Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінэнэрга «чытала ў СМІ», што пытаньне запазычанасьці за газ абмяркуецца на сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным


Беларусь мусіла сплаціць Расеі 281 млн даляраў за газ да 20 кастрычніка. Але іх не пералічылі, хоць беларускі міністар энэргетыкі казаў, што грошы на вяртаньне «недаплаты» зарэзэрваваныя ў бюджэце, ды й старшыня Нацбанку заяўляў, што «няма праблем заплаціць за расейскі газ».

Ці зьбіраецца Беларусь плаціць?

«Уся афіцыйная інфармацыя па гэтых пытаньнях ужо апублікаваная, іншай афіцыйнай інфармацыі няма, — кажа Свабодзе прэс-сакратар міністэрства Жанна Зянькевіч. — Пішуць усе, што пытаньне напэўна будзе разглядацца падчас сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў, гэта я чытала ў СМІ. Таму ўсе чакаюць гэтага».

Сапраўды, сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна мае адбыцца цягам двух тыдняў дзеля таго, каб прыняць рашэньні ў «праблемных аспэктах беларуска-расейскіх дачыненьняў», распрацаваныя ўрадамі дзьвюх краінаў. Якія аспэкты «праблемныя», афіцыйна не паведамлялася.

Тым часам не паведамлялася і пра аднаўленьне паставак нафты на беларускія НПЗ у ранейшых абʼёмах, што абяцала расейская «Транснефть». 28 кастрычніка старшыня «Белнафтахіму» казаў, што канцэрн пакуль у «рэжыме чаканьня» аднаўленьня паставак у ранейшых абʼёмах, з таго часу навінаў не было.

Прэс-сакратарка «Белнафтахіму» Марына Касьцюкевіч паведаміла Свабодзе, што «пастаўкі пакуль не аднавіліся, і больш камэнтароў на гэтую тэму няма».

XS
SM
MD
LG