Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падазраю, што гэта забойства», — маці памерлага вязьня Ігара Барбашынскага


Ігар Барбашынскі

Ігар Барбашынскі

У Слуцку 22 верасьня пахавалі 39-гадовага Ігара Барбашынскага. Той памёр зь невядомых прычынаў, знаходзячыся пад сьледзтвам у Жодзінскай турме № 8. Разам з братам Іванам Ігара абвінавачваюць у «непадпарадкаваньні міліцыянтам пры выкананьні службовых абавязкаў, супраціве і зьбіваньні супрацоўнікаў РАУС. Іх справу другі месяц разглядае суд Слуцкага раёна».

Маці братоў Барбашынскіх у інтэрвію Свабодзе заявіла, што, на яе думку, Ігара забілі ў турме наўмысна.

— Галіна Паўлаўна, сьмерць Ігара стала нечаканасьцю? Ці былі нейкія прыкметы, што ён хварэў?

— Нам не даюць ніякіх дакумэнтаў, якія б сьведчылі пра тое, што зь ім адбылося. Але ён схуднеў, як Кашчэй Бесьсьмяротны. Мы зрабілі фотаздымак цела ў труне, але зразумела, што публікаваць ня будзем. Але вельмі худы ён быў і на апошнім пасяджэньні суду. Тады ахоўнікі не пусьцілі нас падысьці блізка да сына, але мы з залі на мігах паказвалі Ігару, каб той лепш харчаваўся.

— Ці яго худзізна магла быць зьвязаная з хваробай?

— Не. Як нам учора сказаў судмэдэкспэрт, які рабіў анатамаваньне цела Ігара ў Жодзіне, «усе органы ў яго здаровыя, няма ніякіх парушэньняў». Далейшая экспэртыза будзе рабіцца ў Менску, вынікі — на працягу месяца. Мы перапісваліся з Ігарам, але ён ня скардзіўся на здароўе, хоць у апошнім лісьце, які прыйшоў літаральна за чатыры дні да яго сьмерці, была такая фраза: «Ціск стабілізаваўся». Таксама ў гэтым лісьце ён папрасіў, каб я перадала яму харчы. Быў пералік таго, што ён хацеў. Мы нават пасьпелі паслаць пасылку. Але, відаць, ён яе ўжо не атрымаў...

— Чаму ён мог так схуднець?

— Цяжка сказаць. Ігару было 39 гадоў, ён быў здаровы, маёр у адстаўцы, займаўся спортам. Я ня ведаю, што здарылася. У мяне ёсьць падазрэньне, што яго ліквідавалі, ён камусьці перашкаджаў.

— Чаму вы так лічыце?

— Я так лічу, бо ведаю, як яго затрымлівалі. Гэта адбылося 19 сакавіка. Ігар разам з братам Іванам вярталіся дадому пасьля наведваньня кавярні. Гэта было ноччу, пасьля першай гадзіны. Было цёмна, Ігар быў у шапцы, вуліца не асьвятляецца. Адчыніліся дзьверы машыны і прагучала фраза: «Праедзем, таварыш маёр». Адкуль міліцыянты ведалі, што гэта ідзе маёр? Відавочна, што яго адсочвалі, што нешта ладзілася супраць яго.

— Вы лічыце, што гэта магла быць помста, зьвязаная з прафэсійнай дзейнасьцю?

— Так, з майго пункту гледжаньня, гэта нейкая помста. І я лічу, што вінаваты начальнік Cлуцкага РАУС Уладзімер Герэга. Менавіта ён, калі мы зьвярталіся па дазвол для Івана прысутнічаць на пахаваньні брата, сказаў, што я «выхавала кепскага сына». А я жадаю ўсім маці такіх сыноў, якім у мяне быў Ігар. Тады б на сьвеце было менш бясчынства. Я падазраю, што гэта было забойства, што б мне ні казалі. Я думаю, яму нешта зрабілі... Калі мы 22 верасьня забіралі цела Ігара, то ўбачылі, што на лбе ў яго былі ранкі, а на нагах — сінякі.

— Чаму вы маўчалі, калі сыноў затрымалі ў сакавіку?

— Я хацела агучыць гэтую гісторыю яшчэ тады, калі ў Ігара быў сямейны скандал, у выніку якога ягоная цяпер ужо былая жонка не дазваляе нам бачыцца зь 9-гадовай унучкай, хоць рашэньнем суду гэта дазволена. Тады, падчас скандалу, Ігару прыпісалі два артыкулы. На мае памкненьні зьвязацца з журналістамі і расказаць, што адбываецца, Ігар як чалавек вайсковы адказваў: «Мама, гэта гнілая сыстэма, мы нічога не дакажам». Разам з тым пасьля гэтага скандалу ў сям’і Ігар быў вымушаны пакінуць і працу ў органах МУС, не даслужыўшы 23 дні да выслугі гадоў. А на працы ў яго былі мэдалі, пахвальныя лісты, ён быў на добрым рахунку.

— Што адбылося пасьля?

— Пасьля таго, як яго прыбралі з працы як крымінальніка, хоць усе абвінавачаньні былі надуманыя, пачалося нейкае цкаваньне. Нават сябры, зь якімі ён хадзіў у кавярні і лазьню, адвярнуліся ад Ігара. Я думаю, нешта было зьвязана з працай. Ён апошнім часам, калі яшчэ працаваў у органах, саромеўся форму насіць.

— Дзе ён працаваў?

— Меў добрую пасаду ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 3 у Паўлаўцы. Быў дзяжурным там. І часта мне казаў: «Мама, сярод тых, каго да нас прывозяць, ёсьць вельмі разумныя людзі, а ў той сыстэме, дзе я працую, — адна сьмярдзючая гніль».

— Брат Ігара, 35-гадовы Іван Барбашынскі, ня трапіў на яго пахаваньне, бо таксама знаходзіцца ў Жодзінскім СІЗА. Ці ведае ён пра тое, што адбылося?

— Не, напэўна, пакуль ня ведае. Нас жа нікуды не пусьцілі. Цяпер я моцна перажываю, каб і з Ванем такога ня здарылася. Сустрэцца нам могуць дазволіць толькі ў канцы гэтага месяца. Я не ўяўляю, як ён гэта перажыве. Яны былі як сіямскія блізьняты — усюды разам, так разам іх і затрымалі.

— Вы вінаваціце супрацоўнікаў міліцыі ў тым, што здарылася?

— Так. Я бачу, каго сёньня бяруць у міліцыю. Бяруць тых, хто ня хоча працаваць, неадукаваных людзей. І ім даюць дубінкі, пісталеты, газавыя балёны. І яны робяць усё што хочуць. Мой сын гэта разумеў і, відаць, пацярпеў за гэта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG