Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: Памерлага ў турме Ігара Барбашынскага ўдарылі ня менш як 17 разоў


Ігар Барбашынскі

Ігар Барбашынскі

Праваабаронцы цэнтру «Вясна» апублікавалі некаторыя акалічнасьці раптоўнай сьмерці ў Жодзінскай турме № 8 жыхара Слуцкага раёну Ігара Барбашынскага.

39-гадовы Ігар разам з братам Іванам абвінавачваліся ў злосным непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі пры выкананьні службовых абавязкаў, а таксама ў супраціве супрацоўнікам РАУС і іх зьбіцьці. У чэрвені 2016 году братоў Барбашынскіх арыштавалі і да суду зьмясьцілі ў Жодзінскі сьледчы ізалятар. 20 верасьня Ігар памёр у турэмнай мэдчасьці. Брата на пахаваньне не адпусьцілі.

У інтэрвію Свабодзе маці братоў Барбашынскіх расказала, што Ігар Барбашынскі займаўся спортам, да свайго арышту ніколі ня скардзіўся на здароўе. Але ў апошнія дні жніўня, ужо ў сьледчым ізалятары, скардзіўся на кароткачасовыя страты прытомнасьці.

Як паведамляе сайт «Вясны», у сярэдзіне верасьня Барбашынскі падчас мэдычнага агляду паскардзіўся лекару-тэрапэўту на значнае пагаршэньне здароўя: фізычную слабасьць, частыя галавакружэньні, высокую тэмпэратуру і нізкі ціск. Турэмны лекар адзначыў у хворага стан сярэдняй цяжкасьці.

Позна ўвечары 16 верасьня стан Барбашынскага пагоршыўся, дзяжурны фэльчар турэмнай мэдчасьці зафіксаваў паніжэньне артэрыяльнага ціску, высокую тэмпэратуру (вышэй за 39). Ён выклікаў хуткую дапамогу і накіраваў хворага ў Жодзінскую цэнтральную гарадзкую бальніцу з дыягназам: парушэньне мазгавога кровазвароту.

Там Барбашынскі прабыў трое сутак, з 16 па 19 верасьня. Яго абсьледавалі больш грунтоўна і прычынай пагаршэньня здароўя назвалі энцэфаліт неўдакладненай этыялёгіі. Крыху падлячыўшы, у стане сярэдняй ступені цяжкасьці яго вярнулі назад, у турэмную лякарню. А раніцай 20 верасьня Ігар Барбашынскі памёр.

Праваабаронцам стала вядома, што на целе Барбашынскага былі выяўленыя шматлікія цялесныя пашкоджаньні: кровападцёкі на грудной клетцы і на нагах. Гэтыя пашкоджаньні ўтварыліся ад узьдзеяньня цьвёрдага тупога прадмета і мелі тэрмін даўнасьці каля 3 сутак. Колькасьць кровападцёкаў — 17 — адпавядае колькасьці кантактаў з прадметам, якім былі нанесеныя траўмы. Таксама былі выяўленыя рубцы на галаве, якія ўзьніклі ад зажыўленьня глыбокіх ран месячнай даўнасьці.

Маці Барбашынскага патрабавала правядзеньня праверкі па факце раптоўнай сьмерці сына і накіравала хадайніцтва ў гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту гораду Жодзіна аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці за неналежнае выкананьне сваіх абавязкаў супрацоўнікаў турмы.

Праверка па справе аб раптоўнай сьмерці Барбашынскага ў мэдчасьці Жодзінскай турмы працягваецца.

XS
SM
MD
LG