура падліку галасоў выбарнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах. Паводле зьвестак The Cook Political Report, які адсочвае падлік галасоў, за пераможцу выбараў рэспубліканца Дональда Трампа прагаласавалі 61,226 млн чалавек, за дэмакратку Гілары Клінтан — 62,384 млн. Яшчэ 6,866 млн выбарнікаў аддалі галасы за іншых кандыдатаў.

ЗША традыцыйна падзяляецца на штаты, якія галасуюць за дэмакратаў ці рэспубліканцаў на выбарах (у іх і агітацыя вядзецца традыцыйна квола), а таксама на «штаты, што вагаюцца» — галасуюць па-рознаму ў розныя гады (на іх кідаюць асноўныя сілы ў агітацыі). У тых 13 «штатах, што вагаюцца», за Трампа прагаласавалі 22 млн, за Клінтан — крыху больш за 21 млн.

Яшчэ трывае падлік галасоў у Вашынгтоне (паводле папярэдніх вынікаў, там перамагае Клінтан), Каліфорніі (Клінтан), Мічыгане (амаль нічыя, Трамп абганяе Клінтан на 0,3%) і Юце (Трамп), заўважае Politico.

Але Трампа называюць пераможцам. Чаму?

Выбары ў ЗША на прамыя. Фактычна, выбарнікі абіраюць камісію электараў — аддаюць права галасаваць ад штату некалькім прадстаўнікам штату. Фармальна, Трамп яшчэ не абраны прэзыдэнтам, камісія электараў будзе галасаваць за прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта толькі 19 сьнежня, вынікі іхняга галасаваньня абвесьцяць каля 6 студзеня.

Склад камісіі электараў (а іх 538 чалавек, зь іх 100 сэнатараў) не наўпрост прапарцыйны колькасьці галасоў за кандыдатаў па ўсіх штатах (акрамя Нэбраскі і Мэну). У бальшыні штатаў «пераможца бярэ ўсё»: калі ў штаце перамог кандыдат А, то ўсе галасы электараў ад штату ідуць за кандыдата А, галасы за кандыдата В ня ўлічваюцца.

І ад кожнага штату ў камісію ідзе розная колькасьць электараў. Колькасьць залежыць ад насельніцтва, але не наўпрост. Каліфорнія дае 55 электараў, Тэхас — 38, Флорыда і Нью-Ёрк па 29, а самыя малыя штаты і сталічная акруга Калюмбія — па 3. А насельніцтва, напрыклад, сталічнай акругі ў 58 раз меншае за насельніцтва Каліфорніі. Атрымліваецца, што і вага голасу аднаго выбарніка большая ў меншых штатаў.

Дарэчы, калі б камісія электараў не змагла абраць прэзыдэнта (для перамогі трэба 270 галасоў, Трампу абяцаюць 306), то за кіраўнікоў дзяржавы галасаваў бы Кангрэс.

Электары могуць нават галасаваць не за тых, за каго абяцалі, — тады яны завуцца «нядобрасумленнымі электарамі». У некаторых штатах за гэта няма адказнасьці, у некаторых ёсьць, хоць на практыцы і не караюць. Ды за апошняе стагодзьдзе на кожныя выбары прыходзілася ня больш за аднаго «нядобрасумленнага электара», а ў мінулых стагодзьдзях «нядобрасумленныя» зьяўляліся масава збольшага ў выпадку сьмерці кандыдата ў прэзыдэнты ці віцэ-прэзыдэнты альбо ў выпадку нязгоды з кандыдатурай віцэ-прэзыдэнта.

Гэта ня першы раз, калі пры бальшыні галасоў за аднаго кандыдата перамагае іншы. Такім шляхам у прэзыдэнты прыйшлі Джон Адамс (1824), Рутэрфорд Гэес (1876) і Бэнжамін Гарысан (1888) і Джордж Буш малодшы (2000). Тры зь іх былі рэспубліканцамі, Адамс — дэмакрат-рэспубліканцам (з Дэмакратычна-рэспубліканскай партыі годам пазьней утварылася Дэмакратычная).

Непрамыя выбары ў ЗША крытыкуюць хіба ня кожныя 4 гады, але сыстэма з камісіяй электараў дзейнічае ўжо 228 год.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG