Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ці ведаеце вы, як мне балюча?» — маці памерлага ў СІЗА Ігара Барбашынскага напярэдадні суду над малодшым сынам


Маці братоў Барбашынскіх Галіна Паўлаўна

Маці братоў Барбашынскіх Галіна Паўлаўна

Сёньня ў Слуцкім раённым судзе ўпершыню дасьць паказаньні Іван Барбашынскі, якога абвінавачваюць у зьбіцьці міліцыянтаў.

Ягоны старэйшы брат Ігар памёр 20 верасьня ў камэры Жодзінскага СІЗА № 1, на целе было 17 крывападцёкаў. Цяпер Іван адзін паўстане перад судом пасьля 5 месяцаў зьняволеньня пад сьледзтвам.

Ігар Барбашынскі больш за 20 год прысьвяціў службе ў беларускай міліцыі, атрымаў шэраг дзяржаўных узнагародаў і звольніўся ў званьні маёра з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. Перад тым, як падаць рапарт, ён працаваў на адной з кіруючых пасадаў у Слуцкім ЛПП. На пытаньне, што прымусіла маёра пакінуць пасаду, маці Ігара Галіна Паўлаўна сьцьвярджае, што ў яго «адбыўся нейкі канфлікт» з калегам. Аднак падрабязнасьцяў яна ня ведае.

«Праедзем, таварыш маёр»

Пасьля звальненьня Барбашынскі на пэўны час пераехаў у Менск, дзе ўладкаваўся таксістам, але празь нізкі заробак вярнуўся ў Слуцак. Тут яны разам з малодшым братам Іванам пачалі працаваць у прыватным прадпрыемстве і марылі заснаваць маленькі ўласны бізнэс.

Позна ўвечары 19 сакавіка браты вярталіся дадому з прыдарожнай кавярні. Раптам пад’ехала машына патрульна-паставой службы, уключылася сьвятло фараў, адчыніліся дзьверы і Ігар пачуў: «Праедзем, таварыш маёр».

Ён адмовіўся выконваць загад. Паводле словаў Івана Барбашынскага і лістоў, якія той пазьней даслаў зь СІЗА, са службовага «Собаля» выскачылі трое міліцыянтаў і пачалі зьбіваць Ігара. Малодшы брат Іван заступіўся за яго, пачалася бойка. У выніку братоў зацягнулі ў машыну, павезьлі ў выцьвярэзьнік і склалі адміністрацыйны пратакол за знаходжаньне нападпітку ў грамадзкім месцы.

Паводле братоў Барбашынскіх, падчас паездкі іх працягвалі зьбіваць. Супрацоўнікі ППС Шустэр, Ламейка і Ярашэвіч, якія праводзілі затрыманьне сьцьвярджаюць адваротнае: Барбашынскія зьбілі іх.

Калі гэта праўда, то чаму ніхто зь міліцыянтаў не павярнуў відэарэгістратар у салён і не засьняў бойку? Было б нашмат прасьцей даказаць віну сыноў. Але чамусьці так не зрабілі... — заўважае Галіна Паўлаўна.

Паламаныя рэбры і пабоі

Наступным ранкам Барбашынскія выйшлі зь міліцэйскага ўчастку і адразу накіраваліся ў мясцовы шпіталь, каб зьняць пабоі. Лекар Міхайлоўскі ў аддзяленьні хірургіі зафіксаваў цялесныя пашкоджаньні ў абодвух. У Івана былі паламаныя два рэбры.

Іван і Ігар падалі заяву пра неправамерныя дзеяньні праваахоўнікаў у дачыненьні да затрыманых. А міліцыянты, у сваю чаргу, падалі заяву пра зьбіцьцё з боку Барбашынскіх. Але адміністрацыйны штраф ужо быў сплочаны і канфлікт улагодзілі такім чынам: бакі дамовіліся, што адначасова забяруць заявы і «забудуцца на старое». Браты так і зрабілі, але Шустэр і Ламейка не стрымалі слова. Неўзабаве Ігара і Івана абвінавацілі паводле артыкулу 363.2 Крымінальнага кодэксу «Супраціў супрацоўніку органаў ўнутраных справаў», арыштавалі і зьмясьцілі ў СІЗА № 1 у Жодзіна.

«Ня мог памерці сваёй сьмерцю»

Ігар Барбашынскі

Ігар Барбашынскі

Першае судовае паседжаньне, на якім міліцыянты давалі паказаньні як пацярпелыя, адбылося 9 жніўня. На сьвітанку 20 верасьня Ігар Барбашынскі памёр у СІЗА.

Ён быў абсалютна здаровы малады мужчына, хварэў толькі на прастуду! — Галіна Паўлаўна паказвае мэдычную картку сына. — Што і каму Ігар зрабіў кепскага? Не магу паверыць, ну ня мог ён памерці сваёй сьмерцю. Заўсёды пісаў: «Здароўе добрае, зьядаю усю ежу, што прыносяць»...

Даведаўшыся пра сьмерць Ігара, Іван папрасіў, каб яго пад канвоем даставілі на пахаваньне, аднак кіраўніцтва СІЗА адмовіла, і ён так і не разьвітаўся са старэйшым братам.

У заключэньні судмэдэкспэрта, які праводзіў ускрыцьцё цела, пазначана: яшчэ 29 жніўня Ігар скардзіўся на «кароткатэрміновыя страты прытомнасьці». Пры гэтым астатнія паказьнікі (ціск, пульс, тэмпэратура) былі ў межах нормы. Тады тэрапэўт дыягназаваў нэўрацыркулярную дыстанію — распаўсюджанае функцыянальнае захворваньне, то бок, нічога сур’ёзнага. 16 верасьня Барбашынскі зноў зьвярнуўся да лекара ў СІЗА. Цяпер яго стан вызначаўся як «сярэдняй ступені цяжкасьці». Тэмпэратура падвышаная, скура гарачая. Тэрапэўт ня змог паставіць канкрэтны дыягназ і пакінуў пад пытаньнем вірусную інфэкцыю, пнэўманію і вострае парушэньне мазгавога кровазвароту. Вечарам таго ж дня тэмпэратура паднялася да 39,2. Дзяжурны фэльчар канстатуе: Барбашынскі шпіталізаваны ў рэанімацыю Жодзінскага гарадзкога шпіталю.

Ужо праз тры дні, 19 верасьня, Барбашынскага выпісалі са шпіталю і вярнулі ў СІЗА з дыягназам «энцэфаліт» нявысьветленага паходжаньня. Па вяртаньні турэмны лекар зноў агледзеў яго, пра што сьведчыць дакумэнт:

«Артэрыяльны ціск 110/80. Пульс 74 удары ў хвіліну. Жывот мяккі, бязбольны. [...] Памёр 20 верасьня ў 5:40».

Судовы мэдыцынскі дыягназ

Судовы мэдыцынскі дыягназ

Акрамя ацёку галаўнога і спіннога мозгу, падчас экспэртызы патолягаанатам выявіў 17 кровападцёкаў двух-трохдзённай даўніны ад удару цьвёрдым тупым прадметам. Асноўная частка ўдараў прыйшлася на ўнутраную паверхню каленных суставаў — саму адчувальную частку нагі. На галаве Барбашынскага таксама былі рубцы ад ранаў.

Больш за ўсё я баялася, каб нечага не зрабілі і з Ванем, бо не перажыву гэтага. Таму папрасіла правесьці яму паглыбленае мэдычнае абсьледаваньне ў турме. Напрыканцы кастрычніка атрымала ад Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў ліст, дзе напісана: пры паступленьні ў СІЗА 13 чэрвеня ўжо быў праведзены першасны агляд, і ніякіх скаргаў на стан здароўя ад Вані не паступала, усё было ў норме, — распавядае Галіна Паўлаўна.

У сьвежым лісьце ад 9 лістапада Іван абураецца: днямі яго выклікалі і казалі, што ў Ігара быў ВІЧ. Задавалі пытаньне, ці ёсьць ВІЧ у Івана. Тым часам, адмоўны рэзультат аналізаў Івана на ВІЧ запісаны ў заключэньні, і аналізы былі зробленыя 13 чэрвеня.

Навошта яны так з Ванем? Мы прыстойная сям’я, сыны не вялі адпаведнага ладу жыцьця, каб хварэць на ВІЧ. Маладыя, здаровыя, працавітыя хлопцы. Ігарка майго няма, дык на малодшага пачынаюць псыхалягічна ціснуць?! — аповед маці пераходзіць у ціхі плач.

14 лістапада Івана этапавалі ў Слуцак для суду. Раніцай Галіна Паўлаўна хацела занесьці сыну перадачу, але ёй сказалі прыходзіць а пятай гадзіне вечара.

Увечары прыходжу з пакункам, а на мяне дзяжурны глядзіць вялікімі вачыма і пытаецца: «Чаго Вы прыйшлі?». Толькі з трэцяга разу пагадзіліся прыняць перадачку. Ці ведаеце вы, як балюча? Палову жыцьця нябожчык Ігар аддаў гэтаму дэпартамэнту... А дэпартамэнт вярнуў мне сына ў труне, — плача жанчына.

Пахаваньне Ігара Барбашынскага, 22 верасьня 2016 году

Пахаваньне Ігара Барбашынскага, 22 верасьня 2016 году

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG